За Саакашвілі ідзе Лэван Гачэчыладзэ, кандыдат ад кааліцыі дзевяці апазыцыйных партыяў, з 28,5% галасоў. Астатнія кандыдаты набралі па 6 і меней адсоткаў галасоў.
23% апытаных адмовіліся паведаміць, за каго яны прагаласавалі. Пагрэшнасьць у выніках экзыт-полаў складае, паводле арганізатараў, плюс-мінус 2%.
Іншыя экзыт-полы падаюць адрозныя вынікі, але яны не пацьверджаныя незалежнымі крыніцамі.
Для беларускай “Свабоды” з Тбілісі паведамляе Аляксандар Лукашук:
“Я стаю на самым пачатку праспэкту Шата Руставэлі, каля помніка яму. Горад ярка асьветлены, чуецца музыка. Самае нечаканае сёньня ў Тбілісі тое, што пайшоў моцны сьнег, а гэта, паводле жыхароў горада, вельмі рэдкая рэч, яны ня памятаюць, колькі гадоў таму такое было магчыма... Такім чынам, выбары праходзяць пад сьнегападам.
Я праехаў сёньня па горадзе і пабываў у розных месцах – плякаты выбарчыя ёсьць, але сёньня, як і ўчора, агітацыя забароненая, і нельга сказаць, што горад перанасычаны нагляднай агітацыяй”.
Ціхановіч: “Якая цікаўнасьць да выбараў, які ўдзел у іх?”
Лукашук: “Калі гаварыць пра Тбілісі, я быў на некалькіх выбарчых участках, і на двух зь іх за дзьве гадзіны да закрыцьця прыйшлі прагаласаваць 50% тых, хто ўнесены ў выбарчыя сьпісы. Паводле заканадаўства аб выбарах у Грузіі, колькасьць тых, хто зьявіцца на выбары, не ўплывае на сам вынік выбараў, любая яўка ёсьць дастатковай. Прадстаўнікі апазыцыі і назіральнікі казалі, што на яўку крыху паўплывала надвор’е. На мінулых выбарах яўка была крыху большая, чым цяпер”.
Ціхановіч: “Назіральнікі адзначалі, што гэтыя выбары стануць праверкай на тое, ці стала Грузія пасьля “рэвалюцыі ружаў” дэмакратычнай краінай. Ці адзначаюць назіральнікі сёньня нейкія парушэньні?”
Лукашук: “Мы павінны разумець, што выбары – гэта ня толькі працэс галасаваньня, але і тое, што адбывалася перад імі: умовы доступу розных прэтэндэнтаў да сродкаў масавай інфармацыі, фінансавыя магчымасьці, роўныя магчымасьці доступу да выбарцаў, і вось ацэнку гэтага ўсяго зробяць міжнародныя назіральнікі, якіх тут каля 3 тысячаў, у тым ліку паўнавартасная назіральная місія АБСЭ.
Заўвагі назіральнікаў носяць чыста тэхнічны характар і пераважная большасьць зь іх не магла быць выкарыстаная на карысьць таго ці іншага боку.
Паводле кіраўніка Арганізацыі маладых юрыстаў, толькі іх арганізацыя выставіла 400 назіральнікаў у трох гарадах. На гэты момант яны атрымалі 182 паведамленьняў пра заўвагі. Я спытаўся, якога характару гэтыя заўвагі, і яны насілі чыста тэхнічны характар, пераважная большасьць зь іх не магла быць выкарыстаная на карысьць таго ці іншага боку.
Напрыклад, вельмі распаўсюджаная заўвага – гэта тое, што ў сьпісах ёсьць людзі, якія ўжо памерлі альбо пераехалі жыць за мяжу, а рэгістрацыі на працягу некалькіх гадоў не праводзілася.
Я хацеў бы нагадаць нашым слухачам, што адно з пытаньняў, якое вырашаецца сёньня ў Грузіі (паралельна з прэзыдэнцкімі выбарамі праводзіцца плебісцыт, вынікі якога, аднак, не зьяўляюцца абавязковымі для выкананьня ў адрозьненьне ад вынікаў рэфэрэндуму) – гэта пытаньне аб далучэньні Грузіі да НАТА. Пытаньне не стаіць, далучыцца яна заўтра ці не, але ў жыхароў пытаюцца – ці лічыце вы гэта правільным?
На праспэкце Руставэлі я спытаўся ў жанчыны, як яна прагаласавала ў пытаньні далучэньня да НАТА, і яна адказала: “Я за дружбу”. Я спытаўся, а ці не палічыць Расея дружбу з НАТА сяброўствам супраць яе, на што яна адказала: “Мы не сябруем супраць Расеі, мы проста сябруем”.
Ціхановіч: “Якое адрозьненьне атмасфэры грузінскіх выбараў ад беларускіх?”
Лукашук: “Я б сказаў, што адрозьненьне, якое адразу кідаецца ў вочы – празрыстасьць. Празрыстыя урны, у якія кідаюцца бюлетэні. На кожным выбарчым участку – 2 відэакамэры, якія цалкам здымаюць усё, што адбываецца на прасторы галасаваньня і будуць здымаць падлік галасоў. Вось гэтая празрыстасьць – вельмі важны паказьнік. І ўрад, і парлямэнт, і палітычныя партыі зрабілі выснову з таго, што адбылося два месяцы таму, і хочуць прадэманстраваць і сабе, і сьвету, што яны зрабілі ўсё магчымае, каб гэтыя выбары былі легітымныя”.
Паводле дадзеных экзыт-полаў, у пытаньнях плебісцыту 63.6% выказаліся за правядзеньне ўвесну парлямэнцкіх выбараў і 61% - за сяброўства Грузіі ў НАТА.