Маю на ўвазе ўвесь працэс: ад думаньня і напісаньня кніг, да іх выданьня, чытаньня, ацэнкі, прамоцыі і, урэшце, да самой імпрэзы, зладжанай цэлай супольнасьцю на чале з ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменьнікаў.
Экстрэмізм — як натхнёнасьць
Заўважаю, што ўва ўсім гэтым працэсе няма скандальнасьці, якая ўся сышла ў палітыку. Няма тут і ўплыву менскіх карнікаў, для якіх беларушчына — аб’ект сьляпога, неўсьвядомленага пакараньня. Яны рэагуюць не на сэнсы, а, як камары, што лятуць на тэмпэратуру крыві жывога і здаровага арганізму, якім ёсьць беларуская літаратура. Падумайце, чаму, напрыклад, у Менску прызнаныя экстрэмісцкімі кнігі Ўладзімера Арлова ці Альгерда Бахарэвіча, кнігі, якія ў Менску топчуць бульдозэрамі ў гразь так, як тыя «санкцыйныя» францускія сыры топчуць у Расеі. То бок, у перакуленым з ног на галаву сьвеце ўсё робіцца не нармальна, а дакладна наадварот.
У перакуленым з ног на галаву сьвеце ўсё робіцца не нармальна, а дакладна наадварот
У Гданьску я быў упершыню і першае, што адчуваў — паветра, такое самае, што ў блізкім адсюль і знаёмым мне Калінінградзе. Але Гданьск, спарадкаваны пасьля бамбёжак Другой усясьветнай вайны, прыгажэнны горад, а такі самы Каралевец, які зь нейкага перапуду далучаны да Расеі, — не.
У Гданьску, дзе нарадзілася польская «Салідарнасьць», тамсама, на вугальнай «сточні», у цыкляпічнай іржава-жалезнай спарудзе сёньня віруе жыцьцё — мноства пляцовак, дзе сотні людзей займаюцца рознымі актыўнасьцямі, дзе нас вітае вялікі транспарант «Жыве Беларусь!» і дзе ёсьць рэзыдэнцыя першага прэзыдэнта Леха Валэнсы, і праходзіла, заняўшы галоўныя плошчы, Прэмія Гедройця.
Калі жыцьцё — гэта ўсяго толькі сынонім шчасьця, дык інакш гэты дзень і не адчуваўся. Мноства знаёмых і дарагіх людзей, якіх так рэдка цяпер бачыш, безьліч трапных выказваньняў, і ў вачах ува ўсіх — натхнёнасьць, тое, што безумоўна надае твайму жыцьцю сэнс.
Побач — ад слова «бачыць»
Пункцірнай лініяй праз усе сустрэчы праходзіла пераацэнка словаў у вольным сьвеце. Напрыклад, паэтка Наста Кудасава тлумачыла назву сваёй кнігі «Побач» ня тым, што нешта там у цябе побач, а тым, што гэта ад слова «бачыць» — «пабач», пра тых, каго ты бачыш і хто бачыць цябе.
Напярэдадні паэтка напісала ў сябе ў фэйсбуку:
«Штораніцу сядаю ў тралейбус, каб ехаць на працу, дастаю з заплечніка „Занзібар“ і, перш чым пачаць чытаць, абдымаю і цалую хлопчыка на вокладцы… Хочацца так многа яму сказаць, туды, у мінулае. Сказаць, што ўсё зьдзейсьнілася. Што я ёсьць, дзякуючы яму і ўсім тым, хто разам зь ім ствараў для мяне Радзіму. Таму мне цяпер, напрыклад, прасьцей адказаць на пытаньне „скуль я“. А яму, затое, можна не пытаць сябе „навошта я і для каго я?“»
Не магу не прывесьці гэтыя словы, бо толькі фэнамэнальная паэтка Наста магла гэтак жа фэнамэнальна выказацца пра кнігу, якую абдымаюць і цалуюць перад тым, як яе чытаць. Сябра Аляксандар Лукашук пасьля скажа, што ніколі не чытаў такога ні пра адну кнігу і параіць Насьце прыдумляць надпісы для тату — дзе ў словы мусіць быць укладзены сэнс, даведзены да абсалюту.
Уся літаратура негалосна пазначалася другім гатункам, а тых, хто высоўваўся, не друкавалі ці, у лепшым выпадку, цэнзуравалі
Гэтыя абсалютныя рэчы — пра натхненьне, пра тое, як беларуская літаратура цяпер прагна гэтым насычаецца, бо раней была пазбаўленая такой магчымасьці.
За савецкім часам у нас у народзе хадзіла (і ходзіць) такая парада — «не высоўвайся», «табе што, больш за ўсіх трэба». Тое самае было, натуральна, і ў беларускай літаратуры. Пісьменьнікі як бы саромеліся пісаць на максымальных сваіх абаротах, а ўрэшце і заставаліся ў гэткай сваёй згорбленасьці. «Савецкія пісьменьнікі» ў Беларусі сяк-так пішуць і сёньня. Заняўшы літаратурныя пасады ў рэдакцыях і выдавецтвах, яны, сагнутыя, часьцяком не прапускалі наперад тых, хто «высоўваўся». Асабліва не шанцавала дзецям, дзіцячым кніжкам і падручнікам, дзе панавала і пануе часта адкрытае ўбоства. У выніку ўся літаратура негалосна пазначалася другім гатункам, а тых, хто высоўваўся, не друкавалі ці, у лепшым выпадку, цэнзуравалі. Таксама ж нібыта рацыянальны падыход — пісаць так, каб не было праблем з цэнзурай. А выехаўшы за мяжу, пабачылі, што ўсё наадварот. Трэба высоўвацца, гаварыць адкрытым голасам. Гэта значыць, натхнёна.
Занзібар — не бянтэжыць, а інтрыгуе
Як ні круці і не тлумач, а патрон прэміі Ежы Гедройць застаецца загадкай. Славуты польскі мысьляр, які ў сацыялістычныя часы выдаваў у Парыжы палітычны часопіс «Культура» і казаў пра адзіны лёс Беларусі, Літвы, Польшчы і Ўкраіны, пра будучыню Міжмор’я. Гэты часопіс быў культавым… Асаблівы факт біяграфіі Гедройця — ён ураджэнец Менску…
Але ў нас няма па-беларуску кнігі самога Гедройця. І вось сёлета пазначыўся рух у патрэбным кірунку: польскі калега Тадэвуш Сухарскі прэзэнтаваў салідны том «Як бы ў ценю і цішыні. Беларусь на старонках парыскай „Культуры“». Унікальная кніга, дзе Беларусь на сваім месцы, сярод эўрапейскіх суседзяў, нібы ўвасобленая мара самога Гедройця, нібы сьніць салодкі сон пра самую сябе… Вось калега Ціхан Чарнякевіч і выказаў гэтую думку: наступным крокам мусіць быць беларуская кніга самога нашага слыннага земляка.
Гартаючы гэты поўны арыгінальных думак і любові том, міжволі думаеш пра турму, у якую ператварылі краіну карнікі, пра тое, наколькі немагчымая гэтая кніга ў цяперашняй беларускай рэальнасьці, дзе ў яе толькі адзін шанец — трапіць пад гусеніцы бульдозэра.
Пасьля выхаду кніжкі мне шмат выказвалі зьбянтэжанасьці самой назвай — «Занзібар». А яшчэ калега дзівіўся: як магла першае месца атрымаць кніга, у якой фігуруюць «кірлі» (чайкі)? Я думаю, што проста мы апынуліся ў іншай рэальнасьці, у вольным сьвеце, у якім толкам ніколі й не жылі, і цяпер бянтэжыць могуць ня самі гэтыя словы, а наша савецкая памяць, якая можа пачувацца нязручна ў такой сытуацыі. Нязвыклыя словы ў вольным сьвеце не бянтэжаць і не палохаюць, а, наадварот, інтрыгуюць.
Ружа чайная — значыць, кітайская
Я шчыра ўдзячны ўсім дарагім людзям, якія павіншавалі мяне з Прэміяй. Удзячны Сьвятлане Ціханоўскай. Я ведаю, што ў беларусаў мусіць быць свая канстанта, вобраз сваёй улады, свайго Прадстаўніцтва ў сьвеце, свайго апірышча ў жыцьці, каб яно магло стаць сынонімам шчасьця.
Уся сытуацыя склалася для нацыі так, што нам патрэбны вобраз, у пэўным сэнсе сакральны, вакол якога мы гуртуемся, а не скандалім
Гаворка не пра выгады ці выгоды, шмат важнейшая тут умоўнасьць, якая не дае нам адчуваць сябе непаўнавартаснымі ці абдзеленымі, ці дэпрэсіўнымі… Канстанта, якая закрывае сабою тую дзірку ў небе, якую сам беларус закрыць ня можа. Прадстаўніцтва ведае пра беларускую літаратуру і падзеі ў ёй, адгукаецца на іх, гаворыць па-беларуску. Урэшце, я галасаваў за Ціханоўскую і лічу, што больш чым не памыліўся, бо ня маю за што яе ганіць. Уся сытуацыя склалася для нацыі так, што нам патрэбны вобраз, у пэўным сэнсе сакральны, вакол якога мы гуртуемся, а не скандалім. Гэта ня проста палітыка, а можа і ўвогуле не палітыка, а місія, якую само Прадстаўніцтва ўвасабляе і фармуе. Пры будзь якім іншым раскладзе, мне ўяўляецца, місія зьнікне, пакінуўшы беларусаў сам-насам з той дзіркай у небе…
Пасьля прэміі мы — чалавек 15 дарагіх мне людзей — сядзелі на рэцэпцыі гатэля, пілі віно і вялі гутарку, якой не бывае канца. Андрэй Завадзкі, ляўрэат прэміі «Голас пакаленьня свабоды» расказваў, чаму ружа называецца чайнай — бо яна паходзіць з Чайны — Кітаю, а не ад чайнай заваркі.
Я думаю, што таямніца ня ў гэтым, а ў тым, як ружа раскрываецца, у яе прыгажосьці. І таямніца кожнага чалавека ў тым самым — як ён, літаратар ці палітык, раскрываецца і пачынае гаварыць адкрытым голасам, гэта значыць, натхнёна. А яшчэ ружа — кветка, якая пры добрым доглядзе захоўвае сваю прыгажосьць найдаўжэй.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум