Кінапраект пад назвай «Дзікае паляваньне караля Стаха» паводле аднайменнага славутага твору Ўладзімера Караткевіча атрымаў грашовую падтрымку ад Польскага інстытуту кінамастацтва, піша Тарас Тарналіцкі на «Еўрарадыё».
Паведамляецца, што цяпер праект на раньняй стадыі — перапісваюць сцэнар, распрацоўваюць творчую канцэпцыю, шукаюць актораў і мясьціны.
«Я маю правы на экранізацыю поўнамэтражнага фільму і сэрыяльнай вэрсіі. Што да самога праекту, то ён яшчэ ў самым пачатку, — расказаў выданьню беларускі рэжысэр Аляксей Раковіч. — Мы выйгралі конкурс толькі на распрацоўку сцэнару. Таму ідзе марудная праца для арганізацыі супольнай вытворчасьці. Паралельна мы з маімі польскімі і беларускімі калегамі ствараем другі чарнавік літаратурнага сцэнару. Ёсьць кантракт зь нямецкай і польскай кінакампаніямі».
Паводле Аляксея Раковіча, згоду на ўдзел у праекце яму далі «два вядучыя эўрапейскія акторы», але агулам пра акторскі склад пакуль размаўляць рана, бо ён будзе залежаць «ня толькі ад рэжысэрскага бачаньня, але і ад удзелу вялікага капіталу».
Як вынікае з апублікаванай справаздачы 4-й сэсіі пра падрыхтоўку кінапраектаў і распрацоўку сцэнароў, вытворчы бюджэт праекту 90 тысяч злотых, а Польскі інстытут дафінансуе яго яшчэ на 40 тысяч злотых. Сцэнарыстамі фільму пазначаныя Аляксей Раковіч, Яцэк Васілеўскі і Дзьмітры Багаслаўскі. Раковіч таксама выступіць рэжысэрам праекту.
Як піша польскі прадусар і дыстрыбутар Марцін Жукоўскі, які дапамагаў аўтарам аформіць заяўку ў Польскі інстытут кінамастацтва, дзеяньне фільма разгорнецца «на мультыкультурным Палесьсі ў канцы ХІХ стагодзьдзя» і «дазволіць падаць складаныя адносіны паміж рознымі этнічнымі групамі такім чынам, які выходзіць за рамкі звычайных схемаў».
- Аляксей Раковіч — рэжысэр, сцэнарыст і прадусар зь Беларусі, кіраўнік прыватнай студыі R2 Film, якая займаецца стварэньнем кіна-, тэле- і рэклямнай прадукцыі. У партфоліё кампаніі — рэклямныя ролікі пра турыстычны патэнцыял Нясьвіжа, Воршы, Менскага рэгіёну, тэлефільмы пра Ігната Дамейку, Францішка Скарыну, гісторыю беларускай кухні. З кінастужак — «Пікалін эйс» (спартовая драма пра падлеткаў, што гуляюць у валейбол) і непасьпяховая спроба экранізацыі раману Андруся Горвата «Радзіва Прудок» (Міністэрства культуры спачатку падтрымала праект у 2020-м, а пасьля адмовілася яго фінансаваць). Апошнім часам Раковіч пераключыўся на працу ў Польшчы.
- «Дзікае паляваньне караля Стаха» — гістарычны дэтэктыў з элемэнтамі містыкі беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча, апублікаваны ў 1964 годзе. Ён заснаваны на матыве дзікага паляваньня, які сустракаецца ў фальклёры розных паўночна- і ўсходнеэўрапейскіх культураў. Уладзімер Караткевіч выклаў гэтую беларускую народную легенду, абапіраючыся на гістарычныя падзеі. Аповесьць лічыцца клясыкаю беларускае літаратуры.
- «Дзікае паляваньне караля Стаха» раней экранізаваў у 1979 годзе рэжысэр Валер Рубінчык на кінастудыі «Беларусьфільм». Яна атрымала некалькі міжнародных узнагародаў. Аднак самому Караткевічу гэтая адаптацыя ня вельмі спадабалася, бо ў фільме амаль цалкам бракавала аднаго з ключавых матываў твору — смутку аб лёсе беларускага народе.
- Таксама пасьпяховую пастаноўку рамана ў якасьці опэры ажыцьцявіў у 2023 годзе кіраўнік Беларускага свабоднага тэатру Мікалай Халезін. Музыку для гэтай вэрсіі напісала кампазытарка Вольга Падгайская, лібрэта стварылі Мікалай Халезін і Андрэй Хадановіч. Халезін таксама выступіў рэжысэрам разам з жонкай Натальляй Калядой. Прэм’ера праходзіла на сцэне Barbican Theatre з 14 па 16 верасьня 2023 году. Пазьней опэра была намінаваная на найвышэйшую брытанскую тэатральную прэмію. У студзені 2024 года Мікалай Халезін быў уганараваны ордэнам Брытанскай імпэрыі за ўнёсак у тэатральнае мастацтва.
Форум