Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для нас галоўнае, каб адкрылі мяжу зь Беларусьсю, — чалец Асацыяцыі літоўскіх перавозьнікаў


Грузавікі на літоўска-беларускай мяжы ў Салечніках. 28 кастрычніка 2025
Грузавікі на літоўска-беларускай мяжы ў Салечніках. 28 кастрычніка 2025

Сьцісла

  • Урад Літвы прыняў рашэньне аб закрыцьці мяжы пасьпешліва, не аналізуючы магчымыя наступствы.
  • Калі прапускная здольнасьць пераходаў беларуска-літоўскай мяжы адновіцца да ранейшага ўзроўню ў 300-400 машынаў за содні, літоўскія перавозьнікі змогуць канкураваць з польскімі.
  • Літоўскія перавозьнікі яшчэ спадзяюцца, што іх пачуюць, і не давядзецца рэгістраваць цягачы і прычэпы на нумары іншых дзяржаў.

Перавозьнікі Літвы дамагаюцца адкрыцьця мяжы зь Беларусьсю і павелічэньня прапускной здольнасьці памежных пераходаў. Пасьля адкрыцьця польскіх памежных пераходаў з Беларусьсю яны ня здолеюць канкураваць з польскімі калегамі, кажа ў інтэрвію Свабодзе кіраўнік лягістычнай кампаніі Kelruva і чалец Асацыяцыі перавозьнікаў Літвы LINAVA Віталь Гігевіч.

— Польшча адкрыла два памежныя пераходы на мяжы з Беларусьсю. Адзін з кіраўнікоў Асацыяцыі літоўскіх перавозьнікаў LINAVA назваў такі крок Варшавы «ўдарам ніжэй за пояс». Як адкрыцьцё пераходаў на польска-беларускай мяжы паўплывае на ваш бізнэс?

— Пакуль што не паўплывае ніяк, бо наш бізнэс цалкам паралізаваны. Гэта значыць, у дадзены момант транспартныя сродкі ўсе без працы стаяць. Я даў каманду паўтары тыдні таму ўжо не грузіць машыны, бо разумеў, што не змагу вывесьці грузы. Наконт таго, што гэта «ўдар ніжэй за пояс». А хіба не?

— А ў чым удар? Наколькі я разумею, у Беларусі дзейнічае забарона на рух і літоўскіх і польскіх фураў. Тады якую перавагу адкрыцьцё межаў дае польскім перавозчыкам?

— Чаму ўдар ніжэй за пояс? На думку нашага ўраду, Польшча павінна была быць салідарнай і ня мусіла была адкрываць дадатковыя памежныя пераходы. Яна іх адкрыла. Прапускная здольнасьць польскіх пераходаў — 1400 грузавікоў за содні ў адзін бок. Наша прапускная здольнасьць да закрыцьця была 30 грузавікоў у суткі праз «Каменны Лог» і 30 грузавікоў у суткі праз «Беняконі».

— Але ж былі часы, калі ўсе межы былі адкрытыя і ваш бізнэс калі і не квітнеў, то і не загінаўся. Чаму адкрыцьцё двух польскіх пераходаў — удар па вашым бізнэсе?

— Прапускная здольнасьць літоўскіх пераходаў да ўсёй гэтай сытуацыі была і 350, і 450, і 500 грузавікоў за суткі. Яе можна аднавіць, было б жаданьне. Я лічу, што нас павінны падтрымаць зараз і нашая мытная, і нашая памежная службы.

Калі з нашых транспартных сродкаў здымуць абмежаваньні па перамяшчэньні па Беларусі, нашы службы мусяць будуць працаваць так, як працавалі да ўсёй гэтай сытуацыі: нашыя памежныя пераходы павінны прапускаць 300-400 машын за содні. Тады мы, магчыма, неяк зможам канкураваць з палякамі і выйсьці зноў на арэну гэтай гульні.

— Гэта калі мяжу адкрыюць? Пакуль яна будзе закрытая, то атрымліваецца, што ўсё роўна, адкрываюць палякі свае памежныя пераходы ці не. Вы ўсё роўна працаваць ня можаце.

— Усё дакладна. Палякі цяпер возяць з падвойнымі, трайнымі фрахтамі, яны кошты паднялі ў два-тры разы.

— Віцэ-прэзыдэнт Асацыяцыі літоўскіх перавозьнікаў LINAVA Алег Тарасаў тлумачыў, што раней польскія перавозчыкі рэгістраваліся на літоўскіх нумарах, а вы цяпер ня можаце зрабіць наадварот: з літоўскіх нумароў зарэгістравацца на польскія?

— Можам. Але гэта, па-першае, зойме час. Ну, па-другое, мы яшчэ спадзяемся, што нас пачуюць і не давядзецца рэгістраваць цягачы і прычэпы на нумары іншых дзяржаў. Мы хочам працаваць у Літве, на нашым напрамку.

— Урад Літвы, калі прымаў рашэньне аб закрыцьці мяжы, меркаваў, што Лукашэнка можа прыняць меры ў адказ? Ці яны пралічвалі варыянты?

— Я думаю, мусілі. Ці маглі зрабіць гэта? На 100 адсоткаў маглі. Ці зрабілі? Не гатовы сказаць. Мяркую, што рашэньне было прынятае пасьпешліва, не аналізуючы магчымыя наступствы.

Нам, перавозчыкам, урад паведаміў аб тым, што мяжа будзе закрытая, за 4 дні. Але я ўжо казаў — прапускная здольнасьць мяжы была 30 грузавікоў за суткі. Колькі мы маглі эвакуіраваць з Беларусі машын за 4 дні? Толькі 120. А там іх заставаліся сотні. Гэтая арытмэтыка дае мне нагоду задумацца, ці ўзважваў урад сваё рашэньне.

— Прэм’ерка Інга Ругінене заявіла, што літоўскія перавозчыкі павінныя былі закладваць у свае выдаткі рызыкі гандлю з варожымі краінамі. Што ўрад робіць, каб дапамагчы перавозьнікам?

— Мы закладалі гэтыя рызыкі ў выдаткі, нас папярэджвалі, што могуць быць небясьпекі. Але небясьпека прайшла з таго боку, адкуль мы не чакалі. Атрымалася, што нас заштурхнулі туды і зачынілі за намі дзьверы.

— Ужо згаданы прадстаўнік асацыяцыі перавозьнікаў Літвы Алег Тарасаў паведаміў, што склалася патавая сытуацыя. Машыны ў Беларусі паставілі на стаянкі, беларускі бок выстаўляе рахункі па 120 эўра за содні за машыну. Але тая беларуская ўстанова, якой трэба плаціць — пад санкцыямі Эўразьвязу. І атрымліваецца, што выплаты яму незаконныя, бо парушаюць рашэньні ЭЗ. Цяпер літоўскія перавозчыкі, чые фуры паставілі на прыкол у Беларусі, плацяць штодня?

— Не. Ім выстаўляюць рахункі. А аплочваць будзем пасьля таго, калі адкрыюцца памежныя пераходы і мы зможам выяжджаць са стаянак. Тады будзем плаціць. Як мы будзем гэта рабіць? Будзем глядзець. Як гаворыцца, Бог дасьць дзень, Бог дасьць ежу.

— Урад вам абяцае, што дапаможа вырашыць гэтую праблему?

— Урад пакуль што нічога не гаворыць. Мы з калегамі сустракаемся, абмяркоўваем далейшыя дзеяньні. Я думаю, нейкае выйсьце з гэтай сытуацыі знойдзем. Але гэта не самае вострае пытаньне цяпер.

— А якое самае вострае?

— Адкрыцьцё мяжы. А другое пытаньне — прапускная здольнасьць. Мы будзем дамагацца ўсімі спосабамі, каб прапускная здольнасьць была павялічаная, бо нас паставілі ў даволі непрыемную сытуацыю. Будзем шукаць выхад зь яе разам з урадам, мытняй і памежнай службай.

Ведаеце, для мяне гэтыя 17 содняў закрытай мяжы — гэта 17 бяссонных начэй.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG