Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 22—28 сакавіка


Па ўсёй Беларусі ўскладняецца сытуацыя на прадпрыемствах рознай формы ўласнасьці. Страта ранейшых рынкаў збыту прадукцыі, затаваранасьць складоў, няпоўная загрузка вытворчых магутнасьцяў, невысокія заробкі — вось асноўныя праблемы, характэрныя для ўсёй вытворчай галіны.

Сельгастэхніка беларускіх вытворцаў і запчасткі да яе разыходзяцца горш, чым у ранейшыя гады. У вытворцаў няма грошай, каб разьлічвацца за тэхніку.

П
радпрыемства “Ліда-Агро” ў вёсцы Шайбакі Лідзкага раёну Гарадзеншчыны рэалізуе мясцовым сельгасвытворцам запчасткі для трактароў, інструмэнты, іншы сельгасынвэнтар.

Дырэктар прадпрыемства, спадар Андрэй, кажа што ў мінулыя гады ў гэты час ужо бывалі адкрытыя крэдытныя лініі й ішоў актыўны закуп запчастак. Сёлета рэалізацыя значна скарацілася:

“Упаў таваразварот, наагул адчуваецца агульнае падзеньне. Справа ў тым, што ні ў кога няма грошай, цяжкое становішча. Даводзіцца даваць тавар у доўг, бо па-іншаму нічога не атрымліваецца, цяжка нешта па-іншаму зрабіць”.

Смаргонскі агрэгатны завод
Начальнік аддзелу маркетынгу й збыту Смаргонскага агрэгатнага заводу Андрэй Семянцоў кажа: пачынаючы з новага году, рэалізацыя прадукцыі скарацілася на 30-40%. Прычым сродкаў на закуп трактароў, запчастак і іншых агрэгатаў нестае і беларускім, і расейскім пакупнікам:

“Калі раней мы працавалі зь перадаплатай, то цяпер і з адтэрміноўкай плацяжу, каб стварыць пакупніку зручнейшыя ўмовы. Той аб’ём тэхнікі, які вырабляем, стараемся адгрузіць, але плацяжы праходзяць ня вельмі добра”.

Спадар Семянцоў зьвяртае ўвагу, што апошнім часам расейцы пачалі перамяшчаць зборку сельгастэхнікі на сваю тэрыторыю. Купляючы яе на сваіх заводах, яны імкнуцца падтрымліваць расейскага ж таваравытворцу.

У Баранавічах падатковая інспэкцыя абвясьціла, што сума, якую
Найбагацейшы бізнэсовец у Баранавічах зарабляе 2 тысячы даляраў у месяц.
атрымае бюджэт з усіх дэкляраваных за 2008 год прыбыткаў, — найменшая за ўсе апошнія гады. Паводле афіцыйных зьвестак, найбагацейшы бізнэсовец у горадзе зарабляе 2 тысячы даляраў у месяц. Таму тамтэйшы эканаміст Мікалай Чарнавус заяўляе, што баранаўцы цяпер найбяднейшыя ў параўнаньні з жыхарамі падобных гарадоў:

“Яшчэ зь верасьня мінулага году заробкі пачалі зьніжацца. І ўсё горш ды горш. А цяпер, як заводы становяцца, то будзе яшчэ горай. Прыяжджала камісія з аблспажыўсаюзу. Што яны сказалі? Хлеб жа ня ўсюды аднолькава каштуе. А зарплаты — у Баранавічах меней, у Менску болей. Падаткі ж — аднолькавыя”.

Баранавіцкі дзяржаўны ўнівэрсытэт
У тутэйшым унівэрсытэце, які ў народзе называюць прэзыдэнцкім, заробкі значна меншыя, чым у менскіх выкладчыкаў. Гаворыць кандыдат навук Анатоль Янкоўскі:

“У параўнаньні зь іншымі ўнівэрсытэтамі і нават са школамі тут зусім мізэр плацяць. Асабліва цяпер. Паздымаюць прэміі. Чаму? Бо ён ня мае катэгорыі і мець ня будзе. Тут ня любяць кандыдатаў навук і дактароў. Пасады дэканаў, загадчыкаў катэдраў займаюць выпадковыя людзі”.

У бабруйскім акцыянэрным таварыстве “Славянка” нестае грошай на выплату заробкаў. Кіраўніцтва зьвярнулася па банкаўскі крэдыт, хаця й прызнае, што ўмовы яго атрыманьня нявыгадныя — высокія працэнтныя стаўкі:

“Цяпер простай сытуацыі няма на ніводным прадпрыемстве рэспублікі. Складанасьць у тым, што зьмяншаецца спажывецкі попыт. Складана, перадусім на расейскім рынку”.

Буйныя расейскія спажыўцы прадукцыі “Славянкі” альбо цалкам адмаўляюцца ад паслугаў прадпрыемства, альбо значна скарачаюць замовы. Бабруйскія швейнікі спадзяюцца на ўнутраны рынак. Больш за мільярд рублёў укладзена ў выраб школьнай формы. Як жа ў такіх умовах працуецца шараговым швачкам?

Плян настолькі вялікі, што тры чвэрці работнікаў сядзяць пасьля працоўнага часу.
“Калі ж уздымаецца пытаньне, адразу адказ: „Крызіс. Трэба больш працаваць — і будзеце больш зарабляць“. Рабіце плян, і будзеце мець грошы. А плян настолькі вялікі, што тры чвэрці работнікаў сядзяць пасьля працоўнага часу й выконваюць гэты самы плян”.

Ня лепшая сытуацыя й на магілёўскай фабрыцы “Вясьнянка”. У абласным цэнтры тут самая нізкая загрузка вытворчых магутнасьцяў. У прадпрыемства няма кантрактаў. Цяпер яно выконвае толькі адну замову з давальніцкай сыравіны. Страты “Вясьнянкі” складаюць 377 мільёнаў рублёў.

Днямі старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Віктар Шорыкаў абрынуўся з рэзкай крытыкай на кіраўніцу “Вясьнянкі” Натальлю Бярговіну й запатрабаваў ад яе выправіць сытуацыю:

Калі б у залі сядзелі цяпер голыя, тады б я зразумеў, што сапраўды крызіс прыйшоў. А вось паглядзі, яны ўсе апранутыя.
“Калі б у залі сядзелі цяпер голыя, тады б я зразумеў, што сапраўды крызіс прыйшоў. А вось паглядзі, яны ўсе апранутыя. Усе ў кашулях, усе ў паліто й плашчах. Значыць, запатрабаваная твая прадукцыя. Як хлеб патрэбная”.

Магілёўскія эканамісты, аднак, сумняюцца, што сытуацыю ў тэкстыльнай галіне рэгіёну можна выправіць толькі аднымі патрабаваньнямі. Неабходна шукаць новыя рынкі збыту, аднак ва ўмовах крызісу гэта амаль немагчыма. На 1 сакавіка страты прадпрыемстваў тэкстыльнай прамысловасьці толькі аднаго Магілёва склалі 3 мільярды рублёў.

Міжнародныя аўтаперавозкі ў зьвязку з крызісам зьменшыліся практычна напалову, значна зьменшыліся і заробкі. Гарадзенскія аўтаперавозчыкі зьбіраліся на сход і вырашылі прасіць дапамогі ва ўладаў: перш за ўсё, каб тыя дазволілі рабіць разьлікі пры экспарце ды імпарце ў беларускіх рублях. Дырэктар транспартнага прадпрыемства Ігар Храмогін лічыць, што ўлады павінны падтрымаць перавозчыкаў:

“Таму што гэта ў інтарэсах дзяржавы, у першую чаргу, каб грошы не сыходзілі за межы, а заставаліся тут, каб беларускія перавозчыкі плацілі і падаткі тут. Разьлікі ў беларускіх рублях — гэта дадатковая магчымасьць эканоміі валютных сродкаў. А мы гатовыя за беларускія рублі ехаць, таму што ўсё роўна трэба плаціць заробкі ў рублях, запраўка, падаткі”.

Спадар Храмогін параўноўвае сытуацыю беларускіх аўтаперавозчыкаў з польскімі:

“У нас няроўныя ўмовы канкурэнцыі зь перавозчыкамі-палякамі. У іх падаткі меншыя, іншыя лізінгавыя стаўкі, у іх адзіная мытная прастора ў ЭЗ. На жаль, мы прайграем. У Польшчы сто трыццаць тысяч машын, грузавікоў цяжкавагавых, якія выконваюць перавозкі, а ў Беларусі — дзевяць тысяч, таму розныя вагавыя катэгорыі”.

Міжнародныя перавозкі — адна з крыніцаў паступленьня валютных сродкаў у бюджэт, таму дагэтуль улады былі зацікаўленыя, каб транспартныя фірмы свае разьлікі ажыцьцяўлялі менавіта ў валюце.

“Палесьсе”
Трыкатажны гігант у Пінску, адкрытае акцыянэрнае таварыства “Палесьсе” — на мяжы эканамічнага краху. Склады затавараныя — вялікія аб’ёмы прадзіва ішлі на расейскі рынак, але цяпер туды немагчыма прадаць тавар. Вырашана вызваліць плошчы фабрыкі аб’ёмнага прадзіва і здаць будынак у арэнду. Галоўны інжынэр Уладзімер Маклакоў кажа, што пакуль ня вырашана, што там будзе:

“Параўнайце аб’ёмы, якія былі пра савецкай уладзе, і тыя аб’ёмы, якія зараз рэальныя — эксплюатаваць два будынкі няма сэнсу проста. Пару прапановаў было ад расейцаў — зрабіць тут супэр-, гіпэрмаркет, альбо нават два ў адным будынку. Ідэальны варыянт, канечне, каб прыйшоў добры інвэстар на нашу вытворчасьць, бо ёсьць нашы спэцыялісты. Проста так зрабіць з вытворчых будынкаў гіпэрмаркет — такіх некалькі варыянтаў. Але прамысловы будынак павінен прыносіць карысьць народнай гаспадарцы, а ня гандлю”.

Што будзе з працаўнікамі “Палесься” — пакуль невядома. Ткачыха з фабрыкі аб’ёмнага прадзіва Тацяна распавяла:

“Нас пастаянна трасе. Гэтым разам нас зноў адпраўляюць у неаплачаныя адпачынкі, і я прадчуваю, што гэты адпачынак скончыцца звальненьнямі. Таму што цяпер усе склады заваленыя прадзівам, яго ніхто не купляе. У лепшыя часы са збытам былі праблемы, а цяпер наагул мы загібаемся”.

Генэральны дырэктар прадпрыемства Яўген Кажамякін спадзяецца, што на замену састарэлага абсталяваньня, на мадэрнізацыю вытворчасьці “Палесьсе” атрымае з інавацыйнага фонду “Беллегпраму” 3 мільярды рублёў. Пад скарачэньне можа трапіць да 400 працаўнікоў, пераважна жанчын.

Шклозавод «Нёман»
На шклозаводзе “Нёман” у Лідзкім раёне пачалі затрымліваць выплату заробкаў. У прафкаме кажуць, што ў калектыўнай дамове зьмяніўся графік выплаты, а рабочыя сьцьвярджаюць, што ім пра гэта ніхто не паведамляў.

Гаворыць рабочы заводу спадар Мікалай:

“Звычайна давалі нават да 23-га, а да 25-га дакладна, а цяпер на некалькі дзён могуць і затрымаць”.

Старшыня прафкаму прадпрыемства Генрых Міхалькевіч кажа, што тэрміны выплаты заробку ў калектыўнай дамове зьмянілі:

“Былі зьмены, бо ад пачатку было запісана 25-га — толькі адзін дзень, але паколькі гэта стала нерэальна — зьмянілі. Цяпер запісана, што з 25-га па 30-га. Але што зробіш, калі такая сытуацыя, што 25-га ніколі не пасьпяваем разьлічыцца?..”

Прычына, са слоў старшыні прафкаму, у тым, што з-за крызісу своечасова не разьлічваюцца з заводам пакупнікі ягонай прадукцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG