— У Беларусі зьмянілі парадак разьліку за жыльлёва-камунальныя паслугі для «не занятых у эканоміцы» грамадзян, якіх у прапагандзе называюць «дармаедамі». Многія беларусы атрымалі квітанцыі за кастрычнік 2025 году з значна большымі сумамі. Дагэтуль, калі чалавек, не заняты ў эканоміцы, быў зарэгістраваны ў сваёй кватэры і жыў там не адзін, то павышаныя тарыфы датычылі толькі ягонай долі ў агульным аб’ёме паслугаў. А з 1 кастрычніка, калі ўласьнік жыльля ўключаны ў сьпіс «не занятых у эканоміцы», то ўсе астатнія жыхары кватэры ці дому плацяць паводле павышаных тарыфаў — нават тыя, хто афіцыйна працуе і плаціць падаткі ў Беларусі. Аліса, ці новы раўнд барацьбы з так званымі «дармаедамі» прынясе ўладам эканамічныя дывідэнды?
— Эканамічныя дывідэнды, вядома, прынясе, таму што мы бачым, наколькі сума стала большай. У некаторых «жыроўкі» павялічыліся ў пяць разоў. Але пытаньне тут у іншым. Па-першае, чыноўнікі, беларускія ўлады наўмысна навязваюць паняцьце «незанятых у эканоміцы» людзей, якое па сваёй сутнасьці няправільнае. У Беларусі няма людзей, якія не занятыя ў эканоміцы. Нават калі вы не працуеце і не плаціце падаходны падатак, вы ідзяце ў краму, купляеце тавары, у кошт якіх ужо ўключаны ПДВ. То бок вы плаціце падатак. Дзяржаўны бюджэт фарміруецца больш чым на 80% з падатковых паступленьняў, з грошай, якія плацяць беларусы. Калі чыноўнікі кажуць, што дзяржава субсыдуе — дык хто субсыдуе? Чыноўнікі? Не — людзі плацяць падаткі, і з гэтых грошай субсыдуецца ўсё астатняе.
Другое — трэба разумець, як працуе сыстэма тарыфаў у Беларусі на камунальныя паслугі. Калі фізычныя асобы, паводле сьцьвярджэньня чыноўнікаў, плацяць ня поўны кошт, а ўлічваючы субсыдыі, то юрыдычныя асобы плацяць па патройным тарыфе. Адно кампэнсуе другое. І фактычна нават з дзяржаўнага бюджэту няма неабходнасьці выдзяляць грошы, каб пакрываць суму, якую не даплачваюць фізычныя асобы — у адрозьненьне ад таго, што кажуць чыноўнікі. І яшчэ адно: ці прынясе гэта чыноўнікам фінансавы плюс? Вядома, прынясе, бо ў іх банальна няма грошай.
Калі зірнуць на дзяржаўны бюджэт і на структуру расходаў, бачна, што штогод выдаткі на ЖКГ зьмяншаюцца. То бок у бюджэце проста няма сродкаў, каб павялічваць фінансаваньне ЖКГ. Пры гэтым трэба рабіць капітальныя рамонты, рамонт прыдамавых тэрыторый, падтрымліваць усе гэтыя службы — у тым ліку і карупцыйныя схемы, на якіх яны працавалі дзесяцігодзьдзямі: калі адна і тая ж плітка перакладаецца трыццаць разоў, трубы пракладваюцца няправільна, бо хтосьці на гэтым зарабляе і г. д. І ёсьць велізарная колькасьць людзей, занятых у сыстэме ЖКГ, якія не прыносяць ніякай карысьці грамадзянам. З гэтым таксама зьвязана стаўленьне ўладаў да таварыстваў уласьнікаў: у выпадку іх існаваньня ўласьнікі маглі б наўпрост заключаць кантракты з электрасеткамі, водаканаламі, без пракладкі ў выглядзе ЖКГ, і аплачваць тарыфы без пасрэднікаў.
Яшчэ адзін важны момант — як наогул фарміруюцца тарыфы і па якой формуле. Да гэтага часу нідзе ў адкрытых крыніцах няма гэтай інфармацыі, і нават эканамістам немагчыма зразумець, як праводзяцца разьлікі. І, вядома, узьнікаюць пытаньні да коштаў, бо ў краіне існуе манаполія, і вы не можаце выбраць іншага пастаўшчыка, нават калі цэны завышаныя. Напрыклад, кошт электраэнэргіі вырас больш як на 11% толькі за апошні год. Тады ўзьнікае пытаньне: навошта мы будавалі атамную электрастанцыю? Чаму беларусам абяцалі, што кошт электраэнэргіі зьнізіцца? Такім чынам можна прыводзіць мноства аргумэнтаў супраць павышэньня тарыфаў. І тое, што ўлады цяпер павышаюць тарыфы для так званых «дармаедаў», — гэта першы крок да павышэньня тарыфаў для ўсіх беларусаў. І, як заявілі ўлады, да 2030 года яны плянуюць перавесьці аплату камунальных паслуг на 100% для ўсіх.
Пры гэтым яны спасылаюцца на тое, што «так у Эўропе». Але тут варта нагадаць, што розьніца паміж сярэднімі заробкамі ў Эўропе і ў Беларусі — велізарная. Таму беларускім чыноўнікам хочацца сказаць: калі ласка, спачатку выраўняйце сярэдні заробак у Беларусі да сярэднеэўрапейскага, а ўжо потым размаўляйце пра павышэньне тарыфаў. І, калі ласка, стварыце агульны рынак, дзе ёсьць канкурэнцыя, дзе пастаўшчыкі камунальных паслуг, вывазу сьмецьця, электраэнэргіі і г. д. У ЭЗ змагаюцца за спажыўца і ўсталёўваюць кошты зыходзячы са попыту, а не так, як цяпер у Беларусі пад умоўнай дзяржаўнай манаполіяй.
Форум