Лінкі ўнівэрсальнага доступу

II. Хто ўзарваў мэтро? Вэрсіі добрая і дрэнная


Станцыя мэтро «Кастрычніцкая» праз нейкі час пасьля выбуху
Станцыя мэтро «Кастрычніцкая» праз нейкі час пасьля выбуху

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

Адказ, які мы ўжо маем пра падзеі 11 красавіка ў мэтро, — што гэта быў выбух бомбы, тэракт, учынены тэрарыстам-адзіночкай Дзьмітрыем Канавалавым і ягоным сябрам і памагатым Уладзіславам Кавалёвым, а мэтай іхнай было дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі. Кропка. Гэтак вырашыў Вярхоўны суд, прысуд якога перагляду і адмене не падлягае.

Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.


А зараз скажаце, ці можа такі адказ задаволіць грамадзянаў краіны, якія жывуць у сваім ізаляваным сьвеце, амаль як за каменнай сьцяной? Стабільна, спакойна, хай і не багата, але ў сярэднім сыта, і тэрарыстаў яны ў вочы ня бачылі? Апазыцыянэраў рознага гатунку бачылі, начальнікаў рознага гатунку бачылі, маньякаў-забойцаў — зрэдку, па тэлевізіі, але таксама бачылі, а вось тэрарыстаў — толькі ў выпусках замежных навінаў. Справы ў эканоміцы за гэтым плотам больш-менш ідуць, клімат спакойны, нацыянальны мэнталітэт яшчэ спакайнейшы, і гэта яўна адбіваецца на тэмпэратуры сацыяльных і палітычных канфліктаў. То адкуль жа ў такіх умовах узяцца тэрарыстам?

Афіцыйны адказ на гэтае пытаньне малюе маршрут ад кропкі А да кропкі Б, якім прайшлі пэўныя грамадзяне, каб урэшце апынуцца ў камэры сьмяротнікаў. Але хіба ён тлумачыць, чаму яны сталі на гэтую дарогу і навошта ім гэта спатрэбілася?

Навошта было забіваць невінаватых людзей, пры гэтым не выстаўляючы ніякіх патрабаваньняў, нікому ня помсьцячы, не патрабуючы грошай ці выкупу?

Выбух на Кастрычніцкай. Ахвяры
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:51 0:00
Наўпроставы лінк


Калі яны былі супроць улады, то чаму ўзарвалі бомбу ў мэтро, дзе ўлада ня езьдзіць?

Бабуля-прыбіральшчыца ў Палацы правасудзьдзя, дзе праходзіў працэс над тэрарыстамі, казала мне паўшэптам, круцячы ў бакі галавой: «Калі ж ты супроць улады, дык ідзі вунь вядома куды і там узрывай, чаго ты простых людзей узрываеш?»

Канечне, зусім не гуманна думае бабуля з Палаца правасудзьдзя, не патлумачылі ёй там дагэтуль, што нельга нікога ўзрываць, незалежна ад яго палітычных поглядаў ці службовага становішча, але яе лёгіку можна зразумець. І зразумець, што менавіта гэтая лёгіка не дазваляе ёй пагадзіцца з афіцыйнай вэрсіяй, паводле якой два звычайныя хлопцы проста ўзялі і ўзарвалі бомбу ў мэтро, як пэтарду на Новы год. Каб пашумець, каб «дэстабілізаваць» спакой і сон суайчыньнікаў.

Калі ж ты супроць улады, дык ідзі вунь вядома куды і там узрывай, чаго ты простых людзей узрываеш?
Прыбіральшчыца з Дому правасудзьдзя

Пагодзімся, уцямнага адказу на пералічаныя пытаньні яшчэ не прагучала і, верагодна, ужо не прагучыць. Але справа, відаць, ня толькі ў тым, што розумам паверыць у тэракт беларусы пакуль не гатовыя. Можа, яны маюць падставы сумнявацца ў тым, што заяўляе ўлада?

Можна аспрэчваць сувязь паміж палітыкай і тэрактам, ёсьць яна ці не, але цяжка спрачацца з тым, што тэракт здарыўся ў вельмі складаны момант для дзейнай беларускай улады. Яе маральны аўтарытэт у вачах значнай часткі грамадзтва, найперш скіраванай на Эўропу, пасьля падзей 19 сьнежня 2010 году імкліва каціўся да нуля, яе эканамічнае становішча было найбліжэйшае да каляпсу за апошнія 10, калі не 15 гадоў. Нават адносіны зь вечнай саюзьніцай Расеяй былі як ніколі напружаныя. А тут яшчэ празь дзень-два мелася адбыцца паседжаньне міністраў замежных спраў Эўразьвязу, на якім маглі падняць пытаньне пра новыя, больш жорсткія санкцыі супроць Беларусі.

Прычына сапраўды была сур’ёзная: у турмах заставаліся кандыдаты на прэзыдэнта і іх прыхільнікі, суды над актывістамі 19 сьнежня мяккасьцю да палітычных апанэнтаў рэжыму не адзначаліся, заклікі ЗША і Эўропы спыніць гэтыя рэпрэсіі на Аляксандра Лукашэнку відавочна ня дзейнічалі. Таму ў той час як цалкам рэальны сцэнар абмяркоўвалася тое, што Эўропа нарэшце пяройдзе ад словаў да больш дзейсных захадаў. Прыкладам, адмовіцца ад закупаў беларускага бэнзіну і дызэльнага паліва ды арыштуе замежныя рахункі некаторых дзяржаўных прадпрыемстваў і праўладных фірмаў.

Але 11 красавіка ў менскім мэтро здарыўся выбух, загінулі і пацярпелі людзі і, вядома, на пэўны час нават размовы пра санкцыі спыніліся. Асабіста мне цяжка ўявіць, каб у гэтай сытуацыі аб’яднаная Эўропа магла дзейнічаць адносна краіны — ахвяры тэракту інакш, каб яна дэманстратыўна пагарджала прынцыпамі гуманізму, якія пасьлядоўна дэкляруе. Але шмат каму ў Беларусі, хто даўно ня верыў афіцыйным уладам, такое супадзеньне часу тэракту і пагрозы санкцыяў не магло не падацца падазроным. І гэта не магло не прывесьці да новых кансьпіралягічных вэрсіяў тэракту.



Гэтыя вэрсіі застаюцца актуальнымі і пасьля таго, як у Вярхоўным судзе адбыўся працэс, які пастанавіў, што тэракт у менскім мэтро ўчыніў Дзьмітрый Канавалаў, а ягоным памагатым быў сябар зь дзяцінства Ўладзіслаў Кавалёў. Прааналізуем доказы гэтай вэрсіі, якім паверыў суд.


Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Уступ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG