Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады заняліся замежнымі ксяндзамі і місіянэрамі


Алесь Дашчынскі, Менск Старшыня камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Леанід Гуляка заявіў, што на пачатку 2008 году будзе падрыхтавана новая рэдакцыя Палажэньня аб парадку запрашэньня ў Беларусь замежных грамадзянаў для займаньня рэлігійнай дзейнасьцю. Паводле агенцтва БЕЛТА, кампэтэнтныя дзяржаўныя органы атрымаюць права без тлумачэньняў адмаўляць замежным сьвятарам ці прапаведнікам ва ўезьдзе ў Беларусь.

Гэтая заява была зроблена ў Бабруйску ў часе абмеркаваньня этна-канфэсійнай сытуацыі ў Беларусі. У Камітэце ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў адмовіліся ад камэнтароў. Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што ўсе законы павінны ўдасканальвацца, таму й рыхтуюцца зьмены. Начальнік аддзелу ў справах рэлігіяў Аляксандар Калінаў сказаў:

“Гэта пастанова Савету міністраў. Была старая пастанова аб парадку запрашэньня сьвятароў і іх дзейнасьці на тэрыторыі краіны. Цяпер зьмены нейкія туды ўносяць. І ўсё. Пакуль не прынятыя. Калі будзе прынята, тады і можна будзе нешта камэнтаваць”.

Прадстаўнік Беларускага Экзархату праваслаўнай царквы Андрэй Алежка мяркуе, што плянаваныя зьмены ў парадку дзейнасьці замежных сьвятароў і місіянэраў выкліканыя меркаваньнямі дзяржаўнай бясьпекі:

“Хутчэй за ўсё тут нейкія меркаваньні, якія датычацца больш дзяржаўнай бясьпекі. Я маю на ўвазе, калі нехта замест рэлігійнай дзейнасьці займаецца палітычнай дзейнасьцю. Такія прыклады былі. Я думаю, што якраз на гэты момант можа зьвяртаць сваю ўвагу дзяржава”.

Аднак на практыцы ужо й цяпер замежныя місіянэры, сьвятары і гуманітарныя працаўнікі цярпелі ад створаных уладамі перашкодаў. Пра гэта гаворыцца і ў нядаўняй справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Замежнікаў дэпартоўвалі зь Беларусі і адмаўлялі ў выдачы візаў. Паводле беларускіх праваабаронцаў, за год краіну вымушаны былі пакінуць больш за 25 замежных сьвятароў і місіянэраў.

Нядаўна з Гарадзеншчыны мусілі зьехаць сем ксяндзоў і пяць сясьцёр-законьніц. Пра тое, як гэта тлумачылі ўлады, распавядае парафіянка адной з грамад, адкуль зьехаў замежны ксёндз, Ірына Селіневіч:

“Яны лічаць, што ўжо хопіць сваіх. Столькі гадоў працуе тут гарадзенская сэмінарыя. Ужо пінская пачынае патроху выпускаць сьвятароў. І шкада, бо некаторыя зь іх па 18 гадоў тут працавалі і больш, тут касьцёл падымалі.

Вядома, што ўсе сьвятары з часам выедуць, якія прыяжджаюць з Польшчы ці з-за мяжы, бо будуць свае. Але, каб свае гэтыя падрасьлі, трэба таксама крышачку часу ім даць. Застаецца яшчэ такая сытуацыя, што ў нядзелю сьвятар павінен па некалькіх парафіях адразу праехаць, каб імшу нядзельную адправіць”.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што ўмовы для дзейнасьці розных канфэсій у Беларусі адрозьніваюцца. Ён згадвае пра дамовы аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і праваслаўнай царквой:

“Я гэта расцэньваю як жаданьне стварэньня манаполіі аднаго рэлігійнага культу адносна іншых. Я думаю, зацікаўленыя і дзяржава, і праваслаўная царква ў нераспаўсюдзе іншых рэлігійных культаў на тэрыторыі Беларусі”.

Паводле сацыялягічных зьвестак, каля 50 працэнтаў грамадзян Беларусі адносяць сябе да той ці іншай канфэсіі, аднак беларускія ўлады настойваюць, што 80 адсоткаў жыхароў краіны зьяўляюцца праваслаўнымі, 14 – каталікамі, 2 – пратэстантамі.

Паводле стану на студзень 2007 году ў Беларусі было зарэгістравана 3103 рэлігійныя грамады 25 канфэсіяў, у тым ліку 1399 – праваслаўных, 493 – эвангельскіх хрысьціян, 440 – католікаў, 267 баптыстаў, 74 – адвэнтыстаў, 29 – іўдзеяў, 27 – лютэран, 24 – мусульман.


• Дзярждэпартамэнт ЗША: "Беларускі ўрад абмяжоўвае свабоду рэлігіяў", 14.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG