Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада бясьпекі ААН ухваліла плян ЗША па мірным урэгуляваньні ў Газе


Рада бясьпекі ААН. Нью-Ёрк, 17 лістапада 2025
Рада бясьпекі ААН. Нью-Ёрк, 17 лістапада 2025

У панядзелак Рада бясьпекі ААН прагаласавала за рэзалюцыю, асноўныя палажэньні якой грунтуюцца на мірным пляне для Газы, вылучаным прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Рэзалюцыяй, прапанаванай Злучанымі Штатамі, прадугледжваецца стварэньне Міжнародных стабілізацыйных сіл, у складзе якіх будуць вайскоўцы некалькіх арабскіх краін, а таксама «Рады міру» пад старшынствам Дональда Трампа, якая будзе ажыцьцяўляць часовае кіраваньне тэрыторыяй, піша Reuters. У рэзалюцыі таксама гаворыцца аб магчымасьці стварэньня палестынскай дзяржавы пры ўмове захаваньня некалькіх папярэдніх умоў.

Рэзалюцыя, прынятая пры падтрымцы 13 чальцоў Рады бясьпекі, 2 краіны ўстрымаліся — Расея і Кітай, разглядаецца назіральнікамі як сур’ёзная дыпляматычная перамога адміністрацыі Дональда Трампа.

Прадстаўнік Альжыра ў ААН Амар Бэнджама, які прадстаўляў арабскія краіны падчас абмеркаваньня рэзалюцыі, падзякаваў прэзыдэнту Трампу за ягоную ролю ў дасягненьні перамірʼя ў Газе, падкрэсьліўшы, што справядлівы мір на Блізкім усходзе немагчымы без стварэньня палестынскай дзяржавы.

Адабрэньне рэзалюцыі было пад пытаньнем з-за пазыцыі Расеі, якая некаторы час таму прапанавала свой варыянт рэзалюцыі з акцэнтам на стварэньні палестынскай дзяржавы, аднак падтрымка амэрыканскай вэрсіі рэзалюцыі арабскімі і мусульманскімі краінамі абумовіла яе посьпех.

Згодна з рэзалюцыяй, міжнародны кантынгент будзе адказны за дэмілітарызацыю сэктара Газа, канфіскацыю зброі ва ўзброеных груп, гарантаваньне бясьпекі ў Газе і ахову межаў. У панядзелак радыкальная палестынская групоўка Хамас падвергла рэзалюцыю крытыцы, абвясьціўшы, што міжнародны кантынгент не будзе нэйтральнай сілай, выступіць на «баку акупацыі», калі ён паспрабуе раззброіць яе.

Рэзалюцыя прадстаўляе Міжнародным стабілізацыйным сілам зьвяртацца да ўсіх неабходных захадаў для выкананьня сваёй місіі, што прадугледжвае санкцыю на прымяненьне зброі. Пасьля пераходу Газы пад кантроль міжнароднага кантынгенту, ізраільскае войска пакіне гэтую тэрыторыю.

Вайна Ізраілю з ХАМАС і «Хэзбалой». Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў. Аднак ужо неўзабаве гэты мірны плян правалілі.
  • 8 кастрычніка на пасярэдніцкіх перамовах у Эгіпце два бакі ў чарговы раз дамовіліся пра спыненьне агню. Гэта першая частка годы, распрацаванай адміністрацыяй прэзыдэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG