Экс-генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн пракамэнтаваў сваё прызначэньне пазаштатным дарадцам прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.
У сваім Twitter Расмусэн адзначыў, што з радасьцю прыняў прызначэньне ў якасьці кансультанта.
«Буду рабіць усё магчымае для ўмацаваньня бясьпекі, эканамічных рэформаў і ўмацаваньня сувязяў з ЭЗ», — адзначыў Расмусэн.
Былы кіраўнік НАТО ахарактарызаваў сытуацыю зь бясьпекай ва Ўкраіне як трывожную. Ён адзначыў, што Ўкраіна павінна пачаць барацьбу з карупцыяй і прыступіць да правядзеньня рэформаў.
27 траўня Пётр Парашэнка прызначыў былога генэральнага сакратара НАТО Андэрса Фог Расмусэна сваім пазаштатным дарадцам. У 2001-2009 гадах Расмусэн узначальваў урад Даніі, а з 2009 па 2014 гады займаў пасаду генэральнага сакратара НАТО.
Першы намесьнік кіраўніка камітэту Дзярждумы па міжнародных справах Леанід Калашнікаў назваў прызначэньне Расмусэна дарадцам Парашэнкі варожым Расеі жэстам. «Прызначэньне Расмусэна кажа пра тое, што вэктар руху, які абрала для свайго дрэйфу Ўкраіна, будзе ў накірунку да Захаду і НАТО», — цытуе Калашнікава «Інтэрфакс».