Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сваім допісе называе вызваленых 100 чалавек закладнікамі і дадае, што чакае вызваленьня яшчэ 50 закладнікаў. Ці вы сябе адчувалі закладнікамі?
— Фактычна так і ёсьць. Мы не называлі сябе закладнікамі. Людміла Чэкіна, сьмеючыся, казала: «Ніколі ня думала, што ў мяне на грудзях будзе шыльдачка for sale». Вядома, мы сябе адчувалі таварам, які можна выменяць на нейкія пернікі, на нейкія санкцыйныя паслабленьні, і мы ўжо былі ня супраць. Некаторыя з нас былі ўжо ня супраць і чорных мяхоў — каб нас вывозілі з чорнымі мяхамі на галаве, толькі каб выйсьці з гэтага месца. Яшчэ будучы на волі, я была ўпэўнена, што мяне памілуюць, што я ня буду сядзець увесь тэрмін, бо ўжо была нейкая практыка, калі Лукашэнка сваіх палітычных зьняволеных мяняў на эканамічныя, санкцыйныя паслабленьні. І таму я была ўпэўнена, што такі сцэнар пойдзе і гэтым разам. Я толькі памылілася з тэрмінамі, думала, што ўсё гэта будзе нашмат хутчэй.
— У вас было шмат трагічных момантаў падчас зьняволеньня. Сына аддавалі на некаторы час у прытулак, маці памерла, а не было магчымасьці разьвітацца зь ёю. Як гэта ўсё перажыла?
— Разьвітаньне з сынам было вельмі цяжкім. ГУБАЗіК прыйшоў недзе а 12:00 гадзіне, пачаўся ператрус, а неўзабаве сын прыйшоў з школы. У нас такая зь ім завядзёнка, ён прыходзіць і кажа: «Мамачка, я прыйшоў, давай пацалуемся, абдымемся». Я чую, што ён прыйшоў і ні пра што не падазрае. Бо на вуліцы нікога не было і транспарту не было, ён ня ведаў, што адбываецца ў хаце. І я выходжу да яго і пачынаю адразу плакаць, абдымаю яго. Я разумею, што вельмі хутка мы расстанемся, і надоўга. Гэта была неймаверна цяжкая сцэна. Мы плакалі, я не сачыла за ператрусам, а проста сядзела абняўшыся зь ім.
Трагічная сытуацыя была, калі мая мама памерла. Я ня ведала пра гэта. Мае родныя казалі потым, што не хацелі мяне хваляваць перад судом. Усё роўна я потым даведалася. Гэта вялікая траўма. Прайшло два з паловай гады, і я не магу з гэтай думкай прымірыцца, не магу пра маму казаць бяз сьлёз. Можа быць, таму, што не была на пахаваньні, што не была на магіле. Мяне не адпускае гэтая сытуацыя ні на сэкунду. Псыхолягі б сказалі, што гэта зацяжная рэакцыя гора.
Дзякуй Богу, што сын цяпер са мной. Пасьля майго арышту яго адразу забралі ў прытулак для дзяцей, якіх часова забіраюць зь сем’яў. Гэта сацыяльна-пэдагагічны цэнтар. Гэта па законе, а не таму, што яны там кáты. Так, я не парупілася, не зрабіла даверанасьць на сваіх бацькоў, і яго забралі. Дзякаваць Богу, што ён прабыў там толькі два тыдні. Для яго гэта быў страшэнны стрэс таксама. Я бачу, што гэта будзе для яго траўма на ўсё жыцьцё — апынуцца сіратою ў нейкім прытулку.
- Ларыса Шчыракова атрымала ў Гамбургу прэмію для журналістаў Free Media Award за 2024 год. На сайце прэміі падкрэсьліваецца, што Ларыса стала апорай для незалежных журналістаў гомельскага рэгіёну і настойліва дамагалася легалізацыі фрыланс-журналістыкі ў Беларусі на міжнародным узроўні. Яна сама стала першай журналісткай-фрылансэрам, якую ў Беларусі аштрафавалі за нібыта «працу на замежныя мэдыя». Таксама адзначаецца, што Шчыракова сьмела асьвятляла, як Беларусь спраўлялася з пандэміяй, а таксама пратэсты ў Беларусі. Асудзілі яе на 3,5 года калёніі за тое, што нібыта перадавала інфармацыю «Белсату», а таксама за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Ларысу накіравалі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. Пасьля яе затрыманьня сына-падлетка на некалькі тыдняў забралі ў прытулак. Гэтымі днямі Ларыса Шчыракова знаходзіцца ў Празе на запрашэньне чэскай арганізацыі Post Bellum — Paměť národa.
Форум