На трох экранах гледачы бачаць шэсьць дзясяткаў партрэтаў людзей на кантрасьце зь дзясяткамі выяваў графіці.
Аўтары «Сьцяны» — Аляксей Андрэеў, стваральнік альманаху «Монолог», мастачка Ганна Балаш, кінарэжысэрка Галіна Адамовіч і гукарэжысэр Яўген Рагозін.
Прэзэнтацыя адбылася ў творчай прасторы «Корпус 8» у Менску 11 красавіка.
У інтэрвію Свабодзе Аляксей Андрэеў сказаў:
«Графіці на сьценах — гэта як сацыяльныя сеткі, гэта інфармацыйны шум. А мы канцэнтруем увагу на чалавеку».
Графіці фатаграфаваліся ў Менску, Львове, Вільні і Севастопалі.
«Хоць мы напачатку хацелі абмінуць палітыку, не атрымалася. Бо праект пачаў рэалізоўвацца ў 2015 годзе, калі быў пік увагі да Ўкраіны, — дадае Аляксей. — Менск, Львоў, Севастопаль — беларускі, украінскі і расейскі сьветы, якія канкуруюць у адзін час. А Вільня — той маячок, які, прынамсі для ўкраінцаў і беларусаў, сымбалізуе сьвет, зь якім хочацца быць у супольнасьці».
На графіці можна ўбачыць выяву Міхаіла Жызьнеўскага, прарасейскія карцінкі зь Севастопаля, сарказм наконт Пуціна ў Вільні ці заклік да барацьбы з рэжымам у Менску.
«У нас крыху больш за шэсьцьдзесят партрэтаў. Намагаліся выйсьці за межы свайго звыклага кола знаёмстваў. У нас ёсьць прадаўцы з Камароўскага рынку, сьвятары, салдаты. Але праўда жыцьця ў тым, што ўсё роўна ў праекце людзі, зь якімі мы зьвязаныя творчымі, делавымі адносінамі. Нават калі прадавец, то той, да якога ходзіш. Калі дзеці, то дзеці знаёмых», — сказаў Аляксей Андрэеў.
У праекце «Сьцяна» багата вядомых людзей. Сярод іншых дызайнэр Уладзімер Цэсьлер, пісьменьнік Адам Глобус, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч, пісьменьнік і публіцыст Сяргей Дубавец.
Узрост — ад малых дзяцей і да людзей сталага веку.
Выстава-відэаінсталяцыя працуе да 18 красавіка.