Аглядальнікі называюць суботнія прэзыдэнцкія выбары ў Грузіі – рэфэрэндумам пра давер Рэвалюцыі Ружаў і чалавеку, які ў выніку той рэвалюцыі прыйшоў да ўлады – Міхаілу Саакашвілі. У прагнозах аналітыкаў пераважае меркаваньне, што Саакашвілі будзе пераабраны на другі тэрмін. Апазыцыя скептычна ставіцца да магчымай перамогі Саакашвілі ў першым туры, але гатовая прыслухацца да высноваў міжнародных назіральнікаў.
Паводле Канстытуцыі, у часе выбарчай кампаніі краінай кіруе сьпікер парлямэнту Ніно Бурджанадзэ.
На прэзыдэнцкіх выбарах у Грузіі – 7 кандыдатаў. Былы прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі балятуецца на другі тэрмін. Ён прапанаваў дату датэрміновых выбараў пасьля масавых пратэстаў апазыцыі у першай дэкадзе лістападу летась. Улады Грузіі неаднаразова заяўлялі, што за пратэстамі стаіць Масква. У часе пратэстаў апазыцыі ня раз гаварылася, што ад апанэнтаў Саакашвілі павінен быць выстаўлены адзіны кандыдат, але гэтага не адбылося.
Мэдыі спрыялі Саакашвілі
40-гадовы Саакашвілі, які пакінуў пасаду прэзыдэнта дзеля вядзеньня гэтай кампаніі, амаль пастаянна прысутнічаў у эфіры кантраляванага дзяржавай тэлебачаньня. Апазыцыйныя кандыдаты мелі значна менш часу. Крытыку выклікала навагодняе віншаваньне Саакашвілі, які ўжо не зьяўляецца кіраўніком краіны. Але ён першым зьвярнуўся да нацыі, а пасьля ўжо патрыярх Ільля Другі і выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ніно Бурджанадзэ.
Паводле маніторынгу АБСЭ, дзяржаўнае тэлебачаньне аддавала 40 працэнтаў часу для асьвятленьня дзейнасьці Саакашвілі, у той час як кандыдат ад партыі Новых правых Давід Гамкрэлідзэ атрымаў толькі 17 працэнтаў. Міжнародныя назіральнікі маюць і іншыя прэтэнзіі да выбарчай кампаніі ў Грузіі. Кажа кіраўнік назіральнай місіі АБСЭ Дытэр Бодэн:
"Мы ўбачылі, што гэта вельмі палітызаваныя кампанія, не заўсёды спрыяльная для дыскусіі пра важныя пытаньні. І гэта яе галоўная характарыстыка і вялікі недахоп. Таксама ёсьць праблемы зь сьпісамі выбарцаў; мы зафіксавалі некалькі выпадкаў, калі людзей запалохвалі".
Кіраўнік Рэспубліканскай партыі Давід Усупашвілі, які падтрымлівае кандыдата ад аб'яднанай апазыцыі Лявана Гачэчыладзэ адзначае праблему інфармаваньня, бо з праблемамі сутыкнуліся галоўныя незалежныя СМІ. Тэлеканал Імэдзі, які спыніў трансьляцыі пасьля ўвядзеньня надзвычайнага становішча ў лістападзе, адмовіўся працаваць у часе выбараў, спаслаўшыся на ціск як з боку ўладаў, так і непраўладных сілаў.
Кандыдаты на розныя густы
Адной з апошніх гарачых тэм, датычных грузінскіх выбараў – удзел у кампаніі вядомага бізнэсоўца Бадры Патаркацышвілі. Ён перамяніў сваё рашэньне ня браць удзелу ў выбарах і застаецца ў прэзыдэнцкай гонцы. Патаркацышвілі спаслаўся на сваю размову з патрыярхам Грузіі Ільлём Другім, але вядома, што апошні заўсёды падкрэсьліваў адасобленасьць царквы ад палітыкі. У распаўсюджанай сёньня заяве грузінская праваслаўная царква, не называючы імёнаў, паведамляе, што хоча прэзыдэнта, які паважае рэлігію.
Згаданы ж Патаркацышвілі заяўляе, што лічыць фаварытам кампаніі кандыдата ад аб'яднанай апазыцыі Левана Гачэчыладзэ. Іншы кандыдат на прэзыдэнта Грузіі Георгі Маісашвілі назваў бізнэсоўца Патаркацышвілі авантурыстам, які грае на карысьць зьнешніх груп, што непрымальна для Тбілісі.
Тры іншыя партыі – левая Лейбарысцкая, амаль невядомая партыя За будучыню і прарасейская Надзея – таксама прапануюць сваіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта – Шалву Натэлашвілі, Гію Маісашвілі і Ірыну Сарышвілі. Тбіліскі аналітык Гія Нодыя кажа:
"З аднаго боку, гэта першыя сапраўдныя альтэрнатыўныя выбары ў Грузіі. І гэта пазытыўны аспэкт. З другога боку, гэта таксама праблема, бо калі такія высокія стаўкі ў часе выбараў, то адпаведна вялікі ўзровень напружаньня і недаверу".
Дэманстрацыю апазыцыі не дазволілі
Калі адбыліся каляровыя рэвалюцыі ва Ўкраіне і Кыргызстане, многія глядзелі на Тбілісі як на прыклад дэмакратызацыі на постсавецкай прасторы. Але надзеі на Грузію пахіснуліся ў лістападзе мінулага году, калі ўлады ўжылі сілу супраць дэманстрантаў, якія патрабавалі адстаўкі Саакашвілі. Увядзеньне надзвычайнага становішча стала яшчэ адным расчараваньнем. Праваабарончая арганізацыя "Freedom House" папярэджвае, што Тбілісі ў пытаньні палітычных правоў і грамадзянскіх свабод у 2007 годзе моцна скіравалася ў няправільным кірунку.
Мэрыя Тбілісі адмовіла апазыцыі правесьці 6-га студзеня ў нядзелю дэманстрацыі на праспэкце Руставэлі. Нагадаю менавіта там 7-га лістапада мінулага году адбыліся сутычкі прыхільнікаў апазыцыі і міліцыянтаў. Сьпікер парлямэнту Ніно Бурджадандзэ зьвінаваціла апазыцыянэраў у тым, што яны рыхтуюцца да новых антыўрадавых выступаў і дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне.
Першыя вынікі выбараў прэзыдэнта Грузіі Цэнтарвыбаркам агалосіць у нядзелю, канчатковыя вынікі будуць вядомыя праз 4 дні. Калі ніводзін з кандыдатаў не набярэ больш за 50 працэнтаў галасоў, будзе прызначаны другі тур. У нядзелю ў перадачы "Праскі акцэнт" – аналіз выбарчай кампаніі ў Грузіі.