Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-5 высноваў з прысуду «рэгнумцам»


Зьлева направа: Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін, Сяргей Шыптэнка пасьля абвяшчэньня выраку
Зьлева направа: Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін, Сяргей Шыптэнка пасьля абвяшчэньня выраку

У Менску вынесьлі прысуд блогерам расейскага агенцтва Regnum. Якія высновы?

1. Манаполія на прарасейскасьць

Улада прадэманстравала, што ніхто без наступстваў ня можа яе крытыкаваць. Нават той, хто вонкава за «саюзную» Расею. На дружбу з Расеяй існуе дзяржаўная манаполія.

2. Кара не за абразу беларушчыны, а за абразу ўлады

З «рэгнумцамі» жорстка абышліся — больш за год за кратамі — бо яны крытыкавалі найвышэйшую ўладу РБ. У Беларусі гэта тое самае, што крытыкаваць непасрэдна Лукашэнку. Больш за тое, часам крытыка выглядала адкрытым зьдзекам ці абразай. Было параўнаньне ўлады з нацызмам у адным выпадку і намёк на палітычнае прастытуцтва ў іншым.

3. Абарона беларушчыны ўладай — ускосны вынік

Абразы Беларусі ў гістарычным ды культурным кантэкстах ня мелі б сурʼёзных наступстваў, калі б не былі прывязаныя да ўлады і яе адносін з Расеяй. Зьвінавачаньні ўлады ў падтрымцы нацыяналізму ў выглядзе «мяккай беларусізацыі» сталіся інструмэнтам для дасягненьня мэты – дыскрэдытацыі Лукашэнкі ў вачох расейскіх чытачоў як ненадзейнага партнэра Расеі. Як пабочны пазытыўны вынік: баронячы сябе, улада пачала бараніць беларушчыну як такую.

4. Папярэджаньне інфармацыйнай вайны супраць Беларусі

«Группа лиц» у абвінавачаньні — гэта яшчэ адзін фактар, які ўскосна сьведчыць, што за перасьледам «рэгнумцаў» стаіць штосьці большае, чым уласна тэксты на сайце. Хоць фармальна прапагандыстаў судзілі за распальваньне «нацыянальнай варожасьці», відавочна, што іх публікацыі не былі «капрызам мастака».

Усе трое на розныя лады білі ў адну кропку. А іх непасрэднага кіраўніка Юрыя Баранчыка, масквіча і грамадзяніна Беларусі, які курыруе на Regnumе беларускую тэматыку, афіцыйная Масква беларускаму боку ня выдала. Такім чынам, можна дапусьціць, што зьмяшчэньне за краты мела для ўлады практычны сэнс — дазнацца, хто і што рыхтуе ў магчымай адкрытай інфармацыйнай вайне Расеі супраць Беларусі.

5. Красамоўнасьць маўчаньня грамадзтваў у Расеі і Беларусі

Ад сьнежня 2016, калі затрымалі «рэгнумцаў», Расея практычна маўчала на розных узроўнях. Пра справу пісаў уласна Regnum ды пара афіляваных зь ім СМІ. Не было абураных лістоў «дзеячоў культуры» ці заяў буйных грамадзкіх арганізацый, чый профіль «уставаньне з кален» і «величие России». Што лішні раз сьведчыць пра тое, што ў Расеі «грамадзкасьць» абураецца ці падтрымлівае па камандзе зьверху.

Але самае галоўнае, што не было хоць якога заўважнага абурэньня ў Беларусі, як, напрыклад, у выпадку з Эдуардам Пальчысам ці фігурантамі «Справы патрыётаў», якіх нацыянальна арыентаваная публіка падтрымлівала вельмі актыўна. Вынікае, што ўсе размовы пра нейкую «прарасейскасьць беларусаў» — мыльны пухір.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG