Эўразьвяз у рамках ініцыятывы EU4Belarus — SALT аб’явіў пра запуск новай праграмы падтрымкі для грамадзян Беларусі, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў, страцілі крыніцу даходу і магчымасьць атрымаць адукацыю.
Пра пачатак прыёму заявак паведаміў 6 красавіка ў Фэйсбуку старэйшы дарадца лідэркі дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Праграма разьлічаная на былых палітвязьняў, а таксама беларусаў і беларусак, якія зазналі адміністрацыйны або крымінальны палітычны перасьлед.
На момант падачы заяўкі чалавек павінен жыць (не раней за жнівень 2020 году) у адной з краін Эўразьвязу або Ўсходняга партнэрства (Армэнія, Азэрбайджан, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна). Выключэньне могуць складаць заяўнікі, якія змогуць даказаць, што пакінулі Беларусь раней за жнівень 2020 году з прычыны рэпрэсіяў і перасьледу, зьвязаных з прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году.
Памер падтрымкі да 10 000 эўра. На гэтую суму ў межах праграмы адзін чалавек можа займець падтрымку на:
- навучаньне і зборы (прафэсійная адукацыя, курсы павышэньня кваліфікацыі, моўныя курсы, курсы ваджэньня, сэртыфікацыя, настрыфікацыя, іспыты);
- выдаткі на пераклад дакумэнтаў;
- жыхарства ў інтэрнаце (для прафэсійнай адукацыі да 12 месяцаў);
- грамадзкі транспарт (для вочнага навучаньня працягласьцю ня менш за 1 месяц);
- падпіскі на праграмнае забесьпячэньне і лічбавыя плятформы, неабходныя для навучаньня і перападрыхтоўкі.
Плаціць будуць непасрэдна пастаўнікам паслуг адукацыі.
Падаць заяўку на ўдзел у праграме можна пад спасылкай.
Тэрмін падачы заявак — да сакавіка 2027 году.
Таксама Франак Вячорка апублікаваў даведнік аб працаўладкаваньні для былых палітвязьняў, якія вымушана пакінулі Беларусь (па-беларуску і па-расейску).
Раней у межах праграмы EU4Belarus — SALT Эўразьвяз ужо запускаў розныя праграмы стыпэндыяў для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў, выкладчыкаў і навукоўцаў, праграму падтрымкі вызваленых беларускіх палітвязьняў,
праграму падтрымкі рэпрэсаваных беларусаў для праходжаньня моўных курсаў і бюракратычных працэдураў.
Форум