Пра жывое жыцьцё на Занзібары і зьнікненьне яго на радзіме
— Я крыху паезьдзіў па сьвеце, бачыў розныя «віды» жыцьця, але толькі на Занзібары яно здалося мне такім, якім я бачыў і разумеў яго ў дзяцінстве. Прычым на афрыканскім востраве гэта жывое жыцьцё, а таго майго дзіцячага — ці ў Мазыры, ці ў бабулі ў Мялешкавічах, ці на Круглай у Менску — даўно няма і сьледу. І выглядае яно на сёньняшні погляд ніяк ня менш экзатычна, чым тое, што мы можам пабачыць на Занзібары. Мая кніжка — гэта падарожжа, аднолькава далёкае ў часе і прасторы. Умоўна кажучы, да майго дзяцінства гэтаксама далёка, як да Занзібара. Хлопчыка на вокладцы вы гарантавана сустрэнеце там і ўжо ніколі не пабачыце тут.
Пра назву кнігі
— Бывае так, што кніга называе сябе сама, і толькі пасьля разумееш, што інакш і не магло быць. Напрыклад, хтосьці з чытачоў зьвярнуў увагу, што, калі прачытаць назву наадварот, атрымаецца «Рабі з нас» — як зварот да найвышэйшай існасьці, якая некага з нас робіць, якая і ажыцьцяўляе тое «сталеньне маладой душы»... А яшчэ, пакуль пісаўся гэты самы тэкст (на Занзібары, куды я фактычна ўцёк ад турмы), я даведаўся, што Андрэй Скурко ў турме перакладае верш Карнея Чукоўскага пра Занзібар — узьнік дзівосны абэртон, які заўсёды паказьнік гармоніі. Словам, інакш гэты тэкст называцца і ня можа.
Пра сьпірытычны сэанс з самім сабою
— Псыхалёгія сьцьвярджае, што базавыя рысы асобы, тая ж эмпатыя, фармуюцца да трохгадовага ўзросту. Ёсьць таксама меркаваньне, што чалавек прыходзіць на сьвет з ужо напісаным сваім лёсам. Між іншым, для таго, каб спраўдзіць, ці так гэта, і пішацца такая кніга. Аўтар задаецца пытаньнем да сябе: скуль ты такі ўзяўся? Але насамрэч мэмуары ніякіх адказаў пра такія матэрыі не даюць, яны проста апісваюць колішнюю рэальнасьць. Мне ж якраз карцела атрымаць адказы пра жыцьцёвыя сэнсы, таму я не магу назваць гэтую кнігу мэмуарамі.
Пра лёсы дзяцей начальнікаў і рабочых
— У кнізе я паспрабаваў разабрацца і з гэтым пытаньнем. «Магчымасьці інтэлектуальнага росту» былі, безумоўна, роўныя. У 4-й менскай школе, якую я закончыў, у маёй клясе было пароўну дзяцей намэнклятуры і «рабацяг» з заводу імя Кірава. І гэта была адна кампанія — як у школе, так і па-за ёй. Адрозьнівацца маглі жыцьцёвыя гарызонты: хтосьці бачыў іх блізкімі, а хтосьці далёкімі, прычым безадносна ад паходжаньня. Нехта паддаваўся ўплыву абставінаў і бацькоў, а хтосьці верыў у самога сябе. Варта паглядзець, хто сёньня ў беларускай культуры найлепшыя творцы, і пераканацца, што паходжаньне ніяк не паўплывала на іхны рост. Якраз выхадцы з намэнклятуры часьцяком задавалі ў культуры нонканфармісцкі настрой.
Пра заварожанасьць уласным тэкстам
— Думаць пра чытача, па-мойму, значыць мець пэўны разьлік. Гэта можа быць уласьціва для чыстага жанру: дэтэктыў, прыгоды, гістарычны раман... Але гэта іншы, ня мой тып літаратуры. Я заўсёды меркаваў, што калі тэкст цікавы мне самому, дык ён можа захапіць і кагосьці яшчэ. Але гэта зусім ня стымул. Гэта і ня досьвед, пагатоў разьлічаны на перайманьне. У мяне гэта мусіць быць арганічны сынтэз розных жанраў, дзе на першым месцы — сюжэтнасьць, парадокс, тое, што выклікае эмоцыю. Птушка сьпявае, заварожаная ўласным сьпевам, а мы яе слухаем, бо нам перадаецца яе заварожанасьць. Больш нічога.
Пра новую кнігу і вечнае вяртаньне да Беларусі
— Новая кніга будзе, хутчэй за ўсё, масонскай. Гэта зусім не раскрытая тэма, а я маю дастатковы досьвед, каб пра гэта апавядаць. У пэўным сэнсе гэта будзе працяг «Занзібара», бо мяне прасілі працягнуць аўтабіяграфічную нітку, якая там завяршылася 1987 годам. Сябе я бачу сабой і ў Беларусі. Прычым няважна, дзе ў Беларусі — у вялікім горадзе ці на лясным хутары. Гэта маё вечнае вяртаньне, якое да сябе завяршылася, а да Беларусі яшчэ не.
Форум