Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для ахаладжэньня гарачых галоваў»: у Менску паказалі тэхніку для разгону пратэстаў. ФОТА


Машына для разгону пратэстаў, якая замяняе 24 міліцыянтаў, і глушыцелі дронаў, якія могуць знаходзіцца за 5 кілямэтраў ад цэлі — такія навінкі вайсковай тэхнікі, якія выкарыстоўваліся на Днях Волі, паказалі на выставе MILEX-2019 у Менску.

Дзень Волі — 2017. Машына «Рубеж»

Падобныя аўтамабілі заўважылі каля праспэкту Незалежнасьці ў Менску перад разгонам пратэстаў на Дзень Волі ў 2017 годзе.

Сакавік 2017 году
Сакавік 2017 году

Гэтая машына прадстаўлена сёлета на вайсковай выставе. Вялікія краты — гэта прыстасаваньне загараджальнага тыпу «Рубеж». Распрацавалі сыстэму на электратэхнічным заводзе «Агат» у Менску.

«У мэтах прафіляктыкі і для падаўленьня масавых беспарадкаў», — напісана на стэндзе.

Максымальная шырыня разгорнутага шчыта — шэсьць мэтраў, вышыня — тры. З мабільнага ў рабочы стан шчыт пераводзіцца за 30 сэкундаў. На машыне ўсталяваныя сродкі гукавога ціску, асьвятляльныя прыборы, страбаскопы, якія ўзьдзейнічаюць на людзей яркімі сьветлавымі ўспышкамі.

Спэцаўтамабіль «Рубеж» можа замяніць працу 24 байцоў спэцпадразьдзяленьняў. Ён створаны з улікам пажаданьняў органаў аховы правапарадку.

«Ва ўмовах правядзеньня несанкцыянаваных мерапрыемстваў аднаго вываду аўтамабіляў спэцыяльнага прызначэньня на вуліцу можа быць дастаткова для ахаладжэньня «гарачых галоваў», — напісана на інфармацыйным стэндзе машыны «Рубеж».

Дзень Волі — 2018. Сродкі супраць дронаў

Вялікая частка выставы прысьвечаная бесьпілётнікам, дронам для спэцапэрацый і асабліва — сродкам барацьбы з дронамі. Журналісты ведаюць, як у 2018 годзе амаль усе, хто спрабаваў здымаць на дроны Дзень Волі каля Опэрнага тэатру, засталіся бяз тэхнікі. Калі дрон уздымаўся ў неба, зь ім адразу гублялася сувязь і дрон зьнікаў. Дагэтуль невядома, хто і куды падзеў усю гэтую тэхніку.

«Гроза-Р»
«Гроза-Р»

У канструктарскім бюро «Радар» распрацаваны цэлы шэраг прыбораў для барацьбы з дронамі. Напрыклад, радыёэлектроннае ружжо «Гроза-Р» можа падавіць навігацыйную апаратуру дрона на адлегласьці 5 кілямэтраў.

13-кіляграмовы апарат «Гроза-О» можа вызначыць дакладнае месца, дзе знаходзіцца апэратар дрона. А комплекс «Купал» усталёўваецца каля аб’ектаў пад аховай, каб выяўляць дроны і перарываць сувязь паміж апаратам і ягоным апэратарам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG