Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альгерда Невяроўскага пахавалі на Калодзішчанскіх могілках


Сёньня на могілках у Калодзішчах пахавалі журналіста Альгерда Невяроўскага. Больш за дзесяць гадоў Альгерд аддаў Радыё Свабода, працаваў у газэтах “Свабода” і “Навіны”, на Радыё Рацыя.

За 15 гадоў у журналістыцы Альгердам Невяроўскім зроблены сотні газэтных і радыйных матэрыялаў. Але ягоны “канёк” — жывыя рэпартажы зь месца падзеі, прамыя ўключэньні ў эфір.

Апошнія два гады Альгерд Невяроўскі працаваў на Радыё Рацыя, бюро якога месьціцца ў Польшчы. 25 верасьня яго з інфарктам завезьлі ў шпіталь у Беластоку, а 1 кастрычніка ён памёр. 7 кастрычніка ў Варшаве Альгерда Невяроўскага крэміравалі, і сёньня, 20 кастрычніка урну з прахам пахавалі ў Менску. На жалобнай цырымоніі разьвітаньня з журналістам цёплыя словы пра яго казалі сябры, калегі. Дырэктар Менскага бюро Радыё Свабода Валянцін Жданко ўзгадвае:


“Да 50-годзьдзя “Свабоды” мы 5 гадоў таму рыхтавалі кнігу пра ўсіх нашых супрацоўнікаў. Рыгор Барадулін напісаў пра кожнага нашага супрацоўніка кароткія вершы. Тады ня думалася, што давядзецца чытаць гэтыя вершы над магілай... Вялікі паэт Рыгор Барадулін ведаў асабіста Альгерда і ўбачыў гэтую вельмі важную рысу і тую ролю, якую ён выканаў на гэтай зямлі. За тыя 10 гадоў, якія Альгерд быў з намі на “Свабодзе”, ён паказаў сябе чалавекам, надзвычай адданым беларускай справе. Ён штодня набліжаў лепшы дзень Беларусі. Я хачу прачытаць верш Рыгора Барадуліна пра Альгерда:

Паўтарыць гатоў Альгердаў шлях
Невяроўскі,
Каб шырэлі межы
Беларускай славы незалежнай.
Княскі не стамляецца размах!

Мы заўсёды будзем памятаць Альгерда добрым, чулым, цудоўным чалавекам. Няхай такім ён застанецца назаўсёды ў нашым сэрцы”.

Узгадвае журналіст Вадзім Казначэеў:

“З Альгердам мы пазнаёміліся ў сярэдзіне 1990-х, калі разам працавалі ў газэце “Свабода”. Калі ўжо закрылі гэту газэту, мы працягвалі сябраваць, і заўжды гэта было цікава, і проста па-чалавечы прыемна было кожны раз зь ім сустракацца, паразмаўляць, абмяняцца думкамі. Найперш я яго згадваю чыста па-чалавечы як сябра”.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна ўзгадала шмат імёнаў калег-журналістаў, якія заўчасна пайшлі з жыцьця. Менавіта 20 кастрычніка споўнілася 5 гадоў, як па-зьверску забілі Вераніку Чаркасаву.

Літвіна: “Сёньня мы разьвітваемся з Альгердам, чалавекам вельмі прафэсійным, чалавекам надзвычай адказным, сумленным. Колькі не напісана матэрыялаў, колькі ня зроблена, і вось так імгненна абрываецца жыцьцё... Кожнае такое разьвітаньне — гэта яшчэ адзін знак нам, жывым, наколькі важна берагчы адзін аднаго, наколькі важна пры жыцьці сказаць добрыя словы, ухваліць талент, падтрымаць чалавека. Вось з гэтым пакаяньнем мы кожны раз павінны адыходзіць ад труны. Альгерд, няхай зямля будзе табе пухам. Усё табою напісанае ўсё адно застанецца, гэта спадчына, гэта старонка новай журналістыкі незалежнай Беларусі”.

Прысутныя на жалобнай цырымоніі родныя, сябры, калегі прасьпявалі над магілай Альгерда Невяроўскага гімн “Магутны Божа”.









Альгерд Невяроўскі
25 верасьня ў Альгерда здарыўся інфаркт, а 1 кастрычніка, не выходзячы з комы, ён памёр у Беластоку, дзе апошнім часам працаваў на Радыё Рацыя. 19 жніўня Альгерду споўнілася 40 гадоў. 7 кастрычніка Альгерда Невяроўскага крэміравалі ў Варшаве. А 20 кастрычніка ўрну з прахам пахавалі ў Менску.

Альгерд Невяроўскі больш за дзесяць гадоў быў карэспандэнтам Радыё Свабода, асьвятляў актуальныя падзеі ў Беларусі, аўтар шматлікіх рэпартажаў з вахты абароны Курапатаў і падзеяў сакавіка 2006-га на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG