Лінкі ўнівэрсальнага доступу

VI. Хто ўзарваў мэтро? Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры


Фотаробат падазраваных, які сілавыя структуры распаўсюдзілі адразу пасьля выбуху
Фотаробат падазраваных, які сілавыя структуры распаўсюдзілі адразу пасьля выбуху

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

Сьледзтва называе ў якасьці доказу тое, што адзеньне затрыманага Канавалава супала з адзеньнем асобы, якая прынесла ў мэтро бомбу. Ці гэта так? Як быў апрануты 11 красавіка «чалавек з торбай», бачыла ўся краіна: чорная куртка да поясу, чорныя нявузкія штаны, чорная спартовая шапачка, нацягнутая амаль да вачэй. Абутак таксама чорны. Ці супадае гэта з паказаньнямі сьведак?

Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.


Віцебскі таксіст Максім Маскалёў падвозіў Дзьмітрыя Канавалава з арандаванай на ноч кватэры на чыгуначны вакзал. «Быў апрануты ва ўсё чорнае, куртка дакладна не даўгая, але дэталяў ня памятаю», — паказаў Маскалёў. Паглядзеўшы на Канавалава ў судзе, сказаў, што той падобны да пасажыра зь цяжкай торбай, якога ён падвозіў.

Сьведка Тацяна Вусава, прадпрымальніца зь Віцебску, якая здавала Канавалаву кватэру на ноч з 9 на 10 красавіка. (Паводле сьледзтва, прымусова прайшоўшы раніцай 9 красавіка дактыляскапію, Канавалаў сабраў рэчы і зьехаў з дому, а ноч на 10-га правёў на кватэры, арандаванай праз тэлефон у Тацяны Вусавай). У судзе сьведка адназначна сказала, што пазнае Канавалава. Пра адзеньне сказала: «Быў апрануты ва ўсё чорна-цёмнае». Канавалава больш запомніла не па адзеньні, а па паводзінах: як абыходзіўся з торбай і што быў няветлівы і не падымаў вачэй.

Ці сапраўды Дзьмітрый Канавалаў быў апрануты ва ўсё цёмнае? Такое ўражаньне, пэўна, магло скласьціся, бо паказанае па тэлебачаньні відэа фактычна было чорна-шэрым, нейкія колеры выявіліся толькі ў момант выбуху на «Кастрычніцкай». Праўда, уважлівыя гледачы адзначылі вузкую сьветлую паласу на каўняры курткі Канавалава, але сказаць пэўна, якога яна колеру, было немагчыма. Ці сапраўды гэта была каляровая ўстаўка?

Вось што паведаміла суду сьведка Тацяна Вараўка, супрацоўніца фірмы «Альміра», празь якую Канавалаў арандаваў у Менску кватэру на вуліцы Караля. Па твары сьведка Канавалава не пазнала, але пра адзеньне згадала, што запомніла, акрамя чорнай курткі, яшчэ нешта чырвонае: ці то ўстаўкі, ці то падшэўку.

Сьведка Аліна Фёдарава была ў мэтро на станцыі «Кастрычніцкая» ў момант тэракту. Да таго чакала на станцыі знаёмую, каб аддаць флэшку. Зьвярнула ўвагу на маладога чалавека, які перакладаў цяжкую торбу з рукі ў руку і заўважна нэрваваўся. Гледзячы ў твар Канавалаву, сказала, што падобны, але «дакладна сказаць, што гэта той чалавек са станцыі, ня можа». З адзеньня запомніла чорную шапачку і чорныя штаны, «магчыма з парванай кішэняй», дакладна ня джынсы. Куртка таксама чорная. Запомніла, што на адзеньні былі замкі-маланкі.



У судзе адзеньне, у якім быў затрыманы Дзьмітрый Канавалаў, аглядалася 28 верасьня. Назіральнікі ясна ўбачылі на каўняры чорнай курткі Канавалава чырвоную стужку, мэталічныя замкі-маланкі на кішэнях. Штаны Канавалава былі цалкам чорныя, як і чаравікі.

А вось што сказана адносна адзеньня Дзьмітрыя Канавалава ў прысудзе.

Прысуд, ст. 83. «Экспэртным шляхам дасьледаваныя адпаведнасьць зьнешняга выгляду Канавалава Д.Г., асаблівасьцяў адзеньня, атрыманых у ходзе сьледчага экспэрымэнту, выманьня, атрыманьня ўзораў з асобай, якая зафіксаваная камэрамі відэаназіраньня станцый мэтрапалітэну „Кастрычніцкая“, „Купалаўская“ і „Фрунзенская“ ў пэрыяд часу з 17 гадзін 39 хвілін да 18 гадзін 11 красавіка 2011 году.

Адпаведна з заключэньнем комплекснай крыміналістычнай экспэртызы № 8/15-11 ад 03.06.2011, якая была праведзеная Інстытутам крыміналістыкі ЦСТ ФСБ Расеі, асаблівасьці зьнешняга выгляду на асобе, указанай у пратаколе агляду ад 28 красавіка 2011 году і зафіксаванай 11 красавіка камэрамі відэаназіраньня, якія ўсталяваныя ў Менскім мэтрапалітэне на станцыях „Фрунзенская“, „Купалаўская“ і „Кастрычніцкая“, адпавядаюць асаблівасьцям зьнешняга выгляду адзеньня, забранага ў Канавалава Д.Г. 13 красавіка падчас яго затрыманьня».


На папярэдняй, 82-й старонцы прысуду сьцьвярджаецца, што асаблівасьці зьнешняга выгляду адзеньня Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва пры іх затрыманьні адпавядаюць асаблівасьцям зьнешняга выгляду адзеньня асобаў, якія зьнятыя на камэрах мэтро 10 красавіка. Гэтыя асобы, паводле экспэртаў ФСБ Расеі, маюць партрэтнае падабенства зь Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым. Адметна, што калі партрэтнае падабенства Кавалёва расейскія экспэрты вызначылі як «сярэдняй ступені», то партрэтнае падабенства Канавалава — як «неістотнае».

«Галоўная інтрыга працэсу. Ці расстраляюць Кавалёва?»

Вячаслаў Буткевіч, карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Рэгулярна асьвятляе гучныя працэсы ў беларускіх судах. Паводле Буткевіча, ён прысутнічаў на больш як 90% паседжаньняў працэсу над тэрарыстамі. Аўтар запытаў у Вячаслава Буткевіча, што яго найбольш уразіла на гэтым судзе.

Вячаслаў Буткевіч: «Найперш вельмі ўразіла тое, што працэс прайшоў усё ж адкрыта. Пасьля такога злачынства, пасьля ўдзелу ў расьсьледаваньні спэцслужбаў асабіста я не выключаў, што працэс закрыюць, у тым ліку каб не «сьвяціць» спэцслужбы, іх апэратыўную дзейнасьць і гэтак далей.

Але, па вялікім рахунку, у мяне склалася ўражаньне, што ўвесь гэты працэс быў неяк зрэжысіраваны. Генэральная лінія сцэнарыста, рэжысэра збольшага захоўвалася, аднак дазваляліся і нейкія імправізацыі. Вядома, гаворка пра імправізацыі з боку суду. Недзе суд даваў больш волі выказвацца і адвакатам, але потым, падчас разгляду іншых важных пытаньняў, такой магчымасьці абарона ня мела. І на выхадзе з шматлікіх прапаноў разабрацца ў пэўных праблемах амаль нічога не атрымалася.

Уразіла і тое, што шмат хто з пацярпелых і нават сваякоў тых, хто загінуў ад тэракту, казалі пра неабходнасьць увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. Яны былі супроць пакараньня Канавалава і Кавалёва сьмерцю, хоць было бачна, што да гэтага ідзе. Такая пазыцыя была ўсё ж навіной для краіны, якая на рэфэрэндуме 1996 году большасьцю звыш 80% выказалася за захаваньне сьмяротнай кары. Падкрэсьлю, што не адзіны Аляксандар Крутой выступаў з такімі словамі. Такіх было шмат, яны самі пацярпелі, але ўсё роўна казалі, што нельга расстрэльваць Канавалава і Кавалёва. Вось гэта было дзіўна і запомнілася.

Яшчэ ўразіла тое, што нашыя праваахоўныя органы аказаліся бясьсільныя перад гэтымі тэрактамі, пачынаючы з 2005 па 2011 год. Аказалася, што (калі гэтыя тэракты зрабілі Канавалаў і Кавалёў) усё стала магчымым з-за аднаго інспэктара абласной управы ўнутраных спраў, які ня ўзяў адбіткі пальцаў у Канавалава. Адзін чалавек затармазіў працу ўсёй праваахоўнай сыстэмы, і ў выніку яна не змагла злавіць злачынцу яшчэ ў 2009 годзе, як гэта афіцыйна абвяшчалася. Гэта было адно з самых моцных уражаньняў. А на дадатак яшчэ ўразіла, што суд нават ня вынес ніякай пастановы на адрас сілавікоў. Што ім трэба больш увагі аддаваць, прыкладам, экспэртнай працы і гэтак далей. Бо ў судзе ж выявілася, што ня толькі той міліцыянт ня выканаў сваю працу — праколы былі і ў 2005, і ў 2008-м гадах. Гэта ганьба, што з 2005 году, калі гэтым хлопцам было ўсяго па 20 год і яны пачалі свае выбухі, аж да 2011 году іх не маглі вылічыць. Спатрэбіўся тэракт, каб іх знайшлі!

Дарэчы, калі я не памыляюся, але па эпізодах 14 і 22 верасьня 2005 году, а таксама па 4 ліпеня 2008 году справы заводзіліся па артыкуле аб злосным хуліганстве. Як нам тлумачылі, паколькі ніхто ніякіх патрабаваньняў ня выставіў, то гэта не тэрарызм, а хуліганства. Але тады незразумела, чаму, калі знайшлі Канавалава і Кавалёва, гэтыя злачынствы раптам перакваліфікавалі на тэрарызм?

Яшчэ вярнуся да рэжысуры працэсу, чаму я пра яе кажу. Згадаем, што дадзеныя расейскіх экспэртаў часта не састыкоўваліся з дадзенымі беларускіх экспэртаў або нават ім супярэчылі. Але ўсё роўна генэральная лінія захоўвалася, яна яўна праглядалася. Таму і людзі, зь якімі мне даводзілася гаварыць у судзе, казалі, што ўсё ж будзе сьмяротнае пакараньне. Але, гаворка ішла, канечне, толькі пра Канавалава. Увогуле, як мне падаецца, галоўная інтрыга працэсу была ня ў тым, прызнаюць іх вінаватымі ці не, а ў тым, дадуць вышэйшую меру абодвум ці толькі Канавалаву. Я чакаў, што Кавалёву дадуць пажыцьцёвае, але гэтак не атрымалася. І для мяне гэта было вельмі нечакана. Тым больш нечакана і тое, што было адхіленае ягонае прашэньне аб памілаваньні. Дарэчы, паводле маёй інфармацыі, яшчэ да 16 сакавіка прысуд выканалі. У праваахоўных органах, я гэта дакладна ведаю, ужо 16 сакавіка былі пра гэта зьвесткі. Калі ўлічыць, што 11 сакавіка маці і сястра Кавалёва зь ім бачыліся ў СІЗА КДБ, выходзіць, сьмяротная кара была выканана недзе паміж 11 і 16 сакавіка».

Працяг — будзе.
Папярэднія разьдзелы кнігі

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG