Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эйсмант расказала, чаму Лукашэнка вызваліў каталіцкіх сьвятароў

Іньяцыё Чэфалья, Генрых Акалатовіч, Анджэй Юхневіч, Юзаф Станеўскі
Іньяцыё Чэфалья, Генрых Акалатовіч, Анджэй Юхневіч, Юзаф Станеўскі

Ксёндз Генрых Акалатовіч і айцец Анджэй Юхневіч былі вызваленыя па просьбе папы рымскага Лева XIV і пры ўдзеле мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Іосіфа Станеўскага, вынікае з заявы прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі Натальлі Эйсмант у эфіры беларускага тэлебачаньня.

У камэнтары, апублікаваным 22 лістапада неафіцыйным тэлеграм-каналам прэс-службы палітыка, Эйсмант паведаміла, што два каталіцкія сьвятары, асуджаныя, паводле яе сьцьвярджэньня, за «зьдзяйсьненьне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць дзяржавы, а таксама іншыя злачынствы», былі памілаваныя 20 лістапада.

Лукашэнка, паводле яе слоў, пайшоў на такі крок «у рамках жэсту добрай волі, кіруючыся прынцыпамі міласэрнасьці і гуманізму, улічваючы стан здароўя асуджаных, а таксама ў мэтах разьвіцьця адносін Рэспублікі Беларусь са Сьвятым пасадам».

  • Аб вызваленьні Акалатовіча і Юхневіча стала вядома 20 лістапада з паведамленьня прэс-службы Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ). З яго вынікала, што гэтаму паспрыяў нядаўні візыт прэфэкта дыкастэрыі па справах усходніх цэркваў, былога апостальскага нунцыя ў Беларусі кардынала Клаўдыё Гуджэроцьці і яго сустрэча з Лукашэнкам. Цяпер вызваленыя сьвятары знаходзяцца ў Ватыкане.
  • Пробашч каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне (Віцебская вобласьць), кіраўнік місіі ордэна аблатаў у Беларусі Анджэй Юхневіч знаходзіўся ў няволі з 8 траўня 2024 года. 30 красавіка 2025 г. сьвятар быў прысуджаны да 13 гадоў пазбаўленьня волі. З раскладу суда вынікала, што яго абвінавацілі па трох крымінальных артыкулах, «якія датычацца палавых адносін з непаўналетнімі».
  • Вернікам удалося даведацца, што Юхневіч «цалкам адмаўляў абвінавачаньні і спрабаваў даказаць сваю невінаватасьць». Па іх жа інфармацыі, абвінавачаньне будавалася на паказаньнях адной ці некалькіх «ахвяр», якія, магчыма, сьведчылі пад ціскам. Па зьвестках, якія дайшлі да вернікаў, у справе сьвятара гаворка ідзе пра падзеі прыкладна 10-гадовай даўніны.
  • Настаяцеля парафіі Сьвятога Юзафа ў Валожыне (Менская вобласьць) Генрыха Акалатовіча затрымалі ў сярэдзіне лістапада 2023 года. У сьнежні 2024-га ён быў прысуджаны да 11 гадоў зьняволеньня за «здраду дзяржаве».
  • Сьвятра, паводле яго ж слоў, абвінавацілі ў «шпіянажы на карысьць Польшчы і Ватыкана». Акалатовіч назваў абвінавачаньне «грубай правакацыяй», падкрэсьліў, што ніколі не быў нічыім шпіёнам, назваў працэс судом у дачыненьні да ўсяго каталіцкага касьцёла ў Беларусі.
  • Па дадзеных праваабаронцаў, якія прызналі абодвух сьвятароў палітвязьнямі, Акалатовіч мае праблемы са здароўем. Раней ён перанёс інфаркт, пакутаваў ад анкалягічнага захворваньня.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG