Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? XVIІ. Ці здаровы Канавалаў псыхічна?


Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

На адным зь першых допытаў, 13 красавіка, сьледчы наўпрост запытаў у Канавалава: «Вы нармальны?» Абвінавачаны адказаў: «Так». Але ж хто з вар’ятаў прызнае сябе хворым? Экспэртыза ў «Навінках» пацьвердзіла, што Канавалаў у псыхічным сэнсе здаровы, хоць і мае пэўныя асаблівасьці. У прысудзе пра гэта ёсьць наступная спасылка.

Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.


Прысуд, ст. 90. «У ходзе судовага разбору дасьледавана пытаньне пра псыхічны стан абвінавачаных.

Згодна з высновамі стацыянарнай комплекснай судовай псыхоляга-псыхіятрычнай, сэксалягічнай і наркалягічнай экспэртызы № 188 ад 10.06.2011 абвінавачаны Канавалаў у пэрыяд часу, які адпавядае злачынствам, якія яму інкрымінаваныя,на хранічнае псыхічнае захворваньне, часовы разлад псыхікі, аслабленьне розуму ці іншыя захворваньні псыхікі не цярпеў. Мог усьведамляць фактычны характар і грамадзкую небясьпеку сваіх дзеяньняў і кіраваць імі».


Пэўныя якасьці характару і душэўнага складу Канавалава, паводле судзьдзяў, тлумачаць ягоныя дзеяньні, прызнаныя злачыннымі. Пра іх чытаем далей, на той жа старонцы. (Адзначу, аднак, што некаторыя часткі ў далейшай цытаце асабіста мне падаюцца недастаткова злучанымі паміж сабой і таму зразумелымі да канца хіба толькі іх аўтарам).

«Эгацэнтрычны, эмацыйна чэрствы, парушаныя валявыя дзеяньні, якія скіраваныя на задавальненьне патрэбаў у будучыні, на стварэньне аб’ектыўных каштоўнасьцяў, якія задавальняюць патрэбы грамадзтва і асобных людзей, патрэба задаволіць асабісты інтарэс насуперак інтарэсам іншых, прымушаючы іх прымаць ягоныя рашэньні, тэндэнцыя да сыходу ад рэальнасьці.

Эгацэнтрычны, эмацыйна чэрствы, парушаныя валявыя дзеяньні, якія скіраваныя на задавальненьне патрэбаў у будучыні

Выяўленыя ўскосныя прыкметы паталягічнага жаданьня выбухаў: зьдзяйсьненьне іх без асаблівых матываў (вылучана аўтарам), захопленасьць гэтай тэмай, высокая эмацыйная ўцягнутасьць і ўзбуджэньне пры апісаньні выбухаў, якія ён зрабіў».

Як бачым, судзьдзі пагадзіліся з высновамі сьледзтва, якое не знайшло ў Канавалава і Кавалёва «асаблівых матываў» для зьдзяйсьненьня тэракту і таму задаволілася тлумачэньнямі псыхіятраў пра «ўскосныя прыметы».



Псыхалягічны партрэт Канавалава

Інтэрвію «Псыхалягічны партрэт Канавалава падыдзе кожнаму другому беларусу» (Інтэрфакс-Захад, 29.12.2011) зь дзяржаўным мэдычна-судовым экспэртам псыхолягам Людмілай Мун, якая цягам двух тыдняў прафэсійна кантактавала зь Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым у аддзеле стацыянарных судова-псыхіятрычных экспэртыз асобаў са строгім назіраньнем Дзяржаўнай службы мэдычных судовых экспэртыз. Людміла Мун — адна з аўтараў псыхоляга-псыхіятрычнага заключэньня, якое было прадстаўлена суду. Паводле яе, «цягам двух тыдняў пры дасьледаваньні Канавалава выкарысталі 27 псыхалягічных мэтадаў і мэтодык, а пры дасьледаваньні Кавалёва — 23. І ўсе вынікі прааналізаваныя ў комплексе. Толькі па сукупнасьці мэтадаў, вынікаў розных мэтадаў і мэтодык, якія пацьвярджаюць адна адну, былі зробленыя высновы, якія адлюстраваныя ў экспэртным заключэньні і агучаныя ў судзе».

Карэспандэнт запыталіся ў Людмілы Мун, ці былі ў Канавалава дзіцячыя траўмы, сур’ёзныя канфлікты ў дзіцячым узросьце, які адбіліся на ягонай псыхіцы.

Мун: «У матэрыялах справы я ня ўбачыла дзіцячых псыхалягічных траўмаў, якія, як правіла, прадвызначаюць сур’ёзныя псыхалягічныя праблемы ў будучыні. Прыкладам, не было зьвестак, што Канавалаў у дзяцінстве зазнаў які-небудзь гвалт: фізычны, псыхічны, сэксуальны. Таксама не было дадзеных пра нейкія паталягічныя асаблівасьці разьвіцьця. Абодва дасьледаваныя сацыяльна добра ўладкаваныя ў сваім асяродзьдзі, сацыяльна досыць адаптаваныя».

— А канфлікт у сям’і Канавалавых, калі бацька сыходзіў зь сям’і, ці мог ён аказаць сур’ёзны ўплыў на псыхіку галоўнага фігуранта справы? Бо гэта ж не шараговыя паводзіны — некалькі гадоў не размаўляць з бацькам?

(Пытаньне грунтуецца на паказаньнях Уладзіслава Кавалёва, якому было вядома, што «ў дзяцінстве Канавалаў пакрыўдзіўся на бацьку і доўга зь ім не размаўляў». Паводле Кавалёва, адносіны паміж бацькам і сынам Канавалавымі палепшалі толькі пасьля таго, як апошні вярнуўся з войска ў 2010-м. Сам Дзьмітрый
Я не пачула эмацыйна цёплых словаў ані пра маці, ані пра брата, увогуле ні пра кога
Людміла Мун

Канавалаў пацьвярджаў, што ў яго былі складаныя адносіны з бацькам, але не ўдакладняў, чаму, і ад далейшых расповедаў пра гэта ўстрымліваўся. Генадзя Канавалава выклікалі ў суд для дачы паказаньняў як сьведку, але ён скарыстаў сваё права адмовіцца ад паказаньняў супроць блізкага сваяка. Паводле маіх назіраньняў, у судзе ён паводзіў сябе вельмі стрымана, стараўся зусім не дэманстраваць эмоцый, але ўсё ж нешта падказвала, як яму было цяжка апынуцца ў такой сытуацыі. Быццам ён нечага нават баяўся. Гэта выявілася хоць бы па тым, як павольна ён набліжаўся да катэдры сьведкі, магчыма, каб даўжэй паглядзець на сына. Але ці сапраўды Генадзь Канавалаў углядаўся ў твар сына, з судовай залі не было бачна, пра гэта з пэўнасьцю могуць сказаць толькі судзьдзя і пракуроры. Потым Канавалаў-старэйшы сказаў ня вельмі гучна «не» на прапанову судзі даць паказаньні, прычым сказаў неяк пасьпешліва, як быццам вырашыў хутчэй паставіць кропку ў гэтай справе, і пайшоў з залі, ужо не абарочваючыся. А якой у гэты момант была рэакцыя ягонага сына? Я адмыслова назіраў за тым, як Канавалаў-малодшы глядзіць на бацьку, але не заўважыў на твары ніякіх эмоцый, таксама і позы сваёй ён ніяк не зьмяніў. Праўда, мне чамусьці падалося, што ўсё гэта было пэўнай дэманстрацыяй. — А.Г.)

Мун: «Канавалаў досыць неахвотна гаварыў на тэмы сям’і, а я ня буду варажыць пра тое, што ён мог адчуваць у той сытуацыі, я не займаюся гіпотэзамі. Ёсьць факт, што бацька сыходзіў зь сям’і, потым вярнуўся. Але дадзеных, што гэта было моцным стрэсам для Дзьмітрыя, у нас няма. Я не пачула эмацыйна цёплых словаў ані пра маці, ані пра брата, увогуле ні пра кога».

(На допыце ад 5 траўня Канавалаў паведаміў, што ў дзяцінстве зь ім не кантактавала бабуля, але з-за чаго, не ўдакладніў. Пры гэтым высьветлілася, што гэтая бабуля жыла ў тым жа горадзе, у Віцебску. Яшчэ Канавалаў сказаў, што на канікулах нікуды ня езьдзіў. Трэба разумець гэтак, што яго, малога, бацькі нікуды не вазілі. Пагадзіцеся, гэта досыць красамоўна кажа пра абстаноўку, у якой выхоўваўся Дзіма Канавалаў.

Цяжкасьці ў распазнаваньні эмоцый іншых асоб, у разуменьні пачуцьцяў іншых людзей

А вось мае назіраньні з судовага паседжаньня: калі ў залю выклікалі даваць паказаньні Аляксандра Канавалава, Дзьмітрый рэагаваў на брата гэтаксама, як і на бацьку — ніяк. А вось зьяўленьне ў судзе маці выклікала ў яго нейкія эмоцыі: Канавалаў заварушыўся і, здавалася, крыху апусьціў галаву. У Людмілы Канавалавай, калі яна адмаўлялася ад дачы паказаньняў, задрыжаў голас. З судовай залі яна сыходзіла з мокрымі ад сьлёз вачыма і даволі хутка. Ці праводзіў Канавалаў позіркам сваю маці, сказаць не магу, бо разам зь іншымі журналістамі пабег усьлед за Людмілай Канавалавай, каб паспрабаваць узяць у яе інтэрвію. Але дарма сьпяшаліся: у фае перад заляй маці Канавалава ўжо не было, у суправаджэньні міліцыянтаў у цывільным яна сышла калідорам у тую частку будынка, якая ахоўвалася спэцназам у чорных масках з аўтаматамі. Праз 10 хвілін з суду выехаў мікрааўтобус з чорнымі вокнамі, якога раней журналісты ня бачылі. Верагодна, на ім трох Канавалавых і павезьлі назад у Віцебск.

Са згадак пра маці Канавалава варта адзначыць яшчэ адну: на судовым сьледзтве была агалошаная інтэрнэт-перапіска Канавалава са знаёмай пад нікам «Катюша» на тэму самагубства. Сьледзтва дакладна пазначыла дзень перапіскі — 12 сьнежня 2009 году. У той час Канавалаў служыў у войску, а ў інтэрнэт выходзіў праз мабільны тэлефон. У перапісцы Канавалаў прызнаў, што таксама думаў пра тое, каб скончыць жыцьцё самагубствам. А як? Скакаць з вышыні ён ня раіць, тым больш рэзаць вены — гэта дакладна ня тое. «Рэзаў, зашылі», — паведаміў пра свой досьвед Канавалаў. Ягоная парада была простая: дастаць нешта моцнадзейнае, што для «Кацюшы», якая вучыцца на мэдыцынскім, не праблема, і наглытацца як мага болей. Дзяўчыну, аднак, цікавіла ня толькі самагубства. «А колькі табе яшчэ служыць?» — запытала «Кацюша» ў Макса Мядзьведзева (гэтак Канавалаў называў сябе «Вконтакте»). «15 ліпеня — дамоў. Але ня ведаю, навошта я пайшоў служыць у войска... Я жыву з-за маці. Толькі думкі пра яе мяне стрымліваюць...», — адказаў Канавалаў. У прысудзе пра гэта ня згадваецца. — А.Г.)

З псыхалягічнага партрэта Дзьмітрыя Канавалава.

Цяжкасьці ў распазнаваньні эмоцый іншых асоб, у разуменьні пачуцьцяў іншых людзей, слаба разьвіты мэханізм ідэнтыфікацыі, не разьвітая здольнасьць да эмпатыі, нізкі ўзровень міжасабовай сымпатыі як станоўчага эмацыйнага стаўленьня да партнэра па ўзаемадзеяньні; эмацыйная чэрствасьць, адсутнасьць імкненьня падтрымліваць эмацыйныя кантакты; завышаная самаацэнка, некрытычныя адносіны да сябе; мае ўяўленьне пра сябе як пра моцную асобу, якая валодае дастатковай свабодай выбару, каб будаваць сваё жыцьцё ў адпаведнасьці са сваімі мэтамі і ўяўленьнямі пра яе сэнс; упэўнены ў сваёй цікавасьці для іншых.

— Зроблены вамі псыхалягічны партрэт адзначае яго эмацыянальную халоднасьць і завышаную самаацэнку. Гэта зрабіла ўплыў на фармаваньне асобы Канавалава як злачынцы?

Мун: Суадносіны эмацыйнага інтэлекту, узроўню маралі і самаацэнкі мне падаюцца найбольш значнымі ў структуры асобы Канавалава. Кагнітыўны інтэлект у Канавалава сярэдні. Паводле тэсту Равэна IQ = 95 і ніякіх асаблівасьцяў. Я аддала больш увагі ягонаму эмацыйнаму інтэлекту. Ступень разьвіцьця эмоцыяў мае вялікае значэньне. Адна зь вядучых якасьцяў псыхікі, якая робіць чалавека сацыяльна прымальным для людзей вакол яго, — гэта здольнасьць разумець іншых, здольнасьць спачуваць іншым, адчуваць іх, стаць на іх пункт гледжаньня, адчуць боль іншага. Што ж мы атрымалі? У Дзьмітрыя Канавалава нізкі эмацыйны інтэлект. У яго відавочны дысбалянс паміж асабістым і міжасабовым інтэлектам. Ён ведае свае пачуцьці і можа імі кіраваць. А іншых ён не разумее, не адчувае, не спачувае ім.

— Ад чаго залежыць эмацыйны інтэлект?

—У першую чаргу ад эмацыйных умоваў у дзяцінстве, у сям’і. Менавіта там закладаецца эмацыйнасьць.

—Ці можна сказаць, што яго недастаткова любілі ў дзяцінстве?

— Сказаць гэтак немагчыма, бо занадта гіпатэтычна. Мы гэтага ня ведаем. Яшчэ адна асаблівасьць Канавалава — ён ня ўмее называць свае пачуцьці, ня ўмее выказвацца мовай эмоцый. Паводле таронтаўскай алексітымічнай шкалы ён не дасягае ўзроўню паталёгіі, але ўзровень ягонай алексітымічнасьці (няздольнасьці называць пачуцьці) — памежны... Фактам, даказаным аб’ектыўнымі дадзенымі, ёсьць знойдзеныя ў яго на момант дасьледаваньня эмацыйная чэрствасьць, эмацыйная халоднасьць і адсутнасьць імкненьня падтрымліваць эмацыйныя кантакты.

— То бок яму непатрэбныя сябры, непатрэбная сям’я, любоў?

— Гэтак сказаць не магу. Але ягоная эмацыйнасьць вельмі своеасаблівая, прыглушаная, а патрэба ў іншых людзях зьніжаная.



Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? XV. Навошта?


«Яму заўсёды падабаліся выбухі»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG