Напачатку артыкулу Ціханоўскі цытуе Лукашэнку, які сустракаўся зь палітвязьнямі ў СІЗА КДБ восеньню 2020 году: «Палітыка — гэта брудная справа! Ты мусіў быць гатовы да ўсяго! Ніякіх правілаў!»
Ціханоўскі згадвае, што тады Лукашэнка размаўляў пяць гадзін без перапынку, што вязьняў па сфабрыкаваных абвінавачваньнях у пакоі было дванаццаць, «двое зь іх былі кандыдатамі ў прэзыдэнты». Удакладнім, што Ціханоўскі афіцыйна ня быў кандыдатам на прэзыдэнта. Праз ягоны арышт ягоная жонка Сьвятлана зарэгістравала ініцыятыўную групу па вылучэньні, а потым стала кандыдаткай на прэзыдэнта. Палітвязень Віктар Бабарыка быў прэтэндэнтам на кандыдата на прэзыдэнта да яго арышту.
«Я адмовіўся паціснуць руку зладзею. Я адмовіўся прасіць памілаваньня. За гэта я атрымаў амаль 20 гадоў», піша Ціханоўскі.
Былы палітвязень піша, што «калі б не нестандартная дыпляматыя прэзыдэнта Дональда Трампа», ён бы не пісаў пра гэта цяпер.
Ціханоўскага піша, што пасьля амаль пяці месяцаў на волі ён спрабую зразумець сьвет, у які вярнуўся. Паводле яго, «стары глябальны парадак разваліўся». Былы палітвязень крытыкуе пазыцыю адміністрацыю Байдэна ў вайне Расеі супраць Украіны: «дапамога прыходзіла мала і позна; зброю давалі па кроплі, і Украіне пастаянна паўтаралі не наносіць удары па мэтах унутры Расеі». Паводле Ціханоўскага ў выніку «Ўкраіна ня можа выйграць на полі бою, але яшчэ можа выйграць дыпляматычна».
«Перамога ў міры патрабуе творчага дзяржаўнага кіраўніцтва і яснай стратэгіі. Злучаныя Штаты павінны аднавіць спалучэньне стрымліваньня і ўзаемадзеяньня, якое калісьці вызначала пасьпяховае амэрыканскае лідэрства... Было б справядліва, каб Эўропа ўзяла на сябе больш адказнасьці за свой усходні фронт, асабліва калі ЗША перагружаныя ў іншых рэгіёнах. Але без амэрыканскага лідэрства Эўропа ўсё яшчэ не можа дзейнічаць з адзінствам і рашучасьцю», піша Ціханоўскі.
Блогер камплімэнтарна выказваецца наконт прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа: «Без яго барацьба за заходнюю цывілізацыю была б у значна большым бязьладзьдзі. Інстынкты Трампа — наўпроставае ўзаемадзеяньне, дакладна разьлічаны ціск і транзакцыйная дыпляматыя — менавіта тое, што патрабуе момант».
Гаворачы пра Беларусь, Ціханоўскі адзначае, што «Занадта доўга Захад успрымаў Беларусь як шэрую буфэрную зону паміж Расеяй і NATO — невялікую краіну без асаблівай важнасьці».
Блогер крытычна выказваецца пра дэмакратычныя сілы Беларусі: «Паведамленьне ад беларускай апазыцыі цягам апошніх пяці гадоў было ясным: „Выратуйце нас. Дапамажыце прыбраць дыктатара. Дазвольце нам далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу і NATO“. Гэта наіўна». Паводле яго «жорсткая праўда ў тым, што Беларусь не далучыцца да NATO або ЭЗ найбліжэйшыv часам».
Ціханоўскі лічыць, што «Захаду трэба перастаць бачыць Беларусь як поле бітвы паміж Расеяй і NATO. Замест гэтага варта ўспрымаць яе як краіну, якая можа — калі ёй дапамагчы — знайсьці ўласны шлях да нацыянальнай самастойнасьці і паступовай эўрапейскай інтэграцыі без ваеннай канфрантацыі».
Паводле блогера, адпаведную мадэль прапаноўвае Фінляндыя, і Беларусь можа ісьці падобным шляхам.
Ціханоўскі лічыць, што «ЗША і Эўропа павінны працаваць над доўгатэрміновым плянам для Беларусі», «Беларусь можа стаць краінай, якая не з’яўляецца ворагам ні Захаду, ні Ўсходу — але з’яўляецца сябрам стабільнасьці і прадказальнасьці».
«Цяпер, пасьля пяці гадоў у ізаляцыі, я зразумеў адну простую ісьціну: свабода — гэта не вынік рэвалюцыі; яна вынік стратэгіі», так завяршае публікацыю Ціханоўскі. — Беларусь заслугоўвае стратэгіі. Я заслугоўваю яе. Мой народ заслугоўвае яе. І Захад таксама".
Форум