Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Анжаліка зьбірала дадзеныя для складаньня кантрактаў па супрацы з Каардынацыйнай радай». Калегі Мельнікавай — пра апошнія размовы зь ёй


Анжаліка Мельнікава на канфэрэнцыі «Новая Беларусь». Вільня, 4 жніўня 2024 году
Анжаліка Мельнікава на канфэрэнцыі «Новая Беларусь». Вільня, 4 жніўня 2024 году

Амаль два тыдні няма ніякіх зьвестак пра сьпікерку Каардынацыйнай рады Анжаліку Мельнікаву. Свабода знайшла калег Анжалікі, якія размаўлялі зь ёй ужо пасьля таго, як нібыта яе тэлефон быў зафіксаваны ў Беларусі.

Сувязь з жанчынай зьнікла з 25 сакавіка. Кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка паведаміў пра гэта 27 сакавіка. Ён жа напісаў заяву ў польскую паліцыю.

Анжаліка Мельнікава — сьпікерка Каардынацыйнай рады (КР) беларускай апазыцыі, а раней каардынатарка праектаў «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) на чале з Паўлам Латушкам. Пасьля пратэстаў 2020 года Мельнікава зь сям’ёй пакінула Беларусь і выехала спачатку ва Украіну, а пасьля ў Польшчу. Там яна заснавала фонд Białoruś Liberty, празь які праходзіла фінансаваньне для Каардынацыйнай рады і ананімнай хакерскай групы «Кібэрпартызаны».

Кароткая храналёгія

З 24 сакавіка ў сяброў НАУ з’явіліся падазрэньні наконт таго, што адбываецца з Анжалікай Мельнікавай. Па словах Паўла Латушкі, апошняя камунікацыя зь ёй адбылася 25 сакавіка раніцай. Візуальна падчас сазвону ў зуме яе бачылі 21 сакавіка — пры гэтым невядома, адкуль яна ўключалася.

27 сакавіка Павал Латушка падаў афіцыйны зварот ў Камэндатуру паліцыі Варшавы ў сувязі са зьнікненьнем Анжалікі і яе дачок. Ён адзначаў, што ў нефармальным парадку інфармаваў паліцыю за «дзень-два» да 27-га. Асабіста ён бачыў Анжаліку ў канцы лютага ў офісе.

Паводле польскай паліцыі, Мельнікава напрыканцы лютага вылецела за межы Эўразьвязу — у Лёндан — зь дзьвюма дочкамі. Былы муж Анжалікі выехаў з Польшчы ў Беларусь аўтобусам 23 сакавіка.

НАУ самастойна вызначыў, што мабільная прылада Мельнікавай была лякалізаваная на тэрыторыя Беларусі 19 і 25 сакавіка. Пры гэтым адзін зь яе гаджэтаў яшчэ 18 сакавіка знаходзіўся ў Варшаве.

Журналістам «Люстэрка» 7 красавіка ўдалося датэлефанавацца да былога мужа Мельнікавай, які пацьвердзіў, што ён разам з іх дзецьмі знаходзіцца ў Беларусі. Дзе Анжаліка — ён ня ведае.

У інтэрвію Свабодзе Павал Латушка адзначыў, што пакуль праваахоўныя органы Польшчы ня вызначылі месца знаходжаньня Анжалікі Мельнікавай.

Паліцыя лічыць больш верагодным, што Анжаліка не ў Беларусі. Але гэта хутчэй дапушчэньне

«Яны пацьвярджаюць, што яна пакінула тэрыторыю Польшчы, пакінула тэрыторыю Эўрапейскага Зьвязу. Яны лічаць больш верагодным, што яна не знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Але гэта хутчэй дапушчэньне, — адзначыў Латушка. — Мы зыходзім з той інфармацыі, якую ўдалося нам устанавіць, і гэтая інфармацыя сьведчыць аб тым, што адбылося лягаваньне тэлефона Анжалікі Мельнікавай 19 сакавіка і 25 сакавіка ў горадзе Менску ў Беларусі».

Свабода пагаварыла з калегамі Анжалікі Мельнікавай, якія размаўлялі зь ёю незадоўга да афіцыйнай заявы пра яе зьнікненьне. Паводле нашых крыніц, Анжаліка зьбірала дадзеныя для складаньня кантрактаў па супрацы з Каардынацыйнай радай — гэта пашпартныя зьвесткі, адрас, нумар банкаўскага рахунку. Размовы адбываліся тады, калі, паводле інфармацыі Паўла Латушкі, тэлефон Анжалікі нібыта ўжо фіксавалі ў Беларусі.

«Мы размаўлялі па працы. Размова была самая звычайная, яна была спакойная, жартавала. Абсалютна нічога не паказвала, што нешта здарылася», — распавёў Свабодзе адзін з сяброў Каардынацыйнай Рады.

Паводле выканаўцы абавязкаў сьпікера Каардынацыйнай рады Станіславы Гліньнік, сябры арганізацыі зьвярнуліся ў польскае МУС з прапановай дапамогі ў расьсьледаваньні, калі паліцыі будзе патрэбная ад іх інфармацыя:

Мы сабралі досыць поўную карціну, але гэта не дапамагае зразумець, што адбылося

«На сёньняшні дзень мы сабралі досыць поўную карціну, хто і калі кантактаваў з Анжалікай унутры Каардынацыйнай рады, але гэта не дапамагае зразумець, што адбылося».

Павал Латушка кажа, што накіраваў лісты ў шэраг праваахоўных установаў Польшчы з просьбай падаць адпаведную інфармацыю:

«На жаль, мы павінны канстатаваць, што праваахоўныя органы Польшчы даволі скупа прадстаўляюць інфармацыю аб тым, якія зьвесткі ім удалося атрымаць у рамках дасьледаваньня, якое зьвязанае са зьнікненьнем Анжалікі Мельнікавай».

На запыт Радыё Свабода прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных справаў справаў і адміністрацыі Яцэк Дабжыньскі паведаміў, што яны не даюць ніякай інфармацыі пра зьнікненьне сьпікеркі Каардынацыйнай рады.

З словаў Паўла Латушкі, які спасылаецца польскую паліцыю, Анжаліка Мельнікава вылецела ў Лёндан разам зь дзецьмі:

«Анжаліка Мельнікава, калі плянавала свой адпачынак, паінфармавала каманду пра тое, што яна плянуе выехаць у Вялікую Брытанію. Пазьней падчас маёй сустрэчы ў камэндатуры сталічнай паліцыі ў Варшаве, мне пацьвердзілі, што яна разам зь няпоўнагадовымі дочкамі выехала ў Лёндан».

У сацыяльных сетках Анжалікі Мельнікавай фатаздымкі зь Лёндану датуюцца сьнежнем 2024 году.

Сузаснавальнік ініцыятываў BY_help і BySOL Аляксей Лявончык, які мае брытанскае грамадзянства, 4 красавіка падаў заявы аб зьнікненьні Анжалікі Мельнікавай у паліцыю Лёндану і ў Нацыянальнае агенцтва расьсьледаваньня злачынстваў:

«Я зьбіраюся таксама паехаць у аэрапорты Гітроў і Лутан, куды яна магла тэарэтычна прыляцець, каб падаць заяву там у памежную ахову. Я разумею, што гэтую інфармацыю мне могуць ня выдаць, бо гэта таямніца сьледзтва, але, мне здаецца, мы павінны нейкія высілкі прыкладаць, дзе знаходзіцца Анжаліка, бо такое зьнікненьне вельмі моцна нагадвае 1996–2000-я гады, калі зьнікалі апанэнты Лукашэнкі».

Аляксей Лявончык у бліжэйшы час плянуе яшчэ шэраг дзеяньняў, скіраваных на тое, каб трымаць справу Анжаліку Мельнікавай у фокусе.

«Кібэрпартызаны» дагэтуль ня маюць доступу да фонду

Беларуская супольнасьць ананімных хакераў «Кібэрпартызаны» дагэтуль ня мае доступу да фонду, якім кіравала Анжаліка Мельнікава і празь які ішлі грошы для іх у тым ліку, але працягвае займацца гэтай справай.

Афіцыйная прадстаўніца «Кібэрпартызанаў» Юльяна Шаметавец адмовілася камэнтаваць Свабодзе сытуацыю, дадаўшы, што яны займаюцца расьсьледаваньнем, каб высьветліць, што здарылася з Анжалікай Мельнікавай.

Павал Латушка ня ведае, ці спрабавалі праваахоўныя органы наладзіць кантакт з былым мужам Анжалікі. Не адказаў ён і яе калегам па Каардынацыйнай Радзе і НАУ.

Але журналісты «Люстэрка» дазваніліся да Андрэя Мельнікава раніцай 7 красавіка. Ён пацьвердзіў ім, што знаходзіцца ў Беларусі і што зь ім — іх дзеці. Дзе Анжаліка, ён ня ведае: ён хвалюецца, куды яна зьнікла, але згадак, дзе можа быць Анжаліка, у яго няма. «Без паняцьця», — адказаў Андрэй Мельнікаў журналістам.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG