Лінкі ўнівэрсальнага доступу

V. Хто ўзарваў мэтро? Відэа: чалавек з торбай


Здымак камэры назіраньня на станцыі мэтро «Купалаўская»
Здымак камэры назіраньня на станцыі мэтро «Купалаўская»

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

Часткова гэтае відэа гледачы беларускага тэлебачаньня змаглі пабачыць ужо на наступны дзень пасьля арышту Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. У прыватнасьці, БТ паказала кавалак, на якім падазроны праносіць торбу ў мэтро, потым кадры, на якіх ён ходзіць з торбай па станцыі. Асабліва ўразіў кавалак, калі той жа падазроны чакае на пляцоўцы лесьвіцы пераходу з «Кастрычніцкай» да «Купалаўскай», а ў момант, калі ён накіроўваецца ў тунэль, адбываецца выбух.

Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.


У судзе да гэтых стужак былі дададзеныя іншыя, зробленыя на дзень раней і пасьля тэракту. У прыватнасьці, на першым відэа, запісаным на Віцебскім чыгуначным вакзале, бачны падазроны зь цяжкай торбай. Як лічыла сьледзтва, гэта Канавалаў пачаў свой шлях зь Віцебску ў Менск, які скончыўся выбухам у мэтро. Потым гэты ж чалавек і Кавалёў разам праносяць тую ж торбу ў мэтро, каб даехаць са станцыі «Плошча Леніна» да «Фрунзенскай». Таксама ёсьць кадры, запісаныя 10 красавіка на станцыі «Купалаўскай», дзе падазроны, як сказала сьледзтва, вызначае, дзе будзе закладаць бомбу. І, нарэшце, відэа ад 11 красавіка, на якім падазроны з той жа торбай прыяжджае на «Купалаўскую», а адтуль праз тунэль ідзе на «Кастрычніцкую». У якасьці доказу было, канечне, прадстаўленае і ўжо знаёмае па БТ відэа з выбухам, а таксама выхад Канавалава з мэтро. Апроч гэтага, былі прадэманстраваныя кавалкі відэа з камэр, усталяваных побач з тымі месцамі, дзе ішоў Канавалаў пасьля выбуху з мэтро да вуліцы Караля на арандаваную кватэру, у якой яго чакалі, нагадаю, Кавалёў і Пачыцкая.

Ці магчыма сумнявацца ў праўдзівасьці гэтых відэадоказаў? Суду прадставілі дадзеныя шматлікіх экспэртыз і экспэрымэнтаў. У адным зь іх Канавалава вывозілі ў мэтро і фатаграфавалі ў пэўных месцах і ў пэўных пазыцыях, якія адпавядалі тым, што былі зьнятыя на відэа. Экспэрты параўноўвалі відэа падазронага з камэр мэтро з пратаколамі агляду Канавалава, складзенымі 28 красавіка і 5 траўня. У большасьці выпадкаў экспэртыза прыйшла да высновы, што гэта адзін і той жа чалавек — Дзьмітрый Канавалаў.



Экспэрты адзначылі таксама супадзеньне асаблівасьцяў адзеньня падазронага на відэа з адзеньнем у Канавалава, якое было пры ім у момант арышту. Паводле экспэртаў расейскага ФСБ, партрэтнае падабенства Канавалава з чалавекам на відэа было сярэдняй ступені. Расейскія экспэрты знайшлі ў відэа прыкметы міжкадравага мантажу, але прыкмет унутрыкадравага мантажу не знайшлі.

Вось што сказана ў прысудзе наконт праўдзівасьці відэа самых галоўных момантаў.

Прысуд, ст. 83. «Пры спалучэньні відаў з камэр відэаназіраньня, якія ўсталяваныя ў Менскім мэтрапалітэне на станцыях „Фрунзенская“, „Купалаўская“ і „Кастрычніцкая“, ад 11.04.2011 і экспэрымэнтальных відаў высьветлена, што рост абвінавачанага Канавалава Д.Г. адпавядае росту падазраванага, які быў зьняты 11.04.2011 камэрамі відэаназіраньня.

Прыкметы мантажу на відэазапісах ад 11.04.2011 з камэр відэаназіраньня на станцыях „Фрунзенская“, „Купалаўская“ і „Кастрычніцкая“, якія былі пададзеныя для дасьледаваньняў, а таксама на відэазапісе праверкі паказаньняў на месцы падазронага Канавалава Д.Г. 15 красавіка 2011 году з камэр відэаназіраньня, якія ўсталяваныя ў Менскім мэтрапалітэне на станцыях „Фрунзенская“, „Купалаўская“ і „Кастрычніцкая“, ня знойдзеныя».


У судзе відэа з мэтро пачалі праглядаць 23 верасьня 2011 году. Спачатку прагледзелі стужку, на якой падазроны зь вялікай торбай пакідае вакзал у Віцебску 10 красавіка, потым — як той жа чалавек зьяўляецца ў Менску на вакзале і як разам з Кавалёвым ён нясе торбу праз турнікет мэтро. Тыя відэа прыпадалі на раніцу 10 красавіка. Потым прагледзелі відэа з гэтым жа чалавекам у другой палове 10 красавіка бяз торбы — падчас «выведкі», як казала сьледзтва. На наступных некалькіх відэакавалках запар падазроны ўжо зноў з торбай — гэтыя відэа былі зьнятыя ў дзень тэракту, 11 красавіка. Як падазроны выйшаў з торбай зь цягніка на плятформу «Купалаўскай», як «засьвяціўся» ў тунэлі да «Кастрычніцкай», выйшаў з тунэля на лесьвіцу, прайшоўся ў натоўпе па «Кастрычніцкай», падняўся ўжо бяз торбы на пляцоўку зноў да тунэля, затрымаўся там на кароткі час, а калі адвярнуўся ад камэры і пачаў сыходзіць — адбыўся выбух.

Асабіста мне на тых відэа пазнаць Канавалава было цяжка, бо твар чалавека амаль ня быў бачны і даводзілася арыентавацца толькі на постаць і прыкметы адзеньня

Прагляд падрабязна камэнтаваў прадстаўнік пракуратуры. Зь ягонага камэнтару вынікала, што падазронны чалавек на відэа — гэта Дзьмітрый Канавалаў. Сярод іншага, прадстаўнік абвінавачаньня спасылаўся на вынікі параўнаньня відэа са сьледчым экспэрымэнтам, калі Канавалава здымалі ў мэтро. Прадстаўнік пракуратуры абвясьціў, што на параўнаных здымках экспэрты знайшлі поўнае супадзеньне парамэтраў фігуры і адзначылі супадзеньне асаблівасьцяў хады. Сьлядоў унутрыкадравага мантажу на гэтых відэа экспэрты не знайшлі.

Адзначу свае ўражаньні: асабіста мне на тых відэа пазнаць Канавалава было цяжка, бо твар чалавека амаль ня быў бачны і даводзілася арыентавацца толькі на постаць і прыкметы адзеньня. Але, як на мяне, гэта адназначна быў адзін і той жа чалавек, бо на ўсіх стужках ён выглядаў і паводзіў сябе падобна, у тым ліку аднолькава нёс торбу, якая таксама свайго выгляду і, мяркуючы па ўсім, вагі не мяняла.

Таксама былі паказаныя відэа, зьнятыя з вулічных камэр, усталяваных каля Дома афіцэраў, цырку, Палаца прафсаюзаў, на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Свабоды. На гэтых відэа быў зьняты падазроны, калі ён ішоў, выбраўшыся з мэтро пасьля выбуху. Маршрут быў такі: выйшаў з «Купалаўскай» на вуліцу Карла Маркса, па ёй спусьціўся да вуліцы Янкі Купалы, перайшоў праз праспэкт Незалежнасьці і падняўся па ім да Палаца прафсаюзаў, далей па дыяганалі перасек Кастрычніцкую плошчу і выйшаў на плошчу Свабоды. На адных відэа з гэтага маршруту падазронага можна было пазнаць лепш, на другіх ён выглядаў маленькім чорным чалавечкам, які пры значным набліжэньні размываўся. Але на апошнім кавалку, зьнятым на плошчы Свабоды, гэта быў, найверагодней, той самы чалавек: росту крыху вышэйшага за сярэдні, прыкметна сутулаваты, у падобным адзеньні.

Яшчэ адна важная цытата з прысуду, якая тычыцца законнасьці выманьня пэўных відэа з запісаў камэр мэтро. Адвакаты заўважылі, што гэта не арыгінальнае відэа, а копіі. Судзьдзі, аднак, вырашылі, што гэта не ўплывае на праўдзівасьць доказу.

Прысуд, ст. 87. «Судом дасьледаваныя абставіны выманьня інфармацыі з камэр відэаназіраньня Менскага мэтрапалітэну ад 12.04.2011 і 19.04.2011. Патрабаваньні крымінальна-працэсуальнага закону пры выкананьні гэтых дзеяньняў захаваныя. Дадзеныя доказы атрыманыя ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі закону і зьяўляюцца дапушчальнымі».

Меркаваньні


У 2010 годзе ў беларускім войску ў адной частцы разам зь Дзьмітрыем Канавалавым служылі Алесь Каліта і Іван Шыла, вядомыя актывісты дэмакратычнага руху. Алесь Каліта — сябра партыі БНФ, Іван Шыла — сябра незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». Пра тое, што яны знаёмыя з Канавалавым, стала вядома ад іх саміх, пасьля таго як па тэлебачаньні паказалі відэа чалавека з торбай, які падазраецца ў зьдзяйсьненьні тэракту. Алесь Каліта і Іван Шыла пазналі свайго аднапалчаніна на гэтым відэа, зьмясьцілі гэтыя зьвесткі ў інтэрнэце, і неўзабаве ім давялося адказваць на пытаньні журналістаў, а потым і сьледчых КДБ. З Алесем Калітой пра Канавалава я размаўляў на самым пачатку сакавіка 2012 году.
Алесь Каліта: «Гэта быў Канавалаў, але я ня веру, што ён дзейнічаў сам»

01.03.12

— Алесь, што б вы маглі распавесьці пра вашага таварыша па службе Дзьмітрыя Канавалава?

— Ня ведаю, ну, быў спакойны, вельмі ўраўнаважаны хлопец...

— Можна, я адразу буду рабіць заўвагі? Ён і на судзе быў спакойны ды ўраўнаважаны. Праседзеў гэтак увесь працэс моўчкі, хіба толькі зь ледзь заўважнай усьмешкай на твары, дачакаўся сьмяротнага прысуду. (Дарэчы, пасьля гэтага вельмі спакойна пра нешта размаўляў з канваірам. Знайсьці б таго канваіра, каб даведацца: што яму казаў Канавалаў? — А.Г.)

Алесь Каліта
Алесь Каліта
— Так? Разумееце, я казаў ужо іншым журналістам, паўтару і вам: я ня веру ў тое, што Дзіма гэты тэракт зрабіў самастойна. Я перакананы, што над ім было куратарства, яго суправаджалі. Ня веру, што ён гэта зрабіў безь нейкага патранажу. Ягоныя паводзіны ў судзе... Я сутыкаўся з такімі паводзінамі падчас службы. Ён сябе гэтак паводзіў, калі ведаў, што ў нейкай справе, у нейкай канфліктнай сытуацыі віна ня толькі на ім. Што акрамя ягонай віны нейкай ёсьць віна іншага чалавека. Тады ён замыкаўся ў сабе, не жадаючы гэтага чалавека здаваць. Замыкаўся і проста маўчаў і глядзеў гэтак, што рабіце са мной што хочаце, мне па барабану. Можа, пару разоў былі такія сытуацыі ў войску, і ён сябе паводзіў адпаведным чынам, відаць, як і ў судзе. Перакананы, што ў гэты момант ён ведаў, што зрабіў гэта не адзін, але і ня мог сказаць, з кім ён гэта зрабіў.

Такім чынам, быў спакойны хлопец, даволі вясёлы. Малаканфліктны. Да службы ставіўся як да гэткай павіннасьці — маўляў, трэба адбыць. Цікаўнасьці да вайсковай справы не выяўляў. Проста бавіў час, і ўсё. Шмат сядзеў у інтэрнэце, «Вконтакте», праз тэлефон. У войску ўсе праз тэлефон заходзяць у інтэрнэт. Чытаў газэты, у асноўным спартовыя нейкія. Гладзеў тэлевізар па вечарах, гэтак званыя інфармацыйныя гадзіны, ці як, ужо сам забыўся. Кантактаваў з таварышамі па службе, але я б не сказаў, што ў яго з кімсьці была асабліва моцная дружба. Войска — ня тое месца, дзе ты моцна сябруеш з усімі, ёсьць толькі два-тры чалавекі, зь якімі сапраўды можна дружыць. Не магу сказаць, з кім ён сябраваў блізка, бо мы былі зь ім розных прызываў, а звычайна ты сябруеш з тымі, з кім прыйшоў. Ужо потым я даведаўся, калі мяне дапытвалі ў КДБ, што, відаць, напрыканцы службы яго перавялі ў іншы дывізіён. Ня ведаю, з кім ён там служыў. А падчас маёй службы ён быў у маёй батарэі, у сяржанцкім складзе. Гэта была в.ч. 06405, п.а. Межыца, Лепельскі раён, супрацьпаветраная абарона. Другі дывізіён, трэцяя батарэя, мая батарэя.

Склалася ўражаньне, што гэтыя супрацоўнікі КДБ жадаюць мяне пераканаць у тым, што Канавалаў зьдзейсьніў гэты тэракт..
Алесь Каліта

— А што ён у вас распытваў наконт вашай думкі, ці знойдуць тэрарыстаў, якія ўзарвалі тую бомбу ў 2008 годзе на сьвяце Незалежнасьці?

— Вы пераблыталі нешта, гэта ня я распавядаў. Гэта распавядаў Іван Шыла, які таксама служыў зь ім разам. Са мной Дзіма пра гэта не размаўляў, у нас былі больш службовыя стасункі. А Іван быў зь ім аднаго прызыву, магчыма, яны больш камунікавалі.

— Апошнюю сустрэчу зь ім памятаеце?

— Апошняя сустрэча плянавалася... Летам у яго быў дэмбель, і недзе ў канцы лета 2010 году мы павінны былі сустрэцца, усе "дэмбелі" нашага дывізіёну, але мы так і не сустрэліся. А самы апошні раз я яго бачыў, калі сыходзіў з войска, 21 студзеня. Звычайная сустрэча.

— Як ён сабе паводзіў з афіцэрамі? Падпарадкоўваўся адразу ці на яго трэба было націскаць?

— Сказаў бы гэтак, што выконваў тое, што загадвалі, не выяўляючы нейкай асаблівай ініцыятывы. Сказалі рабіць — пайшоў паціху рабіць. Так. Яму было гэтае войска да аднаго месца...Як, збольшага, і 90% служачых.

— А як вы ацэньваеце ягоны інтэлектуальны ўзровень?

— Досыць высокі. Гэтак лічу паводле манеры размаўляць, тэмаў размоваў, паводле выхаванасьці. Шырэйшы за сярэдні сьветапогляд. Досыць начытаны і ўмее карыстацца мовай.

— Беларускай мовай Канавалаў карыстаўся?

— Не, але разумеў, я зь ім размаўляў па-беларуску, ён успрымаў гэта нармальна. Збольшага ніхто ў дывізіёне, акрамя мяне і Шылы, не размаўляў па-беларуску, хоць усе разумелі мову і пэрыядычна адказвалі па-беларуску.

— Што-небудзь можна расказаць з таго, што было на вашым допыце ў КДБ, ці гэта тайна? Было ў вас уражаньне, што сьледчыя шукаюць палітычную сувязь з тэрактам, у прыватнасьці — сувязь тэрарыстаў з апазыцыяй?

— У мяне склалася ўражаньне, што гэтыя супрацоўнікі КДБ жадаюць мяне пераканаць у тым, што Канавалаў зьдзейсьніў гэты тэракт. Бо яны ўвесь час казалі: маўляў, ты бачыш, як ён усё зрабіў, гэта ж ён нарэзаў арматуру і гэтак далей. А мне задавалі пытаньні, на якія немагчыма было адказаць ня ў іхнай інтэрпрэтацыі. Прыкладна гэтак: чаму ты лічыш, што ён быў такім эгаістычным? Альбо: чаму ты лічыш, што ён гэтак ненавідзеў людзей? Карацей, яны ўжо за мяне вырашылі, што гэтак і гэтак. Я ім казаў, што магу сьведчыць пра Канавалава толькі як пра ваеннага чалавека, а пра яго як асобу не магу казаць, бо не стасаваўся зь ім ня ў войску. А каб чалавека ведаць, трэба зь ім бачыцца ня толькі ва ўмовах абмежаванай свабоды, як у войску. Я ім гэта тлумачыў, але яны ўсё роўна пыталіся, чаму вось ён такі ці такі... На мяне, дарэчы, таксама спрабавалі ў нейкія моманты ціснуць, і гэтымі пытаньнямі, мяркую, спрабавалі прымусіць мяне ўзьвесьці паклёп на Канавалава. Магчыма, каб потым паказаць яму мае паказаньні і сказаць, што, бачыш, нават гэтыя «бээнэфаўцы», гэтыя апазыцыянэры, нават твой таварыш па службе сказаў, што ты такі і такі. Каб яго яшчэ больш дабіць і каб нават калі ён і меў намер сказаць на судзе, што гэта зрабіў ён не адзін, што яго падбухторылі, сказаць яму, што ніхто цябе ня будзе абараняць, бо ўсе лічаць цябе злачынцам. Нават твае таварышы па службе. Магчыма, яны да гэтага мяне вялі, каб да канца яго зламаць. А таксама і мяне ў гэта ўвесьці, каб, калі яго зараз расстраляюць, я быў датычны да гэтай расправы.

Хоць я і дапускаю, што гэта зрабіў ён, але ўпэўнены, што ён гэта рабіў не адзін, што аднак, не здымае зь яго віны.

Я пазнаў яго на відэа, якое было зьнята ў мэтро. Я пазнаў яго адразу, калі пабачыў гэтае відэа
Алесь Каліта

— Чаму вы мяркуеце, што гэта ён? Якія факты на вас больш падзейнічалі як доказы?

— Найперш — бо я пазнаў яго на відэа, якое было зьнята ў мэтро. Я пазнаў яго адразу, калі пабачыў гэтае відэа. Калі ён нёс торбу, калі стаяў на плятформе, калі стаяў на пераходзе — я пазнаў яго, гэта быў ён. Манера руху, паводзіны — усё выключна ягонае. Таму, мяркую, ён браў у гэтым удзел. А калі нават чалавек нясе торбу, хоць і не задумваецца, што ён там нясе, то ён усё роўна датычны.

— А вы дапускаеце вэрсію, што ён мог толькі прынесьці туды торбу, перадаць яе каму трэба і сысьці, а яго потым на відэа з выбухам наклалі і атрымалася, што гэта ён націснуў пульт, каб узарвалася бомба?

Лукашэнка падпісаў яму сьмяротны прысуд праз два дні, Канавалаў фактычна быў прыгавораны. А ўсё астатняе...Суд ці ня суд, сьледзтва... Гэта ўсё фількава грамата. Для адводу вачэй. Паказуха
Алесь Каліта

— Цалкам можа быць, дапускаю такі варыянт. Тут вельмі ўсё закручана, заблытана. Ведаеце, я вельмі спадзяваўся на тое, што ён на судзе выступіць, скажа хоць слова. І калі б ён сказаў, што невінаваты і гэтага не рабіў, то я б пачаў змагацца, як магу, за свайго таварыша па службе. Але паколькі ён прамаўчаў, то падпісаў фактычна сабе сьмяротны прысуд. Бо калі ты не вінаваты, ты мусіш змагацца. Ты мусіш хаця б казаць, што ты невінаваты. Мяркую, яго запалохалі, але ня ведаю, які там узровень пагрозаў. Запалохаць у нас, канечне, могуць. Ведаеце, мяне затрымалі ў сувязі з тэрактам, калі я ехаў у цягніку на пахаваньне дзеда. Чацьвёра сутак праседзеў у адзіночнай камэры, і ў мяне было адзінае пытаньне да сабе — колькі я вытрымаю катаваньні? Ці вытрымаю і што будзе далей, ці не агавару я сябе, што я буду рабіць на судзе і як мяне будуць расстрэльваць? Разумееце стан чалавека? Прычым я чалавек падрыхтаваны, бо ў апазыцыі 10 год. Мяне і выкрадалі, і зьбівалі, і на «сутках» я сядзеў, і гэтак далей. Падрыхтаваны чалавек, а ён жа ж чалавек непадрыхтаваны. Вось я ў той сытуацыі, у адзіночнай камэры, па два разы на дзень шмон у камэры, брэх сабак пад вокнамі, трывалы прэсінг, разьдзецца, адзецца, прысесьці... Гэта не адміністрацыйны арышт, а затрыманьне чатырма байцамі спэцназу і двума кадэбістамі. Таму як яго там ламалі... Пасьля паказаньняў Міхалевіча — мяркую, моцна яго ламалі. Бо тут у яго выйсьця не было. Як толькі Лукашэнка сказаў, што мы знайшлі тэрарыстаў і яны ва ўсім прызналіся, то, ведаеце, дзядзю Васю з вуліцы б злавілі, сказалі б «Дзядзя Вася — ты тэрарыст», і ён бы стаў тэрарыстам. Толькі Лукашэнка сказаў, што злавілі і ён ва ўсім прызнаўся, гэта аўтаматычна азначае — усё. Судовай сыстэмы ў Беларусі няма. Праваабаронцы задушаныя. Мэдыі прыціснутыя. І хто будзе змагацца і высьвятляць праўду? Дзе справядлівы суд? Дзе незалежная адвакатура? Хто за яго будзе змагацца і абараняць, разумееце? То бок Лукашэнка падпісаў яму сьмяротны прысуд праз два дні, Канавалаў фактычна быў прыгавораны. А ўсё астатняе...Суд ці ня суд, сьледзтва... Гэта ўсё фількава грамата. Для адводу вачэй. Паказуха.


Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG