Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм Радыё Свабода пра масавыя забойствы расейцамі мірных грамадзян Бучы атрымаў міжнародную ўзнагароду


Журналіст Радыё Свабода Дзьмітро Джулай з узнагародай, 14 лістапада 2025
Журналіст Радыё Свабода Дзьмітро Джулай з узнагародай, 14 лістапада 2025

Фільм-расьсьледаваньне Ўкраінскай службы Радыё Свабода «Буча. Яблунская» атрымаў узнагароду ад Асацыяцыі міжнародных вяшчальнікаў (The Association for International Broadcasters 2025, AIBs) у намінацыі за лепшае расьсьледаваньне.

Узнагароду ў часе афіцыйнай цырымоніі, што праходзіла ў Лёндане, атрымаў аўтар фільму, журналіст Радыё Свабода Дзьмітро Джулай.

Журы AIBs адзначыла фільм, як моцны і надзвычайна старанны прыклад журналісцкага расьсьледаваньня: «выключны і незабыўны твор».

«Буча. Яблунская» — адна з трох частак вялікага расьсьледаваньня Радыё Свабода. У гэтым фільме ў дэталях аднавілі падзеі трох дзён сакавіка 2022 году на вуліцы Яблунскай у Бучы пад Кіевам у пэрыяд найбольш інтэнсіўных расстрэлаў цывільнага насельніцтва.

Выкарыстоўваючы відэа з камэр назіраньня, раней невядомыя кадры забойстваў, сакрэтныя расейскія дакумэнты, сьведчаньні відавочцаў і сваякоў ахвяр, Радыё Свабода ідэнтыфікавала расейскіх вайскоўцаў, якія імаверна датычныя да масавых забойстваў на Яблунскай, і надала доказы ўдзелу ў гэтым расейскага вышэйшага камандаваньня. Аднаму з фігурантаў расьсьледаваньня, расейскаму сяржанту Уладзіміру Барзунову журналісты Радыё Свабода змаглі патэлефанаваць і атрымаць пацьвярджэньне пра яго асабістую датычнасьць да забойстваў.

Папярэдняя частка фільму «Буча.Забойства самаабаронцы Пабягая» у траўні 2025 году атрымала ў ЗША залатую ўзнагароду тэлекінапрэміі New York Festivals 2025 (New York Festivals TV & Film Awards) у намінацыі «Правы чалавека». А першая частка ‒ пра забойства палкоўніка СБУ Аляксея Целіжэнка, стала падставай для ўкраінскіх сьледчых органаў абвясьціць падазрэньне расейскаму афіцэру, які быў адным з фігурантаў расьсьледаваньня.

Расея зьняпраўджвае датычнасьць сваіх войскаў да масавых забойстваў цывільных у Бучы. Міністэрства абароны Расеі сьцьвярджала, што за час акупацыі гэтага горада «ніводны мясцовы жыхар не пацярпеў ад якіх-небудзь гвалтоўных дзеяньняў», а прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў масавыя расстрэлы ў Бучы «фэйкам» і «правакацыяй». Гэтую ж думку неаднаразова паўтараў і Аляксандар Лукашэнка.

Association for International Broadcasters — арганізацыя, што аб’ядноўвае вяшчальнікаў, якія ствараюць лякальны, нацыянальны, міжнародны і глябальны мэдыякантэнт. У AIB уваходзяць BBC, ABC, France Médias Monde, RFE/RL, USAGM і іншыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG