Абмежаваньні падоўжаныя ў адпаведнасьці з распараджэньнем польскага ўрада, якое прэм’ер-міністар Дональд Туск падпісаў 18 лістапада.
Як паведамляў «Позірк», пераважная большасьць дэпутатаў Сэйма Польшчы на пасяджэньні 7 лістапада падтрымала прапанову ўрада падоўжыць абмежаваньне права замежнікаў зьвяртацца на мяжы з Беларусьсю з хадайніцтвам пра наданьне прытулку.
Урад тады аргумэнтаваў сваю прапанову тым, што прычыны, з якіх было ўведзенае абмежаваньне, не выпраўленыя: «Нягледзячы на пастаяннае і комплекснае ўзмацненьне сіл і сродкаў, а таксама тэхнічнае забесьпячэньне ў выглядзе мадэрнізацыі агароджы на мяжы з Беларусьсю, захоўваецца міграцыйны ціск значнага маштабу, што робіць неабходным прыняцьце захадаў для стабілізацыі ўнутранай сытуацыі ў Польшчы».
«У выніку агрэсіўных паводзін мігрантаў, якіх актыўна падтрымліваюць прадстаўнікі беларускіх службаў, пагроза бясьпецы супрацоўнікаў і вайскоўцаў, што нясуць службу на ўчастку мяжы з Беларусьсю, захоўваецца», — лічыць орган выканаўчай улады.
На пачатку 2025 года папярэдні прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон, які дазваляе не прымаць заявы пра наданьне міжнароднай абароны на асобных участках мяжы, якія вызначае ўрад. Парлямэнт падтрымаў гэты дакумэнт напрыканцы лютага.
Права замежнікаў прасіць на мяжы з Беларусьсю пра наданьне прытулку было абмежаванае распараджэньнем урада ад 27 сакавіка. Пасьля рашэньне падаўжалася ў траўні, ліпені, верасьні і цяпер — у лістападзе.
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ цягнецца зь вясны 2021 года. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
- Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў ЭЗ праз Беларусь, бо іх туды нібыта «паклікалі».
- Апошняе выказваньне прагучала 28 кастрычніка на ІІІ Менскай міжнароднай канфэрэнцыі па эўразійскай бясьпецы. Палітык заявіў, што ў Беларусі няма прычын, каб «абараняць Эўрапейскі Зьвяз, Эўропу ад мігрантаў».
Форум