Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка абяцае замежным добраахвотнікам грамадзянства Ўкраіны


Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка шкадуе, што ў Беларусі і Расеі арыштоўваюць і засуджваюць сваіх грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях на Данбасе ў складзе ўрадавых збройных сілаў.

«Мне невядома пра гэты выпадак. Калі быў арыштаваны, вельмі шкадую. Але яны маюць усе падставы заставацца на тэрыторыі Ўкраіны. Калі ў Расеі ім пагражае небясьпека, пажадана ім заставацца на тэрыторыі Ўкраіны», — сказаў Пятро Парашэнка. Так ён адказаў на пытаньне журналіста, чаму ўлады не выконваюць свае абяцаньні надаць украінскае грамадзянства замежнікам, якія ваявалі на баку Ўкраіны.

Журналіст таксама нагадаў Пятру Парашэнку ягоную заяву ў Вярхоўнай Радзе ў сьнежні 2014 году, у якой ён абяцаў усім такім замежнікам украінскі пашпарт.

«Тое, што я гаварыў з трыбуны Вярхоўнай Рады, зроблена. Унесены праект закону, ён ухвалены і мною падпісаны. І тыя хлопцы, якія ваююць ва ўкраінскай арміі або ў батальёнах, якія пераведзеныя ў склад украінскай арміі, калі да таго часу не былі ва ўкраінскай арміі — яны прыроўненыя. Ужо прайшло два гады, і ня трэба было ехаць у Расею, у іх няма праблемаў з тым, каб заставацца ў шэрагах Узброеных сіл Украіны. І паводле спрошчанай працэдуры, у скарочаныя тэрміны, калі яны ваююць, атрымліваць грамадзянства», — заявіў Пятро Парашэнка.

Паводле ўкраінскага прэзыдэнта, працэдура атрыманьня добраахвотнікамі грамадзянства вызначаная законам і значна спрошчаная.

«На сёньняшні дзень ужо некалькі сотняў заяў знаходзяцца на разглядзе ў міграцыйнай службе, і гэтыя людзі атрымліваюць грамадзянства паводле спрошчанай працэдуры», — перакананы ён.

Насамрэч, украінскае грамадзянства атрымалі толькі адзінкі замежнікаў-добраахвотнікаў, у тым ліку два беларусы. Некаторыя беларускія добраахвотнікі прасілі міграцыйныя службы Ўкраіны надаць ім статус уцекача, але тыя адмаўлялі. Ёсьць таксама праблемы з атрыманьнем пасьведчаньня на часовае або сталае пражываньне ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG