Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мачышына мова. Ці можа гвалт быць негвалтоўным


Бігборд на вуліцах Горадні. 2012 год
Бігборд на вуліцах Горадні. 2012 год

Што рабіць, каб зло не напала на нас ізноў? Трэба прызнаць яго перамогу, выканаць яго патрабаваньні і забыць, што яно зло. Так беларусы адказваюць на палітыку русыфікацыі.

У камэнтарах пад пастом у фэйсбку паважанага Пётры Садоўскага пад няўцямным нікам я каторы раз сустрэў думку, што моўная сытуацыя ў Беларусі «склалася аб’ектыўна», таму яе трэба прыняць і зь ёй працаваць:

«За апошнія 70 гадоў большасьць насельніцтва сёньняшняй Рэспублікі Беларусь больш-менш дабравольна (адкрытага гвалту, як і актыўнага супраціву не было) зрабіла выбар перайсьці на расейскую мову. Цяпер расьце ўжо 3-4 пакаленьне тых, для каго матчына мова — расейская. Беларускамоўныя беларусы складаюць меншасьць у сваёй краіне… Ужо не працуюць тыя крытэры, якімі карысталіся Багушэвіч і Карскі: „Беларусь — там, дзе размаўляюць беларускаю“… Ня трэба аглядацца на ўсю гэтую „дэмакратычную хеўру“. Дамоўцеся сьпярша з тымі мільёнамі „этнічных беларусаў“, што афіцыйна запісалі расейскую як сваю родную мову. Пытаньне, як адным беларусам паразумецца зь іншымі… Ці ўвогуле хочуць і гатовыя расейскамоўныя беларусы лічыцца і дамаўляцца з беларускамоўнымі? Ці іх збольшага задавальняе, як яно ўсё ідзе апошнія 70-80 год?»

Сымбалічна, што гэткі «негвалтоўны» пасыл прагучаў у дні, калі беларусы згадвалі сваіх расстраляных паэтаў, калі ў 1937 годзе ў Менску чэкісты забілі больш за сотню прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі. Між тым, масавыя расстрэлы і ссылкі ў Сібір бальшавікі чынілі на працягу ўсіх 1930-х гадоў і па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Хто быў ахвярай? Тыя, хто рабіў Беларусь беларускамоўнай. Колькі іх было ўсяго? Тысяча? 10 тысяч? Леанід Маракоў называў лічбу 100 тысяч. Выглядае, што столькі і трэба было забіць, каб зьнішчыць само памкненьне да беларускамоўнай Беларусі і сказаць, што ўсё адбылося негвалтоўна і без супраціву…

Галакосту магло «ня быць»

Мае габрэйскія раўналеткі распавядалі мне, што ў іх сем’ях ім у дзяцінстве ніколі не расказвалі пра Галакост. Гэта была цалкам забароненая тэма

І калі б не заграніца, яны б і сёньня ня ведалі. Старэйшыя не хацелі траўмаваць псыхіку дзяцей дый проста баяліся пра гэта думаць. Праўда прыйшла пазьней і з шырокага сьвету. Пра беларускамоўных, выглядае, праўда так і не дайшла, яна — у сакрэтных архівах КГБ. І ня толькі пра 1930-я.

Адразу пасьля вайны новая моладзь, галоўным чынам у пэдвучэльнях, пачала ствараць падпольныя арганізацыі (Саюз беларускіх патрыётаў, Чайка — далей ізноў усё ў архівах КГБ), галоўнай мэтай якіх было вяртаньне беларускай мовы. Іх лавілі ізноў па ўсёй краіне, прысуды былі 25 гадоў лягераў. Як вы думаеце, чаму тыя архівы дагэтуль наглуха закрытыя? Бо яны хаваюць таямніцу «негвалтоўнасьці» і «добраахвотнасьці».

Пасьля яшчэ натуральным чынам беларускай заставалася вёска. Горад прыняў вялікую колькасьць прысланага з Расеі начальства. І ўжо за Машэравам у гарадах Беларусі не засталося ніводнай беларускай школы.

Усё, як і раней, адбывалася «негвалтоўна» і «добраахвотна». З адным дадаткам — страхам, што добра памятаўся з тых расстрэлаў і арыштаў. Гэты страх раўнамерна скаваў усю Беларусь. Увогуле, людзі, як правіла, не героі, асабліва калі герояў панішчылі. Страх, ліпкі і паскудны, вымотвае душу і ўрэшце чалавек пачынае шукаць яму заменьнікі, а сабе апраўданьне. Самы распаўсюджаны заменьнік — добраахвотны пераход на расейскую. Хоць нават у дзяцей і ўнукаў гэта ўсё адно заставаўся той самы страх і капітуляцыя. А разуменьне вялікай здрады так ці інакш даходзіла да кожнай новай нябітай моладзі.

Калі ў пачатку 1980-х наша «Майстроўня» ладзіла ў Менску ў Купалаўскім сквэры масавае сьвята Гуканьне вясны, мы ў народных строях сьпявалі даўнія народныя песьні. І да нас падыходзілі дарослыя людзі, жанчыны найчасьцей, і пыталіся напаўголасу: «Скажите, а это законно?» Законна — што? Беларуская мова, на якой моладзь размаўляе несанкцыявана, без дазволу…

Гуканьне вясны ад «Майстроўні» каля помніка Янку Купалу ў Менску. 1983 год
Гуканьне вясны ад «Майстроўні» каля помніка Янку Купалу ў Менску. 1983 год

«Індульгенцыя» ад Хрушчова

Але вярнуся яшчэ ў пасьлясталінскія часы. Тады, у 1959 годзе ў Беларусі адзначалі 40-годзьдзе БССР і на ўрачыстым прыёме з гэтай нагоды, дзе прысутнічаў савецкі лідэр Хрушчоў, першы сакратар ЦК КПБ Мазураў выступіў па-беларуску. Хрушчоў абурыўся: чаму не па-расейску? У наступны свой візыт у Менск ён заявіў, што беларусы будуць першыя жыць пры камунізьме, бо адмовіліся ад беларускай мовы. Гэта быў выразны сыгнал — дазвол лічыць русыфікацыю негвалтоўнай і добраахвотнай. Працягваючы паралель, гэта было як дырэктыўнае прызнаньне, што ніякага Галакосту ў Беларусі не было.

Адгэтуль і пачаў фармавацца той тып «рускамоўнага беларуса», пра якога піша камэнтатар Пётры Садоўскага. Таго беларуса, які яшчэ падумае, ці размаўляць яму зь беларускамоўным беларусам і пра што. Бо ён сам ужо, лічы, і не беларус, адрозьніць яго ад расейца няма як.

Ніколі і ні ў якіх умовах народ не мяняе сваю мову на чужую негвалтоўна і добраахвотна. Кожны народ беражэ сваё да апошняга. Ніколі і нідзе русыфікацыя не адбывалася негвалтоўнай і без супраціву, бо гэта б супярэчыла самой прыродзе нацыі.

Пасьля той заявы Хрушчова выцясьненьне беларушчыны пачалося без усякага сораму. Камуністы з асаблівым цынізмам выяўлялі і нэўтралізавалі па ўсёй краіне нязгодных з такой моўнай палітыкай. Вядома ж, пра гэта не пісалі, і мы ведаем хіба што пра самыя яркія «пагромы» ў акадэмічным асяродку ці пра звальненьне з унівэрсытэтаў студэнцкай групы Алеся Разанава, ці пра выгнаньне Алега Бембеля з Акадэміі навук пасьля выхаду ягонай кнігі «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс»… Супраціў адбываўся ізноў жа па ўсёй краіне, а ў адказ чыніўся гвалт.

Тым часам міністар замежных справаў СССР беларус Грамыка, быў прызначаны старшынём ВС СССР, стаў «русским», то бок ужо пры Гарбачове пазначыў новы вэктар разьвіцьця: беларус павінен ня толькі гаварыць па-расейску, але і перапісацца на расейца. Тым ня менш, гэтая здрада ўжо ня мела посьпеху, бо пачалася перабудова і Грамыкаў учынак застаўся на самоце, як ягоны бюст на яго радзіме — у адселеных пасьля Чарнобыля Вялікіх Грамыках пад Гомлем.

Забягаючы наперад, заўважу, што «вэктар Грамыкі» ажыве ў Беларусі пасьля 2020 году, літаральна сёньня, і будзе раскручвацца дзейным рэжымам з усёй сілай.

Аднадзённая газэта «Дзень Волі’90»
Аднадзённая газэта «Дзень Волі’90»

А тады, у перастройку, Беларусь самахоць агарнуў сапраўдны беларускамоўны рух. І калі з прымітыўных спосабаў памнажэньня стала магчыма друкаваць газэты ў нармальных друкарнях, мы зь сябрамі выдалі аднадзёнку «Дзень Волі’90», дзе быў верш — прамы адказ на хрушчоўскую «індульгенцыю» беларусам:

Але калі адрозьненьням — канец,

І нарачэцца прыгажосьць — няважнай,

І наша мова стане лішняй — мне

Тады ня трэба камунізмаў вашых.

Пра «вэктар Грамыкі» нядаўна прыгадаў у сваім фэйсбуку Міхась Скобла. Гаворка пра тое, што выкрэсьлівала цэнзура ў творах Уладзімера Караткевіча:

«Нямала пацярпела ад цэнзуры і „Ладзьдзя Роспачы“ — скарачэньняў і правак там безьліч. Напрыклад, Сьмерць гаворыць галоўнаму герою Гервасію Выліваху: „Ты зноў папаўся, беларус“. У цэнзураваным тэксьце засталося: „Ты зноў папаўся“. Ці — Сьмерць зьвяртаецца да Гервасія: „Больш за ўсё я не люблю прыходзіць за беларусамі, яны такія прагныя да жыцьця“. У папраўленым тэксьце — „больш за ўсё я не люблю прыходзіць па такіх, як ты“.

Расейская — ня матчына, а мачышына мова

Беларушчына тым і адрозьніваецца ад русыфікацыі, што яна зьява прыродная і праз тое духаўздымная, бо свая. А русыфікацыя — зьява чужая і заўсёды рукатворная, заўсёды за дзяржаўныя грошы, а ў выніку назваць расейскую матчынай мовай — гэта ганьба на ўсе пакаленьні. Гэта мачышына мова. Уявіць сабе, што беларусы пры жывой роднай маці масава, у нацыянальным маштабе добраахвотна перайшлі да мачахі, чужой жанчыны — неверагодна. У такім выпадку заўсёды першае пытаньне: а дзе ж родная маці, куды падзелася, што зь ёй ня так?

Увогуле ўсё тут узыходзіць да абсалютных велічыняў праўды і няпраўды — як камэртон да ўсяго чалавечага жыцьця. Рускамоўны беларус, калі хочаце, жыве толькі часткаю сябе, бо ня мае сваіх уласных, дадзеных яму прыродай інструмэнтаў паўнавартаснага жыцьця.

Кастусь Каліноўскі ня проста так выдаваў сваю газэту па-беларуску, а для народнага шчасьця. Паспрабуйце прачытаць ягоныя словы па-расейску: „Только тогда, народ, заживешь счастливо, когда над тобой уже москаля не будет“. Не пераварыць гэтага, не дакапацца тут ніякага сэнсу. Хоць у арыгінале ўсё гучыць больш чым актуальна. Атрымліваецца, два народы жывуць зь неспалучальнымі задачамі пры тым, што, аказваецца, у рускамоўных… ніякіх задач і няма.

Сёньня нічога не зьмянілася: ні гвалтоўная русыфікацыя, ні актыўны супраціў ёй. Рэжым рыхтуе далучэньне Беларусі да Расеі, ператварэньне беларусаў у расейцаў. Словы „Беларусь“ і „беларусы“ спакваля сьпіхваюцца ў разрад недазволеных. Саша Філіпенка выходзіў сабе па-расейску і выходзіў, а выйшаў па-беларуску — трапіў у бан. А за што забаранілі „Айчыну“ Уладзімера Арлова? За тое, што не „Отчизна“ — з адпаведнымі героямі. А канал „Будзьма дзецям“ за што? Ці могуць забараніць „В лесу родилась елочка?“ Не. І што гэта як ня гвалт? Ці ён настолькі звыклы, што на яго ўжо не зьвяртаеш увагі?

У пачатку 1990-х? Калі беларуская мова была абвешчана адзінай дзяржаўнай, можна было чакаць пратэсты. Усё ж 10 адсоткаў насельніцтва былі расейцы і сярод беларусаў ужо хапала прыхільнікаў „добраахвотнае“ русыфікацыі. А галоўнае — пратэставаць ніхто не забараняў. Але ніякіх рэзанансавых пратэстаў не было. І, трэба разумець, ніколі ня будзе ва ўмовах свабоды.

Словам, у нас каторы раз палеміка праўды і хлусьні ці, як казаў Янка Купала, праўды і здрады. Але пачынаць трэба з агучваньня праўдзівых фактаў адкрытага гвалту і актыўнага супраціву. Толькі, баюся, сьпіс будзе такі доўгі, што часу і сіл на палеміку ўжо не застанецца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG