«Нашы вайскоўцы ўзялі ў палон дваіх грамадзян Кітая, якія ваявалі ў расейскім войску. Гэта адбылося на тэрыторыі Ўкраіны — у Данецкай вобласьці. Ёсць дакумэнты гэтых зьняволеных, банкаўскія карткі, асабістыя дадзеныя», — заявіў Зяленскі.
Паводле Зяленскага, украінскія вайскоўцы ўступілі ў бой у Данецкай вобласьці (Тарасаўка, Белагароўка) з шасьцю кітайскімі вайскоўцамі, дваіх зь іх удалося ўзяць у палон.
Зяленскі не паведаміў падрабязнасьціў пра тое, калі менавіта кітайскія вайскоўцы трапілі ў палон. Таксама ён не ўдакладніў, хто імі камандаваў і ці былі палоненыя кітайскія вайскоўцы наймітамі або яны прыехалі ва Ўкраіну на тых жа ўмовах, што і паўночнакарэйскія вайскоўцы, у рамках пагадненьня дзьвюх краін.
«Маем інфармацыю аб тым, што такіх грамадзян Кітая ў падразьдзяленьнях акупанта значна больш, чым два. Цяпер высьвятляем усе факты. Працуюць выведка, СБУ, адпаведныя падразьдзяленьні Ўзброеных сіл», — заявіў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны даручыў міністру замежных спраў Андрэю Сібігу павінен неадкладна зьвязацца з Пэкінам і высьветліць, як Кітай зьбіраецца на рэагаваць на тое, што адбылося.
Таксама падчас прэс-канфэрэнцыі Зяленскі адзначыў, што ўлады ЗША могуць не прысутнічаць на паседжаньні па Ўкраіне ў Рамштайне, але Кіеву «ёсьць што абмеркаваць з амэрыканцамі», і «будзем верыць, што яны зьменяць сваю пазыцыю, асабліва пасьля сёньняшняй навіны».
«Уцягваньне Расеяй яшчэ і прама або ўскосна Кітая ў гэтую вайну ў Эўропе — гэта дакладны сыгнал, што Пуцін зьбіраецца рабіць што заўгодна, акрамя завяршэньня вайны. Ён шукае, як ваяваць далей. На гэта дакладна патрэбная рэакцыя. Рэакцыя ЗША, Эўропы і ўсіх, хто хоча, каб быў сьвет», — заявіў украінскі прэзыдэнт.
Неўзабаве пасьля заявы Зяленскага Міністэрства замежных спраў Украіны выклікала для тлумачэньня часовага паверанага ў справах Кітая. Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга падкрэсьліў, што Ўкраіна рашуча асуджае прыцягненьне Расеяй грамадзян Кітая да вайны і іх удзел у баявых дзеяньнях. Паводле яго, гэта «ставіць пад сумнеў пазыцыю Кітая аб міры і падрывае давер да Пэкіну як да адказнага пастаяннага чальца Рады бясьпекі ААН».
У Кітаі і Расеі заяву Зяленскага пакуль афіцыйна не камэнтавалі.
- Фармальна Кітай ніколі не падтрымліваў ніводзін з бакоў украінскага канфлікту і працягвае гандляваць і з Расеяй, і з Украінай. Аднак яго заявы пра неабходнасьць мірных перамоваў падтрымліваюць хутчэй наратыў Крамля ў адносінах да вайны ва Ўкраіне.
- У студзені праект украінскай службы Радыё Свабода «Схемы» выявіў, што пасьля ўвядзеньня санкцыяў Захаду ў 2022 годзе Кітай стаў адзінай крыніцай для Расеі галію і германію, а таксама адным зь лідэраў па пастаўках сурмы — хімічных элемэнтаў, неабходных для вытворчасьці зброі, у тым ліку ядзернай. Гэтыя мэталы імпартуюць у Расею дзяржаўныя і прыватныя кампаніі, так ці інакш зьвязаныя з расейскім вайскова-прамысловым комплексам, закупляючы іх у кітайскіх фірмаў зь дзяржаўным капіталам.
- У расьсьледаваньні, якое выйшла ў лютым 2025 году, Руская служба Радыё Свабода з дапамогай уцечкі выявіла ў базе пацыентаў мэдустановаў Галоўнага ваенна-мэдыцынскага ўпраўленьня Мінабароны Расеі імя грамадзяніна Кітаю. У перапісцы з Радыё Свабода 36-гадовы Вэй Дуань пацьвердзіў, што зьяўляецца грамадзянінам КНР і ўдзельнічаў у вайне ва Ўкраіне, але адмовіўся абмяркоўваць падрабязнасьці.
Форум