Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я з сваімі чарцямі й галюнікамі апавядаю, як жыла-была каманда Gods Tower». Музыка Ўладзіслаў Наважылаў пра вяртаньне да літаратуры


Беларускі музыка Уладзіслаў Наважылаў
Беларускі музыка Уладзіслаў Наважылаў

Заснавальнік і фронтмэн легендарнага гурту Gods Tower і былы палітвязень Уладзіслаў Наважылаў 22 лістапада ў Варшаве прэзэнтуе сваю трэцюю кнігу «Яблык у валізцы».

Уладзіслаў Наважылаў — заснавальнік і вакаліст гомельскага гурту Gods Tower. У 2021 годзе музыку абвінавацілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу ў абразе прадстаўніка ўлады — старшыні Гомельскага аблвыканкаму Генадзя Салаўя. За гэта ён атрымаў 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. У жніўні 2021 году Наважылаў пакінуў Беларусь.

24 чэрвеня 2024 году яго завочна асудзілі за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні „Рудобельская паказуха“» (ч. 1 арт. 361-1 КК) на тэрмін 8 гадоў пазбаўленьня волі зь вялізным штрафам, а таксама прызналі «тэрарыстам».

Спачатку пісаў у часопісы «Юный техник» і «Техника — молодёжи». А таксама «ў шуфлядку»

Уладзіслаў Наважылаў прызнаецца, што ў музыку прыйшоў зь літаратуры — пачынаў як тэкставік. А ўвогуле ён піша з маленства, свае аповеды адпраўляў у часопісы «Юный техник» і «Техника — молодёжи».

Потым у яго зьмяніліся прыярытэты: зьвязаў жыцьцё з музыкай, але пісаў заўсёды — спачатку, праўда, у «шуфлядку». А ў 1995 годзе выдаў першую кнігу, якая называецца «Это, это, это» — абмежаваным накладам у 100 асобнікаў, цяпер гэта рарытэт.

«Гэта два сюррэалістычныя аповеды пра тое, як чалавек трапляе ў „дурку“ і апавядае пра свае мінулыя жыцьці — рэінкарнацыю і ўсё такое. То бок гэта было ў нейкім сэнсе зьвязана з маёй музычнай творчасьцю. Калі мне было ўжо 18–20, я ўжо не пісаў фантастыку.

Мне стаў цікавейшы сюррэалізм, кшталту Сэм’юэла Бэкета, Андрэ Брэтона, Данііла Хармса. Сюррэалізм, дадаізм — я сышоў ў гэтыя кірункі, калі пісаў тэксты для Gods Tower, там шмат ад іх уплыву. Я ніколі ня мог вызначыцца дакладна, ці пішу вершы, ці прозу, ці пішу тэксты для Gods Tower, іншых праектаў. То бок я заўсёды з словам працаваў», — узгадвае ён.

Беларускі музыка, пісьменьнік, Уладзіслаў Наважылаў
Беларускі музыка, пісьменьнік, Уладзіслаў Наважылаў

«Шлях ад гомельскага расейскамоўнага беларуса да сьвядомага беларускамоўнага аўтара»

У 2021 годзе, пасьля таго, як яго асудзілі на 3 гады «хіміі» за камэнтар на адрас старшыні Гомельскага аблвыканкаму Генадзя Салаўя, Наважылаў вымушаны быў эміграваць зь Беларусі. Прыехаў у Вільню.

Ужо ў эміграцыі Уладзіслаў Наважылаў выдаў сваю другую кнігу «Білінгва», якую пачаў пісаць яшчэ ў 2002 годзе і якая адлюстроўвае ягоны складаны шлях — ад гомельскага расейскамоўнага беларуса да сьвядомага беларускамоўнага аўтара.

«Кніга „Білінгва“ паўстала з самай вядомай маёй навэлы, якая называецца „Аранжавыя дзьверы“ — пра чалавека, які існуе і ў снах, і ў рэальнасьці, і невядома, дзе ягонае месца. Калі я трапіў у эміграцыю, мне хлопцы зь Беларусі (ня буду называць імёнаў, бо гэта небясьпечна) прапанавалі: „Давай мы выпусьцім „Білінгву“ ў фармаце электроннай кнігі, дадай туды яшчэ сьвежых тэкстаў“ .

Я вельмі ўдзячны, што яны гэта зрабілі. „Білінгва“ — гэта зборнік, куды ўваходзяць вершы, сатырычныя п’есы, апавяданьні, якія я пісаў ад пачатку стагодзьдзя і да 2022 году».

«Напісаў аўтабіяграфію ў жанры магічнага рэалізму»

Трэцяя кніга Наважылава — «Яблык у валізцы». Аўтар пераносіць чытача ў апошнія гады Савецкага Саюзу, бурлівыя 1990-я і пэрыяд станаўленьня дыктатуры ў Беларусі. Уладзіслаў прызнаецца, што ніколі не хацеў пісаць асобна пра Gods Tower, адмаўляўся ад гэтага.

«Але мяне пастаянна штурхалі: маўляў, людзям цікава. Таму я пастанавіў пайсьці на такі кампраміс для сябе — каб пакінуць для гісторыі, напісаў аўтабіяграфію ў жанры магічнага рэалізму. Я апісваю ня тое, што было дакумэнтальна, а тое, што адчуваў, — мае ўражаньні, мае перажываньні.

Але мая аўтабіяграфія ня можа не зачапляць Gods Tower. Атрымаўся такі твор, дзе я з сваімі чарцямі, галюнікамі апавядаю, як жыла-была каманда Gods Tower. Але, паўтаруся, там больш пра мяне, чым пра Gods Tower. І атрымалася такая музычна-магічна-рэалістычная аўтабіяграфія», — кажа Ўладзіслаў.

Што да назвы, яна зь нейкай францускай камэдыі. Галоўны герой зь велізарнай валізкай ідзе па вакзале, сустракае сябра, які пытаецца: «Як маесься?» І той апавядае сябру, як у яго ўсё добра. І з агромністай валізкай едзе ўмоўна ў Акапулька... Потым выпадкова валізка адкрываецца — а там адзін яблык, і больш нічога.

«Гэта такая мэтафара, майго жыцьця дакладна: або я такая вялікая валізка, якая лічыцца зьмястоўнай штукай, або, наадварот, я — яблык, які займае месца ў такой вялізнай валізцы. Гэта мэтафара, якую трэба разглядаць у кантэксьце кнігі», — інтрыгуе Ўладзіслаў.

«Я ніколі ня быў модным, „мэйнстрымным“ — навошта мне гэта з андэрграўнду?»

Ён прызнаецца, што цалкам антыкамэрцыйны чалавек, ніколі ня будзе сам прасоўваць сваю кнігу і ня хоча быць зоркай. І што заўсёды быў у андэрграўндзе.

«Я ніколі ня быў модным, «мэйнстрымным» — навошта мне гэта з андэрграўнду? Я ў сваім сутарэньні сядзеў, сяджу і буду сядзець. Ведаеце, ёсьць выраз, які прыпісваюць Юлію Цэзару: «Лепш быць першым у вёсцы, чым другім у горадзе». Ёсьць некалькі каштоўнасьцяў, за якія проста палаю, гару, і першая зь іх — беларускі рэгіяналізм. Наша багацьце — рэгіёны. Гомель — гэта такая правінцыя ў добрым сэнсе, Панізоўе, дзе ёсьць магічныя месцы — там самае цікавае і адбываецца. Гэта такая мая «мэнталачка», — настульгуе па родным горадзе Ўладзіслаў.

Наважылаў быў вельмі зьдзіўлены і прыемна ўражаны, калі «Яблык у валізцы» ацаніў журналіст і пісьменьнік, аўтар кніг «Сьвіньні» і «Гвалт», заснавальнік YouTube-каналу «Міністэрства сэпультуры» Аляксандар Чарнуха. Той шчыра прызнаецца, што даўно не чытаў нічога нагэтулькі кранальнага, шчырага і непадробнага.

«У гэтай кнізе сапраўдная драма і камэдыя, але, самае галоўнае, яе аўтар і лірычны герой цудоўна ведае і адчувае сябе. Гэта дарослы чалавек, які дагэтуль глядзіць на сьвет вачыма летуценьніка-фантазэра. Аўтар бачыў у жыцьці столькі гаўна, што мог бы стаць апошнім цынікам, а замест гэтага піша пра дыназаўраў, рыцараў і космас. Дыназаўры, рыцары і космас — ідэальны фон для кнігі пра Гомель 1980-90-х, пра беларускі „мэтал“ і яго герояў, пра чалавечую абаяльную недасканаласьць і ўменьне сабе ў гэтым прызнацца і навучыцца жыць», — напісаў Аляксандар Чарнуха на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

На прэзэнтацыю ў Варшаву Ўладзіслаў Наважылаў прывязе і «Білінгву», і «Яблык у валізцы» (які, дарэчы, ужо перакладаецца на ангельскую мову).

Кнігі беларускага музыкі, пісьменьніка, Уладзіслава Наважылава
Кнігі беларускага музыкі, пісьменьніка, Уладзіслава Наважылава

Дарэчы, на абедзьвюх кнігах (і на «Білінгве», і на «Яблыку ў валізцы») пазначаны як аўтар Уладзіслаў Наважылаў, а ў дужках — Lesley Knife. Што гэта азначае?

«Lesley Knife — сцэнічны псэўданім, які зьявіўся на пачатку 1990-х і пад якім я вядомы сусьвету. У двары ў мяне была мянушка „Нож“. Дарэчы, у кнізе „Яблык у валізцы“ я падрабязна апавядаю, адкуль яна ўзялася. А Лэсьлі — такі лягічны ланцужок: мяне завуць Уладзіслаў (Ласло), а калі мы дойдзем да Шатляндыі, гэта Лэсьлі. То бок мой сцэнічны псэўданім Лэсьлі Найф — гэта Ўладзіслаў Нож. Таму на вокладках я сумясьціў сваё сапраўднае імя з сцэнічным псэўданімам», — тлумачыць Уладзслаў Наважылаў.

Прэзэнтацыя «Яблыка ў валізцы» пройдзе ў Варшаве: Pałac Staszica (ul. Nowy Świat 72, sala 268), 22 лістапада, пачатак а 17.50.

А неўзабаве выйдзе і новая кніга Ўладзіслава Наважылава — «Там, дзе заелася кружэлка».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG