Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства культуры напісала ліст у БПЦ пасьля пэтыцыі пра «маскоўскія цыбуліны» на беларускіх цэрквах


«Абноўленая» капліца ў Сынкавічах, архіўнае фота
«Абноўленая» капліца ў Сынкавічах, архіўнае фота

У адказе на зварот супраць «антырэстаўрацыі» беларускіх цэркваў, які на Petitions.by падпісалі амаль паўтары тысячы чалавек, Міністэрства культуры паведаміла пра ліст да Беларускай праваслаўнай царквы «аб неабходнасьці выкананьня рэлiгiйнымi абшчынамi абавязкаў у сфэры захоўваньня культурных каштоўнасьцей».

Намесьнік міністра культуры Аляксандар Яцко піша, што ягонае ведамства праводзіць выбарачны маніторынг аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, а калі выяўляе парушэньні законаў, разам зь мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі «прымае неабходныя меры» ў прыцягненьні вінаватых да адказнасьці і прывядзеньні помнікаў у адпаведнасьць з гістарычным рашэньнем.

Яцко адзначае, што Мінкульт штогод складае зь мясцовымі ўладамі дзясяткі адміністрацыйных пратаколаў за парушэньні законаў у ахове гісторыка культурнай спадчыны: за 2015 год склаў 58, за 2016-ы — 73, да 2017-ы — 47.

Траецкая царква ў Слоніме з «пазалочанай цыбулінай», архіўнае фота
Траецкая царква ў Слоніме з «пазалочанай цыбулінай», архіўнае фота

У якасьці прыкладу Яцко прыводзіць зьмену форму купалу на гістарычную ў храме ў вёсцы Новы Сьвержань, што ў Стаўбцоўскім раёне, адміністрацыйныя пратаколы за «цыбуліну» Сьвята-Траецкага сабору ў Слоніме і «негістарычныя» работы на фасадах храма ў Валавелі Драгічынскага раёну.

Але адказаў пра ўсе тры дзясяткі аб’ектаў, згаданых у пэтыцыі, няма — у тым ліку няма адказу наконт аб’екту міжнароднага значэньня, Усьпенскага сабору ў Жыровіцах, дзе з іканастаса паздымалі дэкаратыўныя элемэнты, а гістарычныя абразы замянілі на стылізаваныя пад расейскую школу іканапісу.

Чаму на беларускія храмы нацягваюць залатыя «цыбуліны»?

Таксама ў адказе згадваецца, што між міністэрствам і Беларускай праваслаўнай царквой у мінулым лістападзе была падпісаная Праграма супрацы на 2018–21 гады, мэта якой — рэгуляваньне дзейнасьці па рэстаўрацыі культурных збудаваньняў.

Але «з мэтай прыняцьця меры па захаваньні культурных збудаваньняў» міністэрства дадаткова напісала ліст у БПЦ «аб неабходнасьці забесьпячэньня выкананьня рэлігійнымі абшчынамі абавязкаў, вызначаных ахоўнымі абавязальніцтвамі, недапушчэньня страты адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакумэнтальных вартасьцей і навукова неабгрунтаваных зьменаў помнікаў культавай архітэктуры».

Ці значыць гэта, што тром дзясяткам згаданых у пэтыцыі аб’ектаў вернуць гістарычны выгляд і што нейкім чынам пакараюць адказных за неналежныя работы, невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG