Сьцісла:
- Даляр ня ведае і ня ведаў, што ён за паўгода патаньнеў адносна беларускага рубля на 50 капеек, і таму нават не ўяўляе, як «кепска» яму стала.
- Беларускі экспарт у ЭЗ — толькі 4% ад экспарту Беларусі ва ўсе краіны сьвету. Гэта «капейкі».
- 18 пакетаў санкцыяў ЭЗ — гэта больш палітыка-псыхалягічная гульня, чым меры, якія рэальна абмяжоўваюць рэжым Лукашэнкі
- Каб рэальна паўплываць на рэжым Лукашэнкі, трэба ўводзіць поўнае гандлёвае эмбарга, частковыя санкцыі, якія ўводзяцца з 2020 году, ня здольныя ні на што паўплываць.
— ЗША і Эўразьвяз і ЗША падпісалі поўнамаштабнае пагадненьне аб тарыфах. Бакі ўсталявалі на імпарт іншага боку аднолькавыя тарыфы ў памеры 15%. Адным з наступстваў тарыфнай вайны, абвешчанай Дональдам Трампам у красавіку, было падзеньне курсу даляра адносна многіх, калі ня ўсіх валютаў іншых краінаў. Даляр упаў і адносна беларускага рубля: 31 сьнежня 2024 году курс складаў 3.47 рублёў за даляр, 28 ліпеня 2025 году — 2.95 рубля за даляр. Цяперашняе гандлёвае пагадненьне ЗША—ЭЗ можа неяк паўплываць на дынаміку курсу даляру да беларускага рубля?
— Пасьля таго — ня значыць у выніку таго. Пагадненьне паміж ЗША і ЭЗ ніякага ўплыву на курс беларускага рубля да даляра мець ня будзе. Што будзе — дык гэта палітыка Цэнтрабанку Расеі і другасныя санкцыі, якія Трамп прыгразіў увесьці з верасьня адносна гандлёвых партнэраў Расеі. Даляр ня ведае і ня ведаў, што ён за паўгода патаньнеў адносна беларускага рубля на 50 капеек, і таму нават не ўяўляе, як «кепска» яму стала. Нават на курс даляра да эўра паўплывае ня столькі заключанае гандлёвае пагадненьне, колькі чаканае рашэньне Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы адносна адсоткавай стаўкі.
— А ці можа гандлёвае пагадненьне ЗША—ЭЗ неяк, хай ускосна, паўплываць на зьнешні гандаль Беларусі і Ўкраіны?
— Беларусь і Ўкраіна — гэта вельмі розныя сюжэты. Беларусь пад санкцыямі і ЗША, і ЭЗ, Украіна вядзе перамовы аб уступленьні ў ЭЗ, Калі Ўкраіна пасьпяхова правядзе перамовы з ЭЗ і ў гандлі зь ёй будуць скасаваныя нетарыфныя абмежаваньні ў гандлі, калі Трамп будзе ставіцца да Ўкраіны як да партнэра, тады Ўкраіна можа выйграць. Але не ад самога гандлёвага пагадненьня ЗША—ЭЗ. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе Ўкраіна жыве ў асаблівым рэжыме адносінаў з Эўразьвязам. Украіна — асаблівы выпадак.
Гэта, з аднаго боку, добра, таму што ёсьць адмысловыя мэханізмы супрацоўніцтва зь ёй і ЭЗ, і ЗША ў сувязі з вайной. Зь іншага боку, гэта і дрэнна, таму што любыя ўнутраныя закалоты ва Ўкраіне, як, напрыклад, зь нядаўнім законам аб барацьбе з карупцыяй, могуць прывесьці да блякіроўкі той ці іншай падтрымкі Ўкраіны.
— Я знаёміўся з дадзенымі гандлю паміж Беларусьсю і ЭЗ. З 2018 году экспарт Беларусі ў ЭЗ зьнізіўся з 4.2 мільярда эўра ў 2019 годзе да 1.3 мільярда эўра ў 2024 годзе — прыкладна ўтрая. У той жа час імпарт у Беларусь за той жа пэрыяд 2019-2025 гады практычна не зьмяніўся, ён складаў і складае прыкладна 7 мільярдаў эўра.
— Я ўздымаю гэтае пытаньне з 2020 году. Я кажу, што калі вы хочаце пакараць рэжым Лукашэнкі, вы павінныя ўводзіць гандлёвае эмбарга, забарону на любы гандаль. Санкцыі кшталту тых, што ўводзіліся і ўводзяцца, ні на што не ўплываюць.
— Але 5 гадоў вас ня слухаюць.
— Так, на жаль, слухаюць не экспэртаў, не навукоўцаў, а шарлатанаў і клоўнаў. Пры тым рэжыме санкцыяў, які дзейнічае адносна Беларусі, па дакумэнтах можа быць гандаль аднымі таварамі, а ў рэальнасьці — зусім іншымі, у тым ліку і таварамі падвойнага прызначэньня. Гэтыя 18 пакетаў санкцыяў ЭЗ — гэта больш палітыка-псыхалягічная гульня, чым меры, якія рэальна абмяжоўваюць рэжым Лукашэнкі.
— Ну а ўсё ж — вось гэтае гандлёвае пагадненьне ЗША—ЭЗ можа неяк паўплываць на гандаль ЭЗ з Беларусьсю?
— Абсалютна ніяк ня можа. Экспарт Беларусі ў ЭЗ летась склаў 1.3 мільярда эўра (прыкладна 1.5 мільярда даляраў). Экспарт Беларусі ва ўсе краіны сьвету ў 2024 годзе — 40 мільярдаў даляраў. Экспарт у ЭЗ — 4% ад усяго экспарту. Гэта дробязь. Напрыканцы дзясятых гадоў марылі пра формулу экспарту: траціна — у Расею, траціна — у ЭЗ, траціна — у астатнія краіны сьвету. Тады адзін экспарт нафтапрадуктаў толькі ў Нідэрлянды складаў некалькі мільярдаў эўра. А экспарт у Беларусь з ЭЗ працягваецца ў немалых памерах, вязуць і польскія, і бэльгійскія, і італьянскія кампаніі.
— Польскія, дарэчы, на першы месцы. Самы вялікі імпарт у Беларусь з ЭЗ — гэта імпарт з Польшчы, якая палітычна займае вельмі жорсткую пазыцыю адносна рэжыму Лукашэнкі.
— Адна справа — што кажа Анджэй Дуда, ці будзе казаць Караль Наўроцкі, а іншая справа — гэта інтарэсы бізнэсу. Што не забаронена рабіць, то можна рабіць, і тое і робяць. Польшча — не таталітарная дзяржава. Калі б было поўнае эмбарга на гандаль зь Беларусьсю, тады б у бізнэсу не было варыянтаў. Цяпер яны ёсьць, і ён іх удала выкарыстоўвае — гэта дзіркі ў санкцыйным бар’еры, гэта маніпуляцыі з мытнымі кодамі. І так будзе працягваецца бясконца.
Што варта ведаць пра цяперашнія санкцыі супраць Беларусі
2020 год
Краіны Эўразьвязу, ЗША, Канада, Вялікая Брытанія і Японія пачалі ўводзіць санкцыі супраць Беларусі пасьля жорсткіх разгонаў акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Да гэтых і наступных санкцый далучаліся таксама іншыя краіны, у тым ліку партнэры ЭЗ.
Першапачаткова гэта былі пераважна візавыя абмежаваньні і замарожваньне актываў для чыноўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і для іншых асобаў, падазраваных ва ўдзеле ў рэпрэсіях і фальсыфікацыях выбараў.
2021 год
Эўразьвяз увёў эканамічныя сэктаральныя санкцыі пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф’і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
Сярод іншага, Эўразьвяз тады ўвёў абмежаваньні на імпарт беларускіх калійных угнаеньняў і забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям. Эўрапейскім авіякампаніям таксама забаранілі авіяперавозкі празь Беларусь.
Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія і шэраг іншых краінаў таксама ўвялі падобныя эканамічныя санкцыі пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair.
У сьнежні 2021 году Эўразьвяз увёў пакет санкцыяў у сувязі зь міграцыйным крызісам, абвінаваціўшы афіцыйны Менск і Маскву ў «гібрыднай агрэсіі» супраць ЭЗ і выкарыстаньні нелегальнай міграцыі як зброі. Новыя санкцыі ЭЗ тычыліся 17 фізычных і 11 юрыдычных асобаў, чые актывы замарожваліся. Падобныя ж санкцыі тады ўвялі ЗША, Канада і Вялікая Брытанія.
2022-2025 год
У лютым 2022 году расейскія войскі скарысталі тэрыторыю Беларусі для ўварваньня ва Ўкраіну, а ў першыя месяцы поўнамаштабнай вайны яны выкарыстоўвалі беларускую тэрыторыю для абстрэлу Ўкраіны.
У сувязі з гэтым у лютым 2022 году пра новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі ЗША, Канада і Эўразьвяз. Гэтыя санкцыі тычыліся шэрагу беларускіх чыноўнікаў, вайскоўцаў, а таксама прадпрыемстваў. Цягам наступных месяцаў, свае аналягічныя санкцыі ўводзілі Карэя, Японія і шэраг іншых краінаў.
Ад 2022 году ў сувязі з удзелам рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Ўкраіны Эўразьвяз зрабіў яшчэ больш за дзясятак санкцыйных крокаў адносна Беларусі. Мноства санкцый увялі таксама ЗША ды іншыя краіны. Сярод крокаў Эўразьвязу былі наступныя:
- 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
- 3 чэрвеня 2022 году ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу былі ўключаныя: кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, сыны бізнэсоўца Аляксея Алексіна Дзьмітрый і Віталь, сэрбскі бізнэсовец Багалюб Карыч, які меў інтарэсы ў Беларусі, пракурор Дзяніс Мікушаў, судзьдзя Мікалай Доля, былы кіраўнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын, генэральны дырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты, а таксама прапагандысты Ігар Тур, Андрэй Сыч, Людміла Гладкая і Рыгор Азаронак. Таксама ЭЗ ухваліў адключэньне ад SWIFT «Белінвестбанку» і ўвёў новыя санкцыі супраць Беларуськалію, Беларускай калійнай кампаніі, «Інтэр-Табака», «Нафтана», Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», Белмытсэрвісу, Белкамунмаша і Белтэлерадыёкампаніі.
- 3 жніўня 2023 году ЭЗ дадаў у санкцыйныя сьпісы яшчэ 38 асобаў — пераважна судзьдзяў і начальнікаў калёніяў, а таксама прапагандыстаў Вадзіма Гігіна і Ксенію Лебедзеву. Пад санкцыі трапілі і тры прадпрыемствы — Белнафтахім, ААТ «Менскі электратэхнічны завод» і ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“»
- 29 чэрвеня 2024 году Эўразьвяз распаўсюдзіў на Беларусь санкцыі, якія да таго ўвёў супраць Расеі. У прыватнасьці ЭЗ абмежаваў пастаўкі шэрагу відаў прадукцыі і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, якія маглі перадавацца ў Расею празь Беларусь. Гэта тычылася тавараў і тэхналёгій, зьвязаных са сфэрай абароны і бясьпекі, а таксама агнястрэльнай зброі і яе кампанэнтаў. Таксама ўвялі забарону на імпарт зь Беларусі золата, алмазаў, гелію, вугалю, сырой нафты, каб Беларусь не рабіла рээкспарту з Расеі забароненых тавараў.
- 24 лютага 2025 году ў 16-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу было ўключанае беларускае прадпрыемства «Інтэграл» — вытворца паўправаднікоў, інтэгральных схемаў і іншай высокатэхналягічнай прадукцыі.
- 27 сакавіка 2025 Эўразьвяз увёў санкцыі яшчэ супраць 25 фізычных і 7 юрыдычных асоб Беларусі. У санкцыйны сьпіс, у прыватнасьці, трапілі Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, РУП «Беларускія лятарэі», ТАА «Рыдота», ААТ «Плянар», РВУП «Завод дакладнай электрамэханікі», а таксама ТАА «Цыбулька-Бел» з аграгарадку Гуды Лідзкага раёну (Горадзенская вобласьць). Уладальнікам «Цыбулькі-Бел» зьяўляецца дэпутат фэдэральнай зямлі Саксонія ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў, якога падазраюць у выкарыстаньні працы беларускіх палітвязьняў. Сярод асобаў пад санкцыямі апынуліся кіраўнікі вышэйназваных прадпрыемстваў, судзьдзі, чальцы ЦВК і партыі «Белая Русь».
Форум