Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар культуры прапанаваў перайменаваць вуліцу, названую ў гонар расейскага тэрарыста


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністар культуры Беларусі Юры Бондар абвясьціў пра намер правесьці конкурс на перайменаваньне вуліцы Халтурына ў Берасьці. Гэтую ідэю на ягоным выязным прыёме прапанавала дырэктарка музэю гісторыі Берасьця Сьвятлана Тамчук.

Спойлер: дакладных даручэньняў Юры Бондар ня даў, у Міністэрстве культуры інфармацыю пра конкурс не пацьвярджаюць.

Як паведаміў Свабодзе начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і спраў моладзі Генадзь Іванчын, для перайменаваньня вуліцы Халтурына неабходна вывучыць грамадзкую думку. Паводле яго, прапанова Юрыя Бондара стала імпульсам, але дакладных даручэньняў міністар ня даў.

Хто такі Сьцяпан Халтурын?

Адзін з кіраўнікоў «Паўночна-расейскага рабочага саюзу».

5 лютага 1880 году Халтурын зьдзейсьніў выбух у Зімовым палацы Санкт-Пецярбургу з мэтай замаху на імпэратара Аляксандра ІІ. Імпэратар не пацярпеў, 11 салдатаў загінулі, 56 чалавек атрымалі раненьні.

18 сакавіка 1882 году ў Адэсе Халтурын удзельнічаў у забойстве пракурора Васілія Стрэльнікава. Праз 4 дні пасьля забойства Стрэльнікава Халтурын і ягоны саўдзельнік былі павешаныя.

Аляксандар ІІ памёр у выніку сьмяротнага замаху 13 сакавіка 1881 году, які ажыцьцявіў нарадаволец беларускага паходжаньня Ігнат Грынявіцкі.

Музэй гісторыі Берасьця рыхтуецца да ўдзелу ў конкурсе Мінкульту

Дырэктарка музэю гісторыі Берасьця Сьвятлана Тамчук узьняла пытаньне аб перайменаваньні вуліцы Халтурына, бо жыцьцё расейскага тэрарыста не зьвязана зь Беларусьсю, пісаў «Вечерний Брест».

Як распавяла Свабодзе Сьвятлана Тамчук, цяпер музэй гісторыі гораду рыхтуе свае варыянты для ўдзелу ў анансаваным конкурсе на прыз міністра культуры. Свае варыянты супрацоўнікі музэю пакуль трымаюць у сакрэце.

Гістарычныя назвы вуліцы Халтурына: Грудок, М. Садоўскага, кажа Тамчук.

Міністэрства культуры кажа, што конкурс не абяцалі

Міністар культуры Беларусі Юры Бондар
Міністар культуры Беларусі Юры Бондар

Атрымаць апэратыўны камэнтар у прыёмнай міністра культуры не ўдалося. Намесьнік міністра культуры Аляксандар Яцко адмовіўся камэнтаваць інфармацыю пра абвешчаны міністрам конкурс.

Юры Бондар не даваў даручэньняў аб перайменаваньні вуліцы, бо гэтым займаюцца мясцовыя ўлады, а не Міністэрства культуры, сказала Свабодзе прэс-сакратарка Міністэрства культуры Ілона Немава. Інфармацыя пра анансаваны конкурс, паводле яе словаў, — гэта інтэрпрэтацыя СМІ.

«Вечерний Брест» даваў цытату міністра культуры з прыёму грамадзянаў:

«Будзем дзейнічаць цывілізаванымі мэтадамі: трэба адкрыць грамадзкае абмеркаваньне па факце перайменаваньня вуліцы і распрацаваць умовы конкурсу на найлепшую новую назву. Найлепшую назву хай таксама вызначаюць гараджане. А пераможца конкурсу атрымае прыз ад міністра культуры Беларусі», — сказаў Юры Бондар.

За перайменаваньне берасьцейскай вуліцы Халтурына берасьцейская арганізацыя «Дзедзіч» зьбірала подпісы яшчэ ў 2009 годзе, пісала «Эўрарадыё». З прапановай аб неабходнасьці перайменаваньня тады пагадзіўся старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук, які назваў асобу Халтурына «адыёзнай». Сярод іншых прапаноўвалася вярнуць вуліцы гістарычную назву «Грудок» ці надаць ёй імя Васіля Быкава. Апошнюю прапанову гарадзкія ўлады ў 2011 годзе адхілілі, патлумачыўшы што імем Быкава назавуць адну з новых вуліц. Па стане на 2018 год вуліца Быкава ў Берасьці так і не зьявілася.

«Мёртвым не баліць»? У Менску і Горадні дагэтуль няма вуліцы Васіля Быкава

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG