Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 5 — 11 красавіка


Фінансавы крызіс у Беларусі не збаўляе абаротаў. Перадусім пад новыя ўмовы гаспадараньня карэктуецца працоўны тыдзень; разам зь ім — і заробкі работнікаў, натуральна, што ў бок зьмяншэньня. Развальваюцца колісь адладжаныя схемы партнэрскіх сувязяў з замежнымі спажыўцамі, а ў выніку — нестае абаротных сродкаў, бо ў адсутнасьць попыту склады бальшыні прадпрыемстваў затавараныя.

Калектыўны сход прадпрыемства “Слоніммэбля” прыняў рашэньне дзеля захаваньня працоўных месцаў скараціць заробкі. У мінулым пасьпяховае мэблевае прадпрыемства адчула на сабе наступствы крызісу. Са слоў загадчыцы аддзелу маркетынгу, спадарыні Галіны, за першы квартал аб’ёмы экспартных паставак скараціліся на 10%, а на ўнутраны рынак — да 30%:

“Усе пачалі меней купляць: і Казахстан, і Душанбэ, і Расея — усе патроху сталі браць менш. Ну, а далей ня ведаю, што будзе…”

Рабочыя кажуць, што адміністрацыя фабрыкі сабрала агульны сход, на якім, апавёўшы пра рэальнае становішча, рабочым прапанавалі выбіраць: альбо скараціць 24 чалавекі, альбо зьнізіць заробкі. Вось што сказала старшыня прафкаму прадпрыемства Натальля Лаўрыновіч:

“Пакуль першы квартал мы адпрацавалі безь вялікіх стратаў, але ў наступным квартале плянуецца зьніжэньне прэміяльных. Мы зьбіралі агульны сход калектыву й вырашылі разам, каб нікога не скарачаць, а каб усе засталіся на сваіх працоўных месцах”.

На “Слоніммэблі” працуе больш за 400 чалавек, пераважна тут вырабляецца мяккая мэбля для кватэраў. Мяркуецца, што за кошт зьніжэньня прэміяльных заробак зьнізіцца на 10%.

За тры першыя месяцы толькі трое бізнэсоўцаў на Магілёўшчыне атрымалі дзяржаўную беспрацэнтную пазыку на стварэньне новых працоўных месцаў. Чыноўнікі не тлумачаць прычынаў сытуацыі, але акцэнтуюць увагу на выгодах атрыманьня пазыкі. Гаворыць супрацоўніца камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне аблвыканкаму:

“Яна выдаецца ў беларускіх рублях. Яна можа быць выкарыстаная на набыцьцё абсталяваньня, часткова на атрыманьне сыравіны”.

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў Магілёўшчыны Тацяна Казлоўская зазначае, што прадпрымальнікі, калі распачынаюць свой бізнэс, папросту не разьлічваюць на дапамогу дзяржавы:

“Прадпрымальнік, калі распачынае свой бізнэс, робіць стаўку найперш на дапамогу ад самога сабе, сваіх партнэраў і на дапамогу крэдытаў банку. Ніводзін прадпрымальнік ня будзе думаць, што я вось цяпер ствару бізнэс, а органы ўлады мне пры гэтым будуць дапамагаць. Такая сытуацыя ад пачатку ўтапічная”.

Як заяўляе спадарыня Казлоўская, у бальшыні выпадкаў інтарэсы дзяржавы й прадпрымальнікаў, зацікаўленых у разьвіцьці сваёй справы, не супадаюць. Бальшыня сёньняшніх бізнэсоўцаў займаюцца гандлем. І дзяржава ніколі ня дасьць ім сродкаў на набыцьцё тавараў.

Летась зь дзяржаўнага бюджэту на падтрымку прыватных прадпрыемстваў выдаткавана 7,5 мільярдаў рублёў. Па афіцыйнай інфармацыі, створана 744 працоўныя месцы. Сёлета дзяржава абяцае падтрымаць бізнэсоўцаў той жа сумай. Ахвотных зьвярнуцца па дзяржаўную дапамогу, аднак, няшмат.

Віцебскі лясгас ня мае куды збываць прадукцыю. Яшчэ нядаўна лясгас экспартаваў у замежжа драўніну, зь якой выраблялі будматэрыялы і мэблю. Рабочы распавядае, што цяпер асноўны від прадукцыі — дровы:

“Гляджу, што ў нашым Віцебскім лясгасе драўніна проста гніе. Тое, што валава нарыхтоўвалі летась, цяпер ляжыць на складзе і нікому не патрэбна, нават па сабекошце. Якасную драўніну ўжо пачалі рэзаць на дровы ды прапаноўваць людзям, але за непрымальна высокія цэны, бо сыстэмы зьніжак ніякай няма. А так — нарыхтаваны лес гніе, проста гніе!”

Галоўны інжынэр Віцебскага лясгасу Лія Арцюхоўская кажа, што раней асноўныя прыбыткі прадпрыемства мела з экспарту. Але цяпер і Расея, і шмат якія эўрапейскія краіны з-за крызісу адмовіліся купляць беларускі лес:

“Усё адно мы, лясгасы, ня маем права дамаўляцца наўпрост. Толькі праз вызначаных экспартэраў мы працуем на экспарт. І сёлета ў параўнаньні зь мінулым годам толькі 10-15 адсоткаў экспартных паставак зрабілі. Бо няма там платаздольных фірмаў, якія могуць нешта купіць. І Расея цалкам адмовілася ад лесу, там цяпер толькі ўнутры сваёй краіны працуюць — і лесанарыхтоўчыя прадпрыемствы, і перапрацоўчыя. А ўнутры нашай рэспублікі таксама ўсе ў асноўным неплатаздольныя”.

Віцебская абласная пракуратура ад пачатку гэтага году выкрыла некалькі фактаў незаконнай высечкі лесу ў Віцебскім лясгасе. Страты, нанесеныя дзяржаве ў кожным з такіх інцыдэнтаў, складаюць ад 1,5 мільёна да 6,5 мільёна рублёў. Каб сплаціць такія сумы, у лясгасу няма грошай.

На Магілёўшчыне сярэдні заробак не перавышае 800 тысяч рублёў — гэта меней, чым у іншых рэгіёнах Беларусі. Чыноўнікі аблвыканкаму прызнаюць, што людзі сталі зарабляць меней. Старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік зьвінаваціў у гэтым прамыслоўцаў:

Пётар Руднік
“Сыравіна, матэрыялы, электраэнэргія — на гэтым не эканомяць, а эканомяць на заробках, што ў сёньняшніх умовах крайне недапушчальна”.

Паводле ўпраўленьня працы, занятасьці і сацыяльнай абароны аблвыканкаму, сярэдні заробак у першым квартале вагаўся ў межах 780 тысяч рублёў. Чыноўнікі абяцаюць, што на канец паўгодзьдзя ён дасягне 941 тысячы рублёў. Пэрспэктывы такога росту камэнтуе эканаміст Пётар Мігурскі:

“Калі кіраўніцтва вобласьці дэкляруе рост заробкаў, значыць, зьявіліся рэальныя пэрспэктывы збыту той прадукцыі, якая застаецца на складах. Аднак паколькі для бальшыні краінаў, якія зьяўляюцца рынкамі збыту для беларускай прадукцыі, эканамічны крызіс — рэальнасьць, то гаварыць пра рост заробкаў я б не наважыўся”.

Што да запасаў гатовай прадукцыі, то пры росьце аб’ёмаў вытворчасьці ў сакавіку іх не становіцца меней. На прызнаньне старшыні камітэту эканомікі аблвыканкаму Мікалая Дудзінскага, у сакавіку зноў “пакладзена на склад блізу 80 мільярдаў рублёў”. Не становіцца меней і стратных прадпрыемстваў. За два месяцы іх колькасьць павялічылася амаль на 11%. Цяпер 121 прадпрыемства рэгіёну — стратнае.

12 з 18 ільнозаводаў на Віцебшчыне стратныя. Ільнозаводы вобласьці традыцыйна забясьпечвалі сыравінай колішні гігант лёгкай прамысловасьці — Аршанскі льнокамбінат. Аднак апошнім часам склады ільнокамбінату і так перапоўненыя нерэалізаванай прадукцыяй.

Яшчэ ў 2007 годзе аблвыканкам прапанаваў скараціць колькасьць ільнозаводаў, якія не прыносяць прыбыткаў. Аднак адпаведных захадаў так і не зрабілі, і некалькі прадпрыемстваў мусілі прызнаць банкрутамі. Адно зь іх — Бычыхінскі льнозавод ў вёсцы Пятрова Гарадоцкага раёну. Гаворыць сакратар Бычыхінскага сельсавету Тацяна Ігнацьева:

“Гэтаму заводу я дакладна ня ведаю, колькі гадоў, але ён дужа-дужа стары. І працавалі там ужо амаль адны пэнсіянэры. А цяпер увогуле адны пэнсіянэры засталіся. І будынкі там такія ўжо — выгляд ня дужа прывабны”.

На прадпрыемстве засталіся два працаўнікі — антыкрызісны кіраўнік і вартаўнік памяшканьня, якім невядома з чаго плаціць заробкі. Паводле антыкрызіснага кіраўніка Натальлі Вялітчанкі, продаж непатрэбнай маёмасьці мог бы станоўча адбіцца на жыцьці вёскі Пятрова, дзе няма нават уласнай крамы — да жыхароў раз на тыдзень прыяжджае “аўталаўка”.

Ратаваць ільнозаводы ад банкруцтва кіраўніцтва вобласьці вырашыла, пераарыентоўваючы іх на новы від прадукцыі: на Дубровенскім, Мёрскім, Пастаўскім і Верхнядзьвінскім заводах мяркуюць выпускаць альтэрнатыўнае паліва — брыкеты з ільнокастры. Але для гэтага трэба мадэрнізаваць вытворчасьць і выдаткаваць на абсталяваньне больш як 1,5 мільярда рублёў.

Ведамасныя санаторыі, дзе звычайна папраўлялі здароўе беларусы, цяпер пустуюць. Санаторый “Вясёлка” належыць лідзкай “Лакафарбе”. Галоўны лекар Людміла Тарасава кажа: сёлета іх падкасіла тое, што забралі плянавае аздараўленьне дзяцей з суседніх Іўеўскага і Дзятлаўскага раёнаў.

“Пакупніцкая здольнасьць нашых беларусаў зьнізілася, сталі менш купляць нашыя пуцёўкі. Паколькі мы цяпер пераважна працуем толькі зь фізычнымі асобамі, запаўняльнасьць санаторыя скарацілася ўдвая”.

Галоўрач санаторыя “Сьвітанак” гарадзенскага прадпрыемства “Белкард” Ірына Семяненка, гаворачы пра крызыс, найперш зьвяртае ўвагу: праблемы зьвязаны з праблемамі прадпрыемства, якому яны належаць:

“Мы наўпрост залежым ад таго, як працуе прадпрыемства. Таму з гэтых пазыцый усё было б нармальна, каб працаваў завод. А калі завод не працуе, паўстаюць нават праблемы з аплатай харчаваньня. І гэта ўжо становіцца праблематычна”.

Галоўурач кажа: санаторый ня мае нават свайго рахунку, а таму й ніякай самастойнасьці. Хоць тут сучасная аздараўленчая база, ёсьць ахвотныя прыяжджаць з-за мяжы, але гэтыя магчымасьці не выкарыстоўваюцца.

300 тон сырога мяса ня можа прадаць бабруйскі мясакамбінат. 25% прадукцыі прадпрыемства экспартуецца ў Расею. Цяжкасьці з рэалізацыяй яе на тамтэйшым рынку, зазначае прадстаўнік мясакамбінату, прывялі да затаварваньня:

“Запасы мяса ў лядоўні ёсьць. Яны большыя, чым дазволена. Прыблізна трыста тон. Аднак калі браць ад пачатку году, дык тады было шэсьцьсот тон мяса”.

Расейскія санітарныя службы часова забаранілі ўвозіць у сваю краіну мясную прадукцыю, бо засумняваліся ў яе якасьці. Паводле беларускіх экспэртаў, расейцы традыцыйна выкарыстоўваюць інструмэнты дзеля пратэкцыянізму — каб бараніць свайго вытворцу. Як мяркуе кіраўнік аднаго з бабруйскіх сельгаскаапэратываў, мясакамбінату трэба шукаць новыя рынкі збыту й не спадзявацца толькі на расейскі:

“Памяняюць вэктар на Ўкраіну ды яшчэ куды. Гэта могуць быць вялікія кантракты з Бразыліяй, Аргентынай. Пісьменны мэнэджмэнт калі будзе, то разыдзецца гэта мяса”.

Займацца мясной жывёлагадоўляй цяпер ня надта выгадна. Трэба мець вялікія аб’ёмы вытворчасьці, аднак ніхто не гарантуе, што вырабленае ўдасца з выгадай для гаспадаркі прадаць гэтаму ж самаму мясакамбінату. Тым часам на мясакамбінаце папярэджваюць, што могуць зьменшыць закупы сыравіны:

“Каўбаса — гэта не мэтал, яна ня можа захоўвацца вечна. Мы працуем цяпер выключна пад замову, і максымум, што можам сабе дазволіць па гатовай прадукцыі, — гэта двухдзённы запас”.

Ці ёсьць прасьвет у крызіснай пэрспэктыве? Эканаміст, прадстаўнік банкаўскай сфэры Фэлікс Чарняўскі лічыць, што адказаць на пытаньне ня возьмецца нават самы дасьведчаны аналітык. Аднак цяпер жадаць можна толькі аднаго — каб зусім кепска ня стала:

“Баюся камэнтаваць канкрэтна. Бо камэнтары рабіць вельмі складана. Вы ж бачыце, што пытаньні лібэралізацыі цяпер паўстаюць — усё гэта, канечне, у мэтах абароны эканомікі нашай краіны ад гэтых зьяваў. І, натуральна, што галоўная цяпер задача — далейшае эканамічнае разьвіцьцё. Бо пры любым раскладзе мы павінны разьвівацца, нам яшчэ вельмі моцна трэба падвышаць тэмпы эканамічнага росту. Ад гэтага нікуды не падзенесься, гэты этап не пераступіш. Таму што тут можна сказаць? Дай Божа, каб яшчэ складаней не было. Бо самыя складанасьці магчыма, яшчэ наперадзе. Ня выключана, што на лета можа прыпасьці самая складаная сытуацыя”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG