Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дабіваемся апраўданьня». Асуджаныя аўтары «Рэгнума» абскардзілі прысуд у Вярхоўным судзе


Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін, Сяргей Шыптэнка ў судзе адразу пасьля вызваленьня з-пад варты 2 лютага
Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін, Сяргей Шыптэнка ў судзе адразу пасьля вызваленьня з-пад варты 2 лютага

Аўтары пракрамлёўскага агенцтва «Рэгнум» Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка падалі ў Вярхоўны суд скаргі па прысуд, які ім вынес Менскі гарадзкі суд 2 лютага. Пра гэта Свабодзе сказаў Юры Паўлавец, які даслаў скаргу апошнім з трох.

«Таксама адправіў скаргу. А што рабіць, не пагаджацца ж з такім абсурдным прысудам? Намер быў даказаны не судом, а экспэртамі, групу асобаў прыдумалі абсалютна бяздоказна, аб’яднаўшы ў групу фактычна незнаёмых людзей. Будзем дабівацца апраўданьня», — сказаў Юры Паўлавец.

Раней у мэдыях зьявіліся зьвесткі, што скаргу на прысуд падаў Дзьмітры Алімкін. Паводле Юрыя Паўлаўца, абскардзіў прысуд Менгарсуду і Сяргей Шыптэнка, але ў яго асабіста гэта спраўдзіць не ўдалося.

Калі адбудзецца разгляд скаргі, Юрыю Паўлаўцу невядома.

«На гэта закон дае тры месяцы, але разьлічваем на канец вясны ці нават лета. Раней, відаць, нічога ня будзе. Паглядзім».

Юры Паўлавец выходзіць з суду 2 лютага
Юры Паўлавец выходзіць з суду 2 лютага

Аўтараў агенцтва «Рэгнум» Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнку Менскі гарадзкі суд прызнаў вінаватымі ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці ў складзе групы і асудзіў на 5 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 3 гады. Ад абвінавачаньня ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, якое таксама выстаўлялі Юрыю Паўлаўцу і Сяргею Шыптэнку, пракурор падчас працэсу адмовіўся. Ніхто з абвінавачаных аўтараў «Рэгнума» на судзе не прызнаваў сябе вінаватым, у апошнім слове абвінавачаныя прасілі суд іх апраўдаць.

Усяго ад моманту затрыманьня на пачатку сьнежня 2016 году пад арыштам Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка адбылі 14 месяцаў.

Працэс над аўтарамі пракрамлёўскага агенцтва «Рэгнум» цягнуўся амаль паўтара месяца і выклікаў у грамадзтве вялікі рэзананс. Частка праваабаронцаў напярэдадні працэсу заявіла, што калі аўтараў асудзяць на рэальныя тэрміны, іх варта будзе прызнаць палітвязьнямі з прычыны парушэньня іх права на свабоду думкі. Пры гэтым праваабаронцы «Вясны» адзначалі, што ў сваіх артыкулах у «Рэгнуме» падсудныя ўжывалі «мову варожасьці». Аднак іншыя камэнтатары віталі прыцягненьне аўтараў «Рэгнума» да крымінальнай адказнасьці, спасылаючыся на досьвед Украіны, дзе вайна пачыналася з ідэалягічных атак прадстаўнікоў «русского мира». Частка камэнтароў у інтэрнэце вітала дзейнасьць аўтараў «Рэгнум» і асуджала беларускія ўлады за іх перасьлед.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG