Больш як тыдзень таму стала вядома пра зьнікеньне сьпікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Інфармацыі, дзе яна знаходзіцца, да гэтага часу няма. Выданьню «Люстэрка» ўдалося удалося крыху пагаварыць зь яе былым мужчынам — найперш пра тое, ці вядома яму, дзе цяпер Анжаліка.
Журналісты выданьня датэлефанаваліся да былога мужа Анжалікі Мельнікавай Андрэя раніцай 7 красавіка. На пытаньне, ці вядома яму, дзе знаходзіцца Анжаліка, якая, паводле намесьніка старшыні АПК Паўла Латушкі, зьнікла 25 сакавіка разам зь дзецьмі, мужчына адказаў:
«Не, вядома. Мы ж разьведзеныя. Чаму вы, дарэчы, мне ўсё тэлефануеце, калегаў з працы ўвесь час дастаеце?» — адказаў муж Мельнікавай Андрэй.
На пытаньне, ці знаходзяцца зь ім ягоныя і Анжалікі дзеці (у пары дзьве дачкі 7 і 13 гадоў), мужчына адказаў станоўча: «Так, са мной», — сказаў ён.
Таксама мужчына пацьвердзіў, што ён зь дзецьмі знаходзіцца ў Беларусі.
На іншыя ўдакладняльныя пытаньні муж Анжалікі Мельнікавай не адказаў, перапытаўшы, ці яму тэлефануюць «з паліцыі», а ў адказ на словы, што Мельнікава зьнікла, адказаў толькі: «Так, прапаў (чалавек — рэд.). Чакаем, калі зьявіцца».
На пытаньне, калі ён апошні раз размаўляў зь Мельнікавай, адказаў:
«Даўно ўжо. Натуральна, таксама хвалююся, куды яна зьнікла».
Таксама мужчына заявіў, што ў яго «наогул няма» ніякіх здгадак, дзе цяпер Анжаліка Мельнікава, і папрасіў журналістаў больш не тэлефанаваць.
Латушка: Мельнікава, хутчэй за ўсё, не ў Беларусі
Паводле апошняй інфармацыі ад польскіх праваахоўнікаў, сьпікерка Каардынацыйнай Рады Анжаліка Мельнікава не знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, але хутчэй за ўсе яна таксама не знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, паведаміў 7 красавіка намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта і кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка. Паводле яго, дакладнае месцазнаходжаньне Анжалікі Мельнікавай польскія праваахоўнікі ня выявілі.
Адначасова каманда НАУ тэхнічным спосабам выявіла, што яе тэлефон мог знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі 19 і 25 сакавіка, паведаміў Латушка.
На накіраваны раней запыт Латушкі ў Сьледчы аддзел Камэндатуры Варшаўскай паліцыі 7 красавіка атрыманы адказ па электроннай пошце, што папярэднюю вытворчасьць у справе аб зьнікненьні Мельнікавай вядзе аддзел па барацьбе з крымінальным тэрорам і забойствамі Камэндатуры паліцыі Варшавы. Зварот Латушкі пераадрасавалі ў вышэйзгаданы аддзел.
Іншыя дэталяў аб ходзе расьсьледваньня праваахоўныя органы Польшчы не паведамілі.
Што вядома пра зьнікненьне Анжалікі Мельнікавай
Пра тое, што 25 сакавіка зьнікла сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, паведаміў 28 сакавіка Павал Латушка. Ён распавёў, што падаў заяву аб зьнікненьні ў праваахоўныя органы Польшчы (у Анжалікі, акрамя беларускага, ёсьць польскае грамадзянства). Таксама стала вядома, што зьніклі і дочкі Мельнікавай, якія жылі зь ёй у Варшаве.
Раней зьявілася інфармацыя, што Мельнікава, хутчэй за ўсё, знаходзіцца не на тэрыторыі ЭЗ. Паводле зьвестак сакратарыяту Каардынацыйнай рады, яе былы муж можа цяпер быць у Беларусі. Дэлегаты КР ня бачылі Мельнікаву ўжо некалькі тыдняў, бо яна спаслалася на тое, што хварэе на COVID-19. Але яна заставалася на сувязі прынамсі да 21 сакавіка.
У гэты ж дзень прэс-сакратар польскага МУС Яцэк Дабжынскі паведаміў, што, паводле зьвестак польскіх і партнэрскіх службаў, Мельнікава на той момант ужо некалькі тыдняў знаходзілася па-за межамі Польшчы. Празь некалькі дзён Латушка са спасылкай на польскую паліцыю заявіў, што Мельнікава пакінула Польшчу яшчэ напрыканцы лютага і вылецела ў Вялікую Брытанію.
30 сакавіка чытачы «Люстэрка» паведамлялі, што бачылі былога мужа Мельнікавай разам з дочкамі ў Нясьвіжы. Раніцай 31 сакавіка Латушка заявіў, што мабільны тэлефон Анжалікі з 19 сакавіка таксама знаходзіцца ў Беларусі.
4 красавіка сузаснавальнік ініцыятываў BY_help і BYSOL Аляксей Лявончык, які жыве ў Вялікай Брытаніі, падаў заявы аб зьнікненьні Мельнікавай у паліцыю Лёндана і ў нацыянальную крымінальную агенцыю Вялікай Брытаніі.
Хто такая Анжаліка Мельнікава
Прадстаўніцу сьпісу «Каманда Латушкі і рух «За свабоду» Анжаліку Мельнікаву абралі сьпікеркай Каардынацыйнай рады трэцяга скліканьня 11 ліпеня 2024 году ад блёку «Каманда Латушкі і Рух „За Свабоду“», які значна апярэдзіў астатнія кааліцыі колькасьцю атрыманых галасоў і ў выніку заняў 28 з 80 месцаў у КР.
Мельнікава скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Да 2018 году была намесьніцай гендырэктара «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», пасьля пайшла ў дэкрэтны водпуск. У 2020-м яе двойчы затрымлівалі на пратэстах, у выніку сям’я выехала зь Беларусі.
З чэрвеня 2022 году яна была каардынатаркай праектаў «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» на чале з Паўлам Латушкам.
Выступаючы на паседжаньні Каардынацыйнай рады 10 ліпеня 2024 году, яна назвала асноўнымі кірункамі сваёй дзейнасьці ў выпадку выбраньня «працу ў інтарэсах беларусаў і вырашэньне канкрэтных праблем людзей», пашырэньне паўнамоцтваў КР і яе ўзаемадзеяньня з АПК, узьняцьце ўзроўню і прэстыжу КР, структурызацыю і якаснае асьвятленьне яе працы.
Форум