Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Катаваньні, гамафобія, сэксізм». У Беларусі зьнялі «першы праваабарончы сэрыял» пра міліцыю


Кадар з сэрыялу «Степаныч»
Кадар з сэрыялу «Степаныч»

Правы чалавека ў Беларусі па-ранейшаму застаюцца вострым пытаньнем. Грамадзкія арганізацыі «Прававая ініцыятыва» і «Дзея» вырашылі крэатыўна падысьці да гэтай праблемы і зьнялі цэлы сэрыял у жанры трагіфарсу — «Степаныч». Пра што ён — стваральнікі распавялі Свабодзе.

Навошта здымалі?

Сябра праўленьня «Прававой ініцыятывы» і выканаўца загалоўнай ролі маёра Сьцяпаныча Сяргей Усьцінаў кажа, што асноўнай мэтай аўтараў было ахапіць праблемы парушэньня правоў чалавека з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў у постсавецкіх краінах.

«Мы выношвалі ідэю вельмі доўга. Зьняць „гаваручую галаву“, якая будзе вяшчаць пра парушэньні правоў чалавека, прасьцей простага. Але такое глядзець ня будуць. Таму мы і абралі фармат мастацкага фільму», — кажа Сяргей Усьцінаў.

Праваабаронца, выканаўца галоўнай ролі Сяргей Усьцінаў
Праваабаронца, выканаўца галоўнай ролі Сяргей Усьцінаў

Сцэнар творчая каманда пісала каля 5 месяцаў, ён ня раз карэктаваўся падчас здымак. Агулам стварэньне сэрыялу заняло 8 месяцаў.

Ці пра Беларусь сэрыял?

Не зусім. Дзеяньне 10 сэрый разгортваецца ў выдуманым горадзе Комску ў Рэспубліцы Комія. Так вырашылі зрабіць, бо правы чалавека ня маюць межаў і агульныя для ўсіх краін. Катаваньні, гамафобія, сэксізм, непрыманьне заяў аб злачынстве — гэта безумоўныя парушэньні правоў чалавека. Стваральнікі паспрабавалі пазьбегнуць асацыяцый з пэўнай постсавецкай краінай. Але прызнаюцца, што цалкам гэта ня выйшла.

Паводле іх, інакш праект можна было б назваць «Будні супрацоўніка паліцыі».

Кадар з сэрыялу «Степаныч»
Кадар з сэрыялу «Степаныч»

Хто здымаўся?

Уся каманда, якая працавала над праектам, складалася з 24 чалавек.

«У нас не было бюджэту, і таму каманда была абмежаваная ў выбары актораў, але намагаліся падысьці з пэўным прафэсіяналізмам. Хтосьці з актораў ужо здымаўся раней, для кагосьці „Степаныч“ стаў першым такім досьведам. Таму, што ў нас не было грошай для ганарараў, я сам быў вымушаны зьняцца ў галоўнай ролі», — кажа Сяргей Усьцінаў.

Сярод пазнавальных твараў — былы сьледчы пракуратуры Фрунзенскага раёну Менску, больш вядомы як праваабаронца, Алег Воўчак, які ўжо пасьпеў зьняцца не ў адным мастацкім фільме на крымінальную тэматыку.

Алег Воўчак (у цэнтры)
Алег Воўчак (у цэнтры)

Сярод такіх дэбютантаў — выканаўца галоўнай жаночай ролі Юлія Швабовіч. Дзяўчына сканчае вучобу ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце па спэцыяльнасьці «Міжнароднае права». Юлія цікавіцца правамі чалавека і супрацоўнічае з «Прававой ініцыятывай». У асноўным дзяўчына дапамагае пісаць скаргі, часьцей за ўсё на адмову ў юрыдычнай дапамозе і на катаваньні.

Выканаўца галоўнай жаночай ролі
Выканаўца галоўнай жаночай ролі

Пробаў у клясычным выглядзе не было — трэба было толькі даслаць некалькі відэа рэжысэру, а яго ўсё задаволіла.

«Насамрэч, атрымалася цікавая сытуацыя: я не акторка і раней нічым падобным не займалася. Але атрымалася, што я стала першай, каго дакладна ўзялі здымацца ў сэрыяле. На той момант нават галоўны актор плянаваўся іншы, а астатнія ролі толькі абмяркоўваліся», — кажа Юлія.

Зоя Нікіціна — маладая паліцэйская
Зоя Нікіціна — маладая паліцэйская

Яе гераіня Зоя Нікіціна — колішняя студэнтка. Яна толькі трапіла ў паліцыю і яшчэ не пасьпела пазнаёміцца з асаблівасьцямі працы. Гэта зусім наіўная дзяўчына, якая верыць у закон, справядлівасьць і хоча ўсім дапамагчы.

«Але з часам асымілюецца і сама ператвараецца ў монстра», — кажа Юлія.

Нягледзячы на нявопытнасьць Юліі, здымкі даваліся ёй нескладана — дапамагалі парады рэжысэра. У сярэднім было ад 5 да 10 дубляў.

Складаней за ўсё ёй давалася сцэна катаваньняў.

«„Катаваць“ трэба было чалавека, які значна вышэйшы за мяне, ды яшчэ і мае нейкую фізычную падрыхтоўку. Выглядала проста сьмешна! Але ў выніку атрымалася лепш, чым я разьлічвала», — кажа акторка-аматарка.

«Мы паважаем сумленных міліцыянтаў»

Па словах стваральнікаў, сэрыял ужо зацікавіў супрацоўнікаў КДБ. Да аднаго з прэтэндэнтаў у рэжысэры прыходзілі прадстаўнікі гэтага органа і цікавіліся сцэнарам, казалі, што ён кампрамэтуе прадстаўнікоў спэцслужбаў. Сам Сяргей Усьцінаў з такім меркаваньнем ня згодны.

«Мы паважаем сумленных супрацоўнікаў праваахоўных структур, якія сапраўды ахоўваюць парадак і ловяць злачынцаў. Але калі гэтая праца пераўтвараецца ў палітычныя перасьледаваньні актывістаў ці калі міліцыянты парушаюць закон — гэта парушэньне правоў чалавека. І менавіта пра такіх паліцэйскіх і зьняты наш сэрыял».

Індыкатарам посьпеху стваральнікі лічаць ня колькасьць праглядаў і лайкаў, а колькасьць людзей, якія пачнуць адстойваць правы чалавека, паглядзеўшы сэрыял.

«Мы хочам, каб наш праект стаў папулярным. Наша мэта — данесьці тэму правоў чалавека да шырэйшага кола людзей. На прыкладах з сэрыялаў мы паказваем, як тыя ці іншыя дзеяньні герояў парушаюць правы чалавека. У канцы кожнай сэрыі ёсьць апісаньне парушэньняў са спасылкай на міжнародныя стандарты правоў чалавека».

Усе 10 сэрый «Степаныча» зьявяцца на YouTube-канале «Прававой ініцыятывы» 1 чэрвеня, адразу пасьля прэзэнтацыі. Таксама сэрыял можна будзе паглядзець у сацсетках.

«Мы гатовыя да крытыкі. Гэта быў наш першы падобны досьвед і, як кажуць, не памыляецца той, хто нічога ня робіць. Потым мы плянуем зрабіць поўнамэтражную вэрсію і адправіць яе на кінафэстывалі».

Прэзэнтацыя сэрыялу «Степаныч» адбудзецца 31 траўня ў прасторы Imaguru.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG