Вітаю, дружа!
У Менску дзівяцца раптоўнаму сьнегу. Здавалася, за мінулыя пяць гадоў кепскіх навін беларусы адвыклі так эмацыйна рэагаваць, пагатоў на прыродныя зьявы. А тут — сьнег у навінах! У нас у Вільні не мяло, хіба што пахаладнела, але сьвеціць сонца. І я зноў думаю пра гэтую загадкавую розьніцу ў прыродзе, хоць Вільня да Менску бліжэйшая за Магілёў — самы блізкі абласны цэнтар. Усяго нейкія 170 км. Быццам атмасфэра і антрапасфэра ў межах адной краіны ўзаемадзейнічаюць, і надвор’е залежыць ад таго, што адбываецца ў чалавечым сьвеце.
Праглядаю навіны, а мая жонка глядзіць перадачы пра прыроду — пра вульканы, марскія западзіны, пра клімат і космас, усялякія дзівосы ў жывёльным сьвеце. Там таксама нешта адбываецца штодня. Жонка кажа, што сапраўдныя навіны глядзіць якраз яна, бо там — пра рэальныя падзеі, прычыны і тое, да чаго ўсё ідзе. А я гляджу навіны выдуманыя і з гледзішча яе навінаў — дурныя, беспрасьветныя і шкодныя. Я пагаджаюся, бо паміж яе навінамі і маімі — прорва. Быццам людзі ўсё далейшыя ад сваёй плянэты, а яна — ад іх. Быццам мы кудысьці адляцелі, і зусім не да зор. Маю на ўвазе ўсе гэтыя тыраніі, войны, рэпрэсіі, якім няма канца. Хоць мы думалі, што сёньня ня той гістарычны час для гэтага ўсяго. І каб вярнуць сабе пачуцьцё рэальнасьці, трэба глядзець жончыны, сапраўдныя навіны.
Ты пытаесься, хто такая Анжаліка Мельнікава, пра якую цяпер шмат пішуць? Цяжка сказаць. Яна ўзначальвала Каардынацыйную раду апазыцыі, асабіста я зь ёй не знаёмы. На жаль, яе зьнікненьне стала самым заўважным з таго, што адбылося з КР. І самым невядомым. Ты памятаеш, я калісьці пісаў пра выбары ў КР, што яны ў такіх умовах павінны быць пэрсанальнымі — як выбары даверу, калі мы галасуем за тых, каго ведаем і ў кім не расчараваліся. Ну, але вырашылі выбірацца паравозікамі-сьпісамі, у якіх гэты матыў — давер — згубіўся.
Пра Мельнікаву я думаю, што не азвацца яна з уласнае волі не магла. Пра яе кажуць як пра разумную, адэкватную і адказную асобу. Яе зьнікненьне стала тэстам для ўсіх астатніх, для ўсёй беларускай дэмакратычнай публікі. Не пастаўленае свойчас пытаньне даверу цяпер перасьледуе КР усялякімі ўскоснымі спосабамі. І цяпер важныя не аб’ектыўныя факты, якіх мы ня ведаем і, магчыма, не даведаемся ніколі. Цяпер важныя ўяўленьні — хто што выбірае і вакол якога ўяўленьня гуртуецца. Уяўленьне — адзінае, што ў нас ёсьць. Але гэта ня так і мала. Той, хто ўяўляе, што «атрад страціў камандзіра», адчувае патрэбу ў мабілізацыі. Той, хто ўяўляе, што «ўцякла з грашыма», дапускае такое для самога сябе, таму ў прынцыпе ня бачыць сэнсу ні ў чым. Уяўленьне — гэта, лічы, люстэркавы адбітак сябе.
Я бачу кадры, дзе Анжаліка сьпявае «Слуцкіх ткачых» на словы Максіма Багдановіча і чамусьці згадваю песьню, якую калісьці даўно запісаў ад сваёй роднай бабулі:
Колькі раз я ў моры парынала,
Не дастала ў моры дна,
Я сваімі белымі рукамі
Адмахала ўсім людзям,
Я сваімі русымі касамі
Прыплывала к берагам.
Такі настрой.
Ведаеш, я думаю, што гісторыя для нас жыве ў нашых уяўленьнях пра гісторыю. Ніякай аб’ектыўнай гісторыі не існуе. І калі мы арыентуемся на нейкую аб’ектыўнасьць, мы часьцяком разбураем свае ўяўленьні, страчваем сэнс і матывацыю.
Я пра гэта зразумеў 22 сакавіка, калі адзначалі ўгодкі расправы з Кастусём Каліноўскім. Гэта адбылося ў Вільні ў 1864 годзе. Расейская акупацыйная адміністрацыя схапіла беларускага героя і павесіла яго на Лукіскім пляцы. Сам той дзень шмат разоў і ў дэталях апісаны рознымі аўтарамі — і збой народу каля шыбеніцы, і самое месца — цяпер яно паміж Музэем акупацыі і Кансэрваторыяй, і апошняе слова героя…
Але штосьці ўва ўсім гэтым мне муляла. А муляла дата — 22 сакавіка. І я пачынаю разумець тое, пра што сказаў: як аб’ектыўнасьць разбурае нашы супольныя ўяўленьні. Кастусь Каліноўскі ішоў на эшафот, будучы перакананым, што сёньня — 10 сакавіка — дзень ягонае страты, страшны і слаўны для гісторыі Беларусі дзень. Слаўны, бо стаў здабыткам нашага ўяўленьня пра гераічную мінуўшчыну беларускай нацыі. 10 сакавіка. Нават візуальна ўяўляецца вобраз, набрынялы крывёю.
Каляндарная дата — быццам бы дробязь. Так аб’ектыўны чыньнік разбурае маё ўяўленьне. У выніку мы з Каліноўскім глядзім на гэты дзень не зусім аднолькава, мой зрок моцна слабне і ў пэўным сэнсе я страчваю сувязь з героем.
Тое самае, дарэчы, адбываецца і з датай нараджэньня. Каліноўскі быў перакананы, што прыйшоў на сьвет 21 студзеня, а мы кажам — 2 лютага. Дата нараджэньня для кожнага чалавека ня толькі знак ягонай асабістай ідэнтычнасьці, але і нагода для самаасэнсаваньня (напрыклад, хто яшчэ нарадзіўся ў твой дзень). Хтосьці будзе шукаць сэнсы ў нумаралёгіі ці астралёгіі. І вось «аб’ектыўнасьць» разбурае ўсе гэтыя пошукі і ўяўленьні.
Зразумела, розьніца — у старым і новым стылях, і даты юліянскага календара належыць замяняць датамі грыгарыянскага. Гэткая існуе як бы аб’ектыўнасьць. А ўся рэч у тым, што ўяўленьні беларусаў такім чынам ламала русыфікацыя. Беларусь у складзе Вялікага Княства перайшла на новы стыль у 1582 годзе, разам з усёй рэнэсансавай Эўропай. І ўсё было б добра, калі б у 1796 годзе нашыя землі не апанавала Расея, якая так і жыла паводле старога стылю, а таму вярнула і Беларусь, беларускіх людзей у гэты стары каляндар. На новы стыль расейскія бальшавікі пяройдуць толькі ў 1918 годзе. І ў тым, што Беларусь больш за сто гадоў мусіла пераглядаць свае ўяўленьні пра самую сябе, насамрэч не было нічога аб’ектыўнага. Быў толькі гвалт.
У журналістыцы аб’ектыўнасьць і праўда фактаў зьяўляецца тады, калі факт пацьверджаны з дзьвюх і болей незалежных міжсобку крыніц, якія заслужылі давер публікі. То бок — узьнікае з сукупнасьці аўтарытэтных уяўленьняў. Гэты прынцып працуе і пры ўзьнікненьні палітычных нацыяў, і пры стварэньні законаў… Кансэнсус вызначаецца на выбарах або рэфэрэндумах (дзе, вядома ж, сумленна лічаць галасы). Калі гэтага няма, усё расплываецца, нацыя зь яе ўяўленьнямі выключаецца з палітыкі, законы ня дзейнічаюць, усталёўваецца аўтарытарызм правіцеля, які і вызначае, што лічыць «аб’ектыўным». Як кажа расейская прапагандыстка Скабеева студэнтам маскоўскага журфаку: «Аб’ектыўнай праўды не існуе». То бок хлусьня — не загана, а норма і форма ўлады.
Для беларусаў гэта і ёсьць самая што ні ёсьць русыфікацыя. Нам кажуць, што мы як бы і ня нацыя, не зважаючы на тое, што мы ўяўляем сябе нацыяй.
Або — як інакш растлумачыць, што мы жывем па маскоўскім часе, то бок узімку розьніца ў часе ў нас на польскай мяжы 2 гадзіны, а на расейскай — нуль. Гэта і ёсьць «аб’ектыўная рэальнасьць», якой «не існуе»…
Што ў такім выпадку адбываецца з уяўленьнямі беларусаў, якім, выглядае, прасьцей ня мець ніякіх уяўленьняў, або замыкацца ў сабе і ад іншых, не ўтвараючы супольнасьці пад назвай народ, які, між іншым, паводле Канстытуцыі, ёсьць крыніцаю ўлады. Але ж «аб’ектыўнага» не існуе.
Расея ў такім стане жыве, колькі сябе помніць. А ў нас самі сабою спрацоўваюць нашы ўяўленьні, яшчэ жывыя, нягледзячы на ўсе іх разбурэньні.
Расейцы ў большасьці — за вайну супраць Украіны, беларусы ў большасьці — супраць вайны. І гэтае наша супольнае ўяўленьне, гэты кансэнсус, як пацьверджаньне факту з розных крыніц, робіць нас нацыяй у адрозьненьне ад расейцаў — імпэрскага народу. Беларусь упіраецца, сядзіць у турмах, уцякае ў эміграцыю, замыкаецца ў сабе. І такім чынам — жыве. У нашых супольных уяўленьнях.
Напішы мне, што ты пра гэта думаеш.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум