Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 29 сакавіка — 4 красавіка


Незапатрабаванасьць прадукцыі прадпрыемстваў застаецца асноўнай праблемай рэгіянальнай эканомікі. Прадстаўнікі ўлады вінавацяць прамыслоўцаў у бязьдзейнасьці, патрабуючы, каб тыя зьніжалі цэны на заляжалую прадукцыю. Хто насамрэч вінаваты ў заняпадзе эканомікі? Што наконт пэрспэктываў яе аздараўленьня казалі ў Лёндане лідэры так званай “Вялікай дваццаткі”? З аглядам эканамічных падзеяў за тыдзень — Ігар Карней.


На складах прадпрыемстваў Магілёўшчыны назапашана прадукцыі амаль на 800 мільярдаў рублёў. Экспарт зьнізіўся на 40 мільёнаў даляраў. За апошнія два месяцы істотна скараціліся паступленьні ў бюджэт рэгіёну. Старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік прызнае, што ёсьць праблемы з рэалізацыяй сацыяльных праграмаў і выплатай заробкаў. Кіраўнікі прадпрыемстваў, заяўляе Руднік, прыкладаюць недастаткова намаганьняў, каб адолець крызіс:

Бярыце за аснову тое, што сёньня робіцца ў Злучаных Штатах па распродажы ...
“Спадзяюцца на тое, што крызіс у 2009 годзе, ну ў 2010 годзе, урэшце скончыцца. І потым, пасьля гэтага, яны будуць працаваць далей. Дык вось, ён ня скончыцца. Бярыце за аснову тое, што сёньня робіцца ў Злучаных Штатах па распродажы. Тады па гэтыя шкарпэткі й шторы прыбягуць з Расеі й павязуць іх у Расейскую Фэдэрацыю. Тады ў вас будуць паказьнікі й прадпрыемствы будуць працаваць. Езьдзяць у Хмяльніцкі, ва Ўкраіну па тавар гэтак званы. А я хачу, каб езьдзілі сёньня ў Магілёўскую вобласьць”.

Ці слушна ўскладаць толькі на адных прамыслоўцаў віну за сытуацыю, якая склалася ў рэгіянальнай эканоміцы? Эканаміст Пётар Мігурскі лічыць, што гэта несправядліва:

“Ад іх патрабавалі: дай валавую прадукцыю — яны гналі гэтую валавую прадукцыю. Гэта дзяржаўная палітыка. Можа, сёньня столькі ж часу й фінансавых рэсурсаў выдзеліць менавіта на разьвіцьцё малога й сярэдняга бізнэсу? Можа, людзям узьняць выплаты па беспрацоўі? Можа, даць магчымасьць прадпрыемствам скінуць зь сябе лішнюю працоўную сілу?”

Эканаміст прагназуе, што, на жаль, сытуацыя будзе пагаршацца.

***

У акцыянэрным таварыстве “Гомельская мэблевая фабрыка “Прагрэс” колькасьць нерэалізаванай прадукцыі на складах перавысіла месячны аб’ём вытворчасьці. Фабрыка — адзін з асноўных вытворцаў мяккай мэблі ў Беларусі. З прычыны крызісу фабрыка змушана скарачаць працоўны тыдзень. Апавядае рабочы, спадар Міхаіл:

“У тым месяцы ў нас заробкі былі большыя, зараз на 100 зь лішкам тысяч рублёў меншыя. Гэта адчувальна, бо цэны ў крамах ня падаюць, а наадварот, растуць”.

Галоўны інжынэр фабрыкі Анатоль Жарносенка распавёў, што лішні выходны дзень зьвязаны з прафіляктыкай энэргетычнага абсталяваньня:

“Працоўны тыдзень у нас ідзе ў нармальным рытме. Так, адзін дзень мы праводзілі тэхнічную праверку. Каб не давесьці да аварыйнага стану, мы правялі праверку энэргетычнага абсталяваньня. У цэху трансфарматар сілкаваньня, без адключэньня праверку зрабіць немагчыма. Гэта быў не выходны для ўсіх — мы гэты дзень перанесьлі на іншы тэрмін”.

Тэхнічны кіраўнік прадпрыемства лічыць, што ня варта Радыё Свабода гаварыць пра крызіс. Гэта, маўляў, пазыцыя кіраўніка дзяржавы. Варта шукаць перш за ўсё пазытыўныя факты. Між тым іх няшмат.

***

Траціна прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці на Віцебшчыне прызнана стратнай. У вобласьці 63 прадпрыемствы, якія спэцыялізуюцца на вытворчасьці адзеньня і тэкстыльнай прадукцыі. Галоўная праблема — збыт. На складах прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці захоўваюцца запасы гатовых тавараў на 137 мільярдаў рублёў, што ўдвая перавышае сярэднюю месячную норму вырабу.

Работніцы Аршанскага льнокамбінату скардзяцца, што ім ужо ня першы месяц затрымліваюць заробкі. Віктар Андрэеў, старшыня Цэнтру імя Філона Кміты, даведаўся ад тамтэйшых працаўніц, што старую льняную палатніну, якая ўжо спрахла на складах, так і не дачакаўшыся рэалізацыі, проста паляць на задворках прадпрыемства:

“Льнокамбінат перажывае ня лепшыя часы свайго існаваньня: тканіна ляжыць на складах доўгі час, загнівае, і яе паляць. Заробкі затрымліваюць увесь час. Жанчыны скардзяцца на гэта і ўладам, і дырэктару. Работніцы зноў хадзілі да дырэктара, і ён паабяцаў ім выплаціць заробкі, абы яны больш нікуды не зьвярталіся са скаргамі. І так яны ходзяць штомесяц, тады ім заробкі выплачваюць. А хто ня ходзіць — той чакае, і ўжо доўгі час”.

Стратным зь нядаўняй пары зрабілася яшчэ адно буйное прадпрыемства — віцебскі “КІМ”. Некалі яно славілася сваімі панчошна-трыкатажнымі вырабамі, але апошнім часам кімаўская прадукцыя не вытрымлівае канкурэнцыі нават на беларускім рынку. Начальнік аддзелу маркетынгу Лідзія Калоскіна кажа, што “КІМ” пачаў новы этап барацьбы за рынкі збыту:

“Проста ў свой час мы страцілі рынак збыту ў Беларусі — усё ішло ў Расею, на экспарт. І наша месца заняў, да прыкладу,“Сьвітанак” — кажуць, сьвятое месца не пустуе. А цяпер мы вярнуліся на беларускі рынак і адваёўваем кожную пазыцыю, бо надзея памірае апошняй. Мы дужа стараемся, і мы любім “КІМ”.

***

Горацкае акцыянэрнае таварыства “Малочныя горкі” не разьлічваецца за пастаўкі малака. Сума запазычанасьці — больш за 3,5 мільярда рублёў. Каб вярнуць даўгі, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў паскардзіліся ў райвыканкам. Ва ўпраўленьні сельскай гаспадаркі й харчаваньня выканкаму прызнаюць праблемы:

“Яны нам сказалі, што красавік мы спрацуем з прыбыткам у 150 мільёнаў. І палепшыцца фінансавае становішча. Мы пачакаем, вядома. Мы ў пратаколе напісалі, што мы — сельгасвытворцы, выканкам і дырэктар заводу — штомесяц будзем зьбірацца й падводзіць вынікі”.

“Малочныя горкі” завінаваціліся сельгаспрадпрыемствам амаль 4 мільярды рублёў. Гаворыць адзін з кіраўнікоў сельскагаспадарчага каапэратыву:

“Праблемы, вядома, ёсьць, і вялікія праблемы. Я не хацеў бы, як той казаў, выносіць сьмецьце з хаты. Сёньня лягчэй, відаць, вырабіць прадукцыю, чым яе рэалізаваць. Пісьменна, я маю на ўвазе. Гэта ж трэба ў прамыслоўцаў запытацца, чаму яны так... Наша ж справа — вырабіць. Ёсьць крыху пытаньняў да расейцаў”.

Два гады на горацкім перапрацоўчым прадпрыемстве намесьнікам дырэктара працаваў эканаміст Андрэй Юркоў. Ён лічыць, што сытуацыя ў канфлікце тупіковая, бо ва ўладаў няма сродкаў ціску на прыватнае прадпрыемства, якое належыць замежнаму інвэстару:

“Яму ня так важна, што адбываецца з калгасамі, а калгасы ж мусяць выконваць распараджэньні ўлады. Ну, разваліцца ў Горацкім раёне палова альбо дзьве траціны калгасаў — ну й што, ён будзе ў іншых зьбіраць малако. Ён асноўныя інвэстыцыі ўкладае ў завод. Завод працуе са стратамі. Напрыклад, страты мінулага году сягнулі пад 6,8 мільярда рублёў”.

***

Склады прадпрыемства “Смаргоньсылікатабэтон” запоўненыя гатовай прадукцыяй. З пачаткам крызісу рэзка зьнізіўся экспарт у іншыя краіны. Спэцыялісты тлумачаць, што дастаўка са Смаргоні, прыкладам, у маскоўскі рэгіён падвышае кошт адной тоны сылікатных блёкаў на 20 даляраў. Гэта значыць, што цэнавых перавагаў беларуская прадукцыя ўжо ня мае. У аддзеле збыту інфармацыю пра затаварваньне складоў пацьвердзілі:

“Сытуацыя ня вельмі добрая. Ёсьць у нас запасы на складах. Але ў чым прычына — я вам адказаць не магу. Магчыма, людзі зьбяднелі, магчыма, нешта іншае...”

Каб разгрузіць склады, фірмовая крама прадпрыемства распачала акцыю па продажы бэтонных блёкаў са зьніжкамі. Акрамя таго, усім, хто набудзе тут зараз бэтонныя блёкі й іншую прадукцыю, прапануюць захоўваць купленае да 15 траўня на складах прадпрыемства бясплатна.

“Проста людзям зручней цяпер пакласьці на захаваньне ў нас, бо на ўчасткі, дзе зьбіраюцца будавацца, цяжка іх давезьці, паўсюль мокра. Крызіс нас закрануў канкрэтна. Нашмат менш адгружаем прадукцыі. Раней у нас трэба было запісвацца на чаргу амаль на паўгода наперад, а цяпер — калі ласка, купляй свабодна...”

***


На гэтым тыдні з крызісам змагаліся на самым высокім узроўні. У Лёндане лідэры “Вялікай дваццаткі” дамовіліся пра беспрэцэдэнтныя крокі дзеля ўратаваньня сусьветнай эканомікі. У прыватнасьці, вырашана выдаткаваць цягам 1,5 году 5 трыльёнаў даляраў на вырашэньне эканамічных праблемаў. Ці варта чакаць, што частка ад згаданай сумы перападзе і Беларусі? Вось меркаваньне эканаміста Валерыя Кругавога:

“Так, павялічацца аб’ёмы рэсурсаў МВФ. Гэтыя рэсурсы ўвогуле прадугледжаныя для краінаў, якія разьвіваюцца, для дзяржаваў, якія трапілі ў складанае становішча. Таму натуральна, што і Беларусь будзе ў ліку патэнцыйных прэтэндэнтаў. А вось што да пытаньня, ці дастанецца штосьці Беларусі з павялічаных фондаў МВФ, то, напэўна, сёлета не перападзе нічога. Бо ёсьць працэдура. Яны там прынялі рашэньне, але гэтае рашэньне збольшага палітычнае. То бок яно павінна быць яшчэ адпрацавана тэхнічна. А на гэта пойдуць месяцы. Потым пачнуць з “донараў” зьбіраць грошы. Дай Божа, каб гэтыя грошы, пра якія яны заявілі, сабралі да канца году. І толькі потым пачнецца раздача. Цалкам зразумела, што Беларусь стаіць у якойсьці чарзе, але не на самым першым месцы. У кожным разе давядзецца пачакаць. Але, мяркую, Беларусь усё ж дачакаецца”.

Праўда, як удакладняе спадар Кругавы, такая дапамога — як мёртваму прыпарка. Бо для аднаўленьня эканомікі патрэбная карэнная перабудова беларускай эканамічнай мадэлі, якая мала зьмянілася ад савецкага часу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG