Адмыслоўцы ў галіне гісторыі і архітэктуры накіравалі лісты ў Міністэрства замежных спраў Беларусі, Нацыянальную камісію ў справах UNESCO, Менскі аблвыканкам у сувязі з разбурэньнем будынка ў буфэрнай зоне аб’екта Сусьветнай спадчыны ў Нясьвіжы.
Сярод аўтараў ліста археоляг, былы начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі, архітэктар-рэстаўратар, дырэктар навукова-праектнага цэнтру «Рэстабіліс» Вадзім Гліньнік, мастацтвазнаўца, гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі, дырэктар фонду «Культурная спадчына і сучаснасьць» Ала Сташкевіч, кандыдат юрыдычных навук Марына Сатоліна.
Што здарылася ў Нясьвіжы
На пачатку красавіка на вуліцы Ленінскай, 12 у Нясьвіжы зьнесьлі двухпавярховы мураваны будынак, датаваны канцом ХІХ стагодзьдзя.
Згодна з архіўнымі зьвесткамі, у пачатку 1900-х сюды засялілася габрэйская школа Тарбут. За савецкім часам у памяшканьнях кватаравалі розныя дзяржаўныя ўстановы. Апошнім часам тут гаспадарыла раённая каапэрацыя з прадуктовай крамай на першым паверсе.
Пазьней будаўнікі сьпілавалі і ўсе дрэвы па пэрымэтры. Адметна, што пашпарта аб’екта на месцы руйнаваньня няма.
Як адзначаюць аўтары ліста, падобнае здарэньне ў горадзе, які мае асаблівы статус у сувязі з наяўнасьцю на яго тэрыторыі архітэктурна-культурнага комплексу рэзыдэнцыі роду Радзівілаў, у 2005 годзе ўключанага ў Сьпіс сусьветнай спадчыны, парушае ня толькі нацыянальнае заканадаўства, а і міжнародныя абавязаньні дзяржавы – удзельніцы Канвэнцыі UNESCO аб ахове ўсясьветнай культурнай і прыроднай спадчыны.
«Асабліва трывожна, што падобныя заганныя зьявы ў надзвычай адметным месцы, якім зьяўляецца Нясьвіж, маюць тэндэнцыю да паўтарэньня, — падкрэсьліваецца ў лісьце. — Варта прыгадаць спрэчнае будаўніцтва гатэлю на вуліцы Гейсіка і рэканструкцыю другога на вуліцы Беларускай, а таксама ўзьвядзеньне фантана на вуліцы Чкалава. Усе гэтыя навабуды сваімі аб’ёмна-вобразнымі асаблівасьцямі разбураюць характар гістарычнага асяродзьдзя, пазбаўляючы яго адметнасьці і прывабнасьці».
У сувязі са зносам будынку №12 па вуліцы Ленінскай адмыслоўцы зьвяртаюць увагу на канкрэтныя парушэньні заканадаўства.
Што парушана пры зносе гістарычнага будынка
Па-першае, аўтары ліста нагадваюць, што, згодна з намінацыйным дасье на аб’ект Сусьветнай спадчыны «Архітэктурна-культурны комплекс рэзыдэнцыі роду Радзівілаў», быў падрыхтаваны праект зонаў аховы гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Нясьвіжу і зацьверджаны пастановай Міністэрства культуры 28 кастрычніка 2004 году. Частка вуліцы Ленінскай, у тым ліку будынак №12, трапіла ў ахоўную зону «Стары горад».
Для гэтай тэрыторыі вызначаны шырокі пералік горадабудаўнічай актыўнасьці: рэстаўрацыя і кансэрвацыя каштоўных фрагмэнтаў архітэктурных і археалягічных аб’ектаў; дэмантаж дысгарманічнай забудовы 1960-1990-х; рэканструкцыя страчаных дамінантаў у іх гістарычных формах; добраўпарадкаваньне тэрыторыі ў адпаведнасьці зь яе гістарычным характарам і некаторыя іншыя.
У той жа час у межах ахоўнай зоны забаронены любое будаўніцтва, якое разбурае гістарычны характар ахоўнай тэрыторыі, земляныя работы без кваліфікаванага археалягічнага нагляду і, што непасрэдным чынам тычыцца будынка на вуліцы Ленінскай, знос аб’ектаў гістарычнай забудовы, узьведзенай да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя.
Па-другое, аўтары зьвяртаюць увагу на парушэньне буфэрнай зоны архітэктурна-культурнага комплексу.
Межы буфэрнай зоны аб’екта Сусьветнай спадчыны — рэзыдэнцыі роду Радзівілаў у Нясьвіжы — супадаюць зь межамі ахоўных зонаў «Палацава-паркавы ансамбаль» і «Стары горад». А значыць, любыя зьмены павінны быць ухваленыя Камітэтам сусьветнай спадчыны паводле адпаведнай працэдуры.
Адмыслоўцы падкрэсьліваюць, што грубае ігнараваньне палажэньняў аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны зьяўляецца сьведчаньнем прававога бязьмежжа і адсутнасьці разуменьня важнасьці гісторыка-культурнай спадчыны ў дзяржаве, падрывае яе прэстыж на міжнародным узроўні. У 2010 годзе Нясьвіж ужо наведвала місія ў складзе экспэртаў UNESCO і ICOMOS, якія вывучалі стан палацава-паркавага ансамбля і захаваньне касьцёла Божага Цела пасьля надзвычайнай будаўнічай актыўнасьці.
Чаго патрабуюць экспэрты
З улікам факту зносу гістарычнага будынка на вуліцы Ленінскай у Нясьвіжы падпісанты зьвяртаюцца да ўладаў і патрабуюць:
- Разгледзець пытаньне аб адказнасьці асобаў, вінаватых у акце вандалізму ў дачыненьні да гістарычнага асяродзьдзя гораду.
- Правесьці нараду з удзелам экспэртнай супольнасьці для выпрацоўкі захадаў належнага ўтрыманьня тэрыторыі буфэрнай зоны аб’екта Сусьветнай спадчыны ў Нясьвіжы.
- Аднавіць дзейнасьць Камісіі кіраваньня аб’ектам архітэктурна-культурнага комплексу рэзыдэнцыі роду Радзівілаў і пры неабходнасьці ўнесьці зьмены ў плян кіраваньня аб’ектам Сусьветнай спадчыны.
- Забясьпечыць аднаўленьне зьнесенага будынка на вуліцы Ленінскай, 12 у адпаведнасьці з нормамі Кодэксу аб культуры, якія тычацца аховы гісторыка-культурнай спадчыны і міжнароднай мэтодыкі аховы культурнай спадчыны, прынятай Міжнароднай радай помнікаў і мясьцін (ICOMOS).