Калегія Вярхоўнага суду Беларусі ў апэляцыйным парадку разгледзела скаргі былых аўтараў Regnum Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнкі на прысуд Менскага гарадзкога суду і пакінула іх без задавальненьня. Прысуд — пяць гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на тры гады — застаўся ў сіле.
Пракурор Андрэй Савановіч папрасіў Вярхоўны суд пакінуць прысуд аўтарам Regnum бязь зьменаў, а апэляцыйную скаргу без задавальненьня.
Па словах пракурора, падставы для распачынаньня крымінальных спраў былі, а рашэньне суда першай інстанцыі абгрунтаванае, паведамляе Tut.by.
«Адсутнасьць рашэньняў аб прызнаньні публікацый абвінавачаных экстрэмісцкімі, аб блякаваньні рэсурсаў, дзе яны разьмешчаныя, уключэньне артыкулаў у зборнікі не зьяўляюцца перашкодай для прыцягненьня абвінавачаных да крымінальнай адказнасьці», — заявіў пракурор.
2 лютага Менскі гарадзкі суд прыгаварыў трох аўтараў расейскіх інфармрэсурсаў «Регнум», «Лента.ру» і «Евразия Дейли» да пяці гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на тры гады і вызваліў іх з-пад варты. Выкладчык БДУІР, кандыдат гістарычных навук Юрый Паўлавец, галоўны рэдактар часопіса «Новая экономика» Сяргей Шыптэнка і вартаўнік школы зь Берасьця Дзьмітры Алімкін былі прызнаныя вінаватымі ў распальваньні нацыянальнай варожасьці ў складзе групы асоб. Пры гэтым суд спыніў вытворчасьць у дачыненьні да Шыптэнкі і Паўлаўца паводле абвінавачаньня ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці ў сувязі з адсутнасьцю ў іхных дзеяньнях складу злачынства.
Юрый Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка былі затрыманыя ў сьнежні 2017 году і да працэсу над імі, які пачаўся праз год, а таксама цягам суду знаходзіліся пад вартай.
Да разгляду апэляцыйных скаргаў аўтары пракрамлёўскіх выданьняў Юрый Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка знаходзіліся пад падпіскай аб нявыезьдзе і належных паводзінах.