На катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту 7 і 8 красавіка прайшлі навуковыя канфэрэнцыі, у цэнтры ўвагі якіх была Беларусь.
У першы дзень, 7 красавіка, прайшла Міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Польска-беларускія моўныя, культурныя і літаратурныя сувязі». Канфэрэнцыю падзялілі на пяць сэкцыяў, дзьве зь якіх мелі адмысловыя прысьвячэньні — 10-годзьдзю глётадыдактычнай майстэрні (глётадыдактыка — навука аб працэсах, зьвязаных з выкладаньнем мовы і навучаннем ёй) і творчасьці беларускага пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча.
Тэматыка выступаў на іншых сэкцыях была разнастайнай, ад «Праблемы (ня)веданьня пра Беларусь на Захадзе» і «Выкарыстаньня лацінкі ў інтэрнэт-дыскурсе» на прыкладах Беларусі з Украінай да «Сынаніміі ў „Аповесьці пра трох каралёў-валхвоў“» і выцінанак Станіслава Муліцы.
Пра дасьледаваньні ў галіне глётадыдактыкі, сярод іншых, расказаў кіраўнік майстэрні і колішні кіраўнік катэдры беларусістыкі прафэсар Радаслаў Калета. Ягоная навуковая дзейнасьць прысьвечаная дасьледаваньням тэорыі выкладаньня беларускай мовы як замежнай, навукоўца дасьледуе тэорыю моўных памылак, характэрных для вывучэньня замежных моў.
На другой згаданай асобна сэкцыі спэцыяльным госьцем быў сам Альгерд Бахарэвіч, які прыехаў у Варшаву разам з жонкай, пісьменьніцай Юліяй Цімафеевай. Ён узяў паўдзельнічаў у дыскусіях з навукоўцамі наконт сваёй творчасьці і розных яе аспэктаў.
Акрамя Бахарэвіча, госьцем канфэрэнцыі стаў былы беларускі палітык, а цяпер канцлер Беластоцкага вольнага ўнівэрсытэту Аляксандар Мілінкевіч.
Сярод вядомых навукоўцаў у канфэрэнцыі ўзялі ўдзел Жанна Некрашэвіч-Кароткая, Лілея Плыгаўка, Вікторыя Ляшук, Уладзіслаў Іваноў, Віктар Корбут, Алена Глагоўская і іншыя.
8 красавіка прайшла IV Міждысцыплінарная студэнцка-асьпіранцкая канфэрэнцыя «Беларусь — тэксты і кантэксты». У ёй узялі ўдзел навукоўцы з 8 розных унівэрсытэтаў з чатырох краінаў.
Тэматыка выступаў таксама была разнастайнай — ад канфэрэнцыі мовазнаўцаў 1942 году і аналізу беларускага сэгмэнту «фінфікшэна» да вобразу Беларусі ў дасьледаваньнях францускіх навукоўцаў і фармаваньня тоеснасьці беларускіх палякаў у 1990-2000-х гадах.
Арганізатары і ўдзельнікі канфэрэнцыі адзначалі, што беларусістыка працягвае разьвівацца, штогод навукоўцы розных ступеняў і дасьведчанасьці робяць новыя адкрыцьці і прыходзяць да чарговых высноваў. Аднак сёлета, як і летась, вельмі бракуе сувязяў з самой Беларусьсю. Праз палітычны рэжым, які за апошнія гады шматкроць узмацніў перасьлед іншадумства, шэраг навуковых дасьледаваньняў зрабіўся на тэрыторыі Беларусі немагчымым.
Таму ў беларусазнаўчых канфэрэнцыях, кангрэсах і сустрэчах, як і ў Варшаве, пераважна бяруць удзел або беларускія навукоўцы, якія жывуць за мяжою, або замежнікі, якіх цікавіць праблематыка Беларусі. За апошнія гады былі страчаныя або істотна скарочаныя кантакты беларускіх унівэрсытэтаў з замежнымі.
Форум