Лінкі ўнівэрсальнага доступу

XII. Што было ў падвале Канавалава?


Сутарэньні ў доме Дзьмітрыя Канавалава
Сутарэньні ў доме Дзьмітрыя Канавалава

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

Адразу зазначу, што на рэчах, знойдзеных у падвале Канавалава, ягоныя сьляды аказаліся толькі на гумавых пальчатках ды ізастужцы. А што кажа сьледзтва пра тое, ці былі ў падвале ў Канавалава сярод прыладаў і хімічных рэчываў тыя, якія прадатныя для вырабу бомбы?

Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.


Пазнаёмімся з пратаколам агляду падвала, які быў праведзены ўжо 13 красавіка. У судзе гэты пратакол зачытвалі 28 верасьня, яшчэ на пачатку працэсу. А ў канцы працэсу, у лістападзе, суд аглядаў рэчы з падвалу, і за гэтым маглі назіраць і прысутныя ў залі. Пералічэньне рэчаў з падвалу Канавалава заняло шмат часу. У гэтым сьпісе было больш за 70 пазыцыяў. Пралічым некаторыя, самыя важныя.

Прылады і інструмэнты: электрычная плітка, пінцэт, нож, лыжка, лейка, мерная шклянка, шкляная бутэлька, слоік, гумовыя пальчаткі, мэдычная маска, шпрыц з іголкай, кіпяцільнік, скрутак алюмініевай фольгі, карабок з волавам, паяльнік, кавалак арматуры, нажоўка, мэталічныя нажніцы, штангенцыркуль, сьвердлы, 3 падшыпнікі, ціскі, фрагмэнт трубы, 2 вогнетушыцелі, карабок з ролікамі.

Прыборы: зараднае прыстасаваньне да акумулятара, ізамэтрычны прыбор, прыбор для вымярэньня вільгаці.

Электрычнае абсталяваньне: электратэстар з правадамі, скруткі правадоў, выключальнікі, батарэйкі, 3 электрычныя лямпачкі, ліхтар блакітны, транзыстар.

Хімічныя і гаспадарчыя рэчывы, лекі, вадкасьці: 5 пакетаў з аміячнай салетрай, вырабленай у горадзе Хімкі, 4 пакеты з аміячнай салетрай, вырабленай у Туле, 20 ампул дымэдролу, слоік з дыстыляванай вадой, слоік з надпісам «Алюмініевая пудра», пакунак пэрманганату калію, хлёрысты калій, мачавіна, нітрыт натрыю, фрагмэнт гідрапэрыту ў выглядзе парашку, пакунак сухога паліва, цюбік супэрклею «Мастер», плітка плястыліну, мыла, тасол.

Рэчы, вызначаныя экспэртамі як часткі выбуховых прыстасаваньняў: белае рэчыва ў цёмным ізалюючым матэрыяле з правадамі (дэтанатар), электронны гадзіньнік з канструктыўнымі зьменамі.

Дом, дзе жыў Дзьмітры Канавалаў
Дом, дзе жыў Дзьмітры Канавалаў


У падвале былі знойдзеныя сшытак з запісамі хімічных формул і напісанымі ад рукі электрычнымі схемамі, а таксама асобныя запісы.

Варта дадаць да гэтага сьпісу тое, што было знойдзена на кватэры Канавалава ў Віцебску. Гэта: 12 таблетак гідрапэрыту, атляс Менску, Крымінальны кодэкс РБ, электрапаяльнік, інструмэнты для працы з мэталамі. Яшчэ ў кватэры знайшлі сьляды рэчыва, якое ўтрымлівае нітраты, і боты са сьлядамі падобнага рэчыва.

Што з гэтых рэчаў было прызнана доказамі і фігуравала ў прысудзе?

Сьмярдзіць памыямі, адкідамі, там трубы цякуць! Сьвятла няма! Можна, мабыць, лямпачку ўкруціць у патрон, але ён там стары зусім. Туды паткнесься, дык цябе токам заб’е! Госпадзі, і гэта — лябараторыя?
Сусед Дзьмітрыя Канавалава

Прысуд, ст. 35. «Наяўнасьць у Канавалава інфармацыі пра выбуховыя рэчывы, самаробныя выбуховыя прыстасаваньні і спосабы іх вырабу, досьведу ў іх вырабе пацьвярджаецца пратаколам ператрусу ад 13.04.11 у падвале, якім карыстаўся Канавалаў, дзе знойдзеныя і канфіскаваныя выбуховыя рэчывы і элемэнты самаробных выбуховых прыстасаваньняў, прылады і прыстасаваньні для іх вырабу, сшытак і лісты з апісаньнем працэсаў вырабу выбуховых рэчываў і самаробных выбуховых прыстасаваньняў.»

Далей ідзе спасылка на дадзеныя комплекснай экспэртызы ад 1 чэрвеня 2011 году, паводле якой у сшытку і на двух асобных аркушах паперы, якія знайшлі ў Канавалава, запісаныя зьвесткі пра спосабы сынтэзу і ачысткі брызантных выбуховых рэчываў, а таксама ініцыюючага выбуховага рэчыва — трыацэтону трыпераксіду (альбо «кісы», якую і ўжываў Канавалаў). Яшчэ важны момант — тое, што сярод запісаў Канавалава апынуліся зьвесткі пра канструкцыю, тэхнічныя парамэтры і спосаб вырабу таймэрных мэханізмаў самаробных бомбаў. Экспэрты прызналі і тое, што выбуховыя рэчывы ў бомбе 2011 году адпавядаюць запісам Канавалава на белым аркушы паперы ў клетку, які быў знойдзены ў ягоным падвале падчас ператрусаў 13–14 красавіка.

Сутарэньні ў доме, дзе жыў Канавалаў
Сутарэньні ў доме, дзе жыў Канавалаў


У прысудзе спасылаюцца таксама на прызнаньне Канавалава, што знойдзеныя ў ягоным падвале прылады і хімікаты ён выкарыстоўваў для вырабу выбухоўкі і выбуховых зарадаў. У прыватнасьці, Канавалаў прызнаў, што ўжыў для вырабу выбухоўкі 11 двухкіляграмовых пакетаў аміячнай салетры, 9 пакункаў гідрапэрыту, уратрапін, нітрыт натрыю, серную кіслату, алюмініевую пудру. З прыладаў выкарыстоўваў электрычную плітку, ступку, таўкач, тэрмомэтар. У тым ліку драбніў кампанэнты і плавіў на плітцы трыперакіс ацэтону, пры гэтым замяраў тэмпэратуру сумесі. Сумесь ацэтону з клеем выкарыстоўваў для плястыфікацыі «кісы», каб наляпіць плястычную масу вакол сьпіралі награваньня электрычнай лямпачкі ў дэтанатары. Правады, батарэйкі, транзыстары, выключальнікі былі патрэбныя для вырабу новых бомбаў, прызнаў Канавалаў. Гэтаксама як лямпачкі — для вырабу дэтанатараў, а фольга — для гермэтызацыі «кісы» ў дэтанатары.

Вось што вядома з прысуду пра агульны аб’ём вырабленых у падвале выбуховых рэчываў.

Прысуд, ст. 33. «Канавалаў Д.Г. патлумачыў, што ў пэрыяд з лета 2007 па 11 красавіка 2011 году ён вырабіў ня менш як 1 кіляграм трыперакісу ацэтону, ня менш як 14 кг выбуховых рэчываў на аснове аміячнай салетры з уратрапінам. Гэтыя рэчывы вырабляў ня менш як 20 разоў, а трыперакіс ацэтону — ня менш як 10 разоў. Вырабляў іх выключна ў падвале. Частку вырабленых рэчываў выпрабоўваў у час выпрабавальных выбухаў каля станцыі Грышаны, а астатняе ўжыў падчас выбухаў у Менску ў ліпені 2008 году і ў мэтрапалітэне 11 красавіка 2011 году».

Таксама экспэртыза ўстанавіла, што кавалак трубы, знойдзены ў падвале Канавалава мае агульную прыналежнасьць з трубой, якую знайшлі на месцы выпрабаваньняў Канавалавым сваіх выбуховых прыстасаваньняў пад чыгуначнай станцыяй Грышаны.


З рэпартажу «Міліцыянты пачалі апытваць меркаваных тэрарыстаў»

( Радыё Свабода. 19.04.2011)

....«18 красавіка, ужо тыдзень прайшоў... І вось званок у дзьверы, стаіць супрацоўнік міліцыі. Кажа: «Я па заданьні Генэральнай пракуратуры. Вы ж чулі, што тут адбылося?». Ён не сказаў мне, што менавіта адбылося, і прозьвішчаў не называў. Дый я сам не ўдакладняў. Ён толькі спытаўся: «Вы ж тут жывяце, ня чулі шуму ў сутарэньні, ці было ляскатаньне нейкае там і ці не сьмярдзела хімікатамі ды рэактывамі?».

Міліцыянт запісаў адмоўны адказ суседа аднаго з затрыманых хлопцаў ( пазьней стала вядома, што менавіта Д. Канавалава. — А.Г.):

«Я нават спусьціўся потым у сутарэньне, свой сарайчык паглядзеў... Я забыўся, трэба было міліцыянту сказаць, што там сапраўды сьмярдзіць, але памыямі, адкідамі, там трубы цякуць! Сьвятла няма! Можна, мабыць, лямпачку ўкруціць у патрон, але ён там... дзевятнаццатага стагодзьдзя (сьмяецца), стары зусім. Туды паткнесься, дык цябе токам заб’е! Госпадзі, і гэта — лябараторыя?».



Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі


Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG