Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кардынал Гуджэроцьці пра магчымы візыт папы ў Беларусь: «Папа не паедзе туды, дзе прыезд створыць падзел»


Кляўдыё Гуджэроцьці
Кляўдыё Гуджэроцьці

Кардынал Кляўдыё Гуджэроцьці расказаў болей пра абставіны нядаўніх перамоваў у Менску.

На пачатку размовы з Vatican News кардынал Кляўдыё Гуджэроцьці адзначыў, што першая частка гутаркі з Лукашэнкам была пра вайну і яе бессэнсоўнасьць, бесчалавечнасьць. Затым гутарка пайшла пра пытаньні, якія тычацца Каталіцкага касьцёлу.

Вызваленьне двух каталіцкіх сьвятароў, Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча, папскі пасланьнік назваў «канкрэтным плёнам дыпляматыі, якая ніколі не зачыняе дзьвярэй».

Гуджэроцьці адзначыў, што Аляксандар Лукашэнка слухаў яго вельмі ўважліва, даў пэўныя адказы. Кардынал мае спадзеў, што зь беларускім бокам можна прыйсьці да рашэньня, пажаданага для каталікоў Беларусі. Таксама ён асобна падкрэсьліў жаданьне Лукашэнкі бачыць папу ў Беларусі, але пры гэтым дадаў, што такі візыт — няпростая справа.

«Дабро пашыраецца само сабою — „Bonum est diffusivum sui“ — і я думаю, што гэта відавочна ў асабістых адносінах, якія я зьведаў у часе гэтых падзеяў і сустрэчаў. Трэба таксама прызнаць вялікую працу нунцыяў: апостальскія нунцыі прыклалі велізарныя намаганьні, каб адкрыць каналы камунікацыі паміж Сьвятым Пасадам і Беларусьсю, і дасягнулі значных вынікаў».

Прэфэкта дыкастэрыі ў справах Усходніх цэркваў спыталі пра чуткі, нібыта ўлады больш не разглядаюць беларускі біскупат як простага суразмоўцу, аддаючы перавагу дыялёгу зь Сьвятым Пасадам на вышэйшым узроўні — праз нунцыятуру ці папскага легата. Гуджэроцьці адзначыў, што яму цяжка даваць ацэнку гэтаму, бо ён «ужо шмат гадоў не жыве ў Беларусі».

Гуджэроцьці падзяліўся сваёй візіяй сытуацыі, у якой можна наладзіць дыялёг:

«Трэба карыстацца гуманітарнымі навукамі і экспэртамі, сьвецкімі ці вернікамі, якія могуць параіць, як Касьцёл можа дзейнічаць у цяперашні час. Тэндэнцыя многіх постсавецкіх краін — паўтараць клішэ, якія больш не актуальныя. Трэба вынаходзіць новы спосаб сустрэчы. Больш не гарантуецца, што ўлада дасьць усё; трэба зарабляць на жыцьцё, прыкладаць намаганьні, будаваць», — адзначыў кардынал.

Кардынал Гуджэроцьці адказаў і на пытаньне пра магчымасьць прыезду ў Беларусь папы Лява XIV.

«Папа ніколі не паедзе ў месца, дзе ягоны прыезд створыць падзел. Гэта сьвяты прынцып: папа едзе туды, дзе народ можа атрымаць карысьць, а не для таго, каб распальваць процістаяньне. Трэба стварыць умовы, каб усе былі перакананыя ў аб’ектыўнай каштоўнасьці візыту на карысьць народу, а не для нейкай адной „званіцы“. Гэта праца, якую трэба зрабіць. Ці будзе посьпех адразу ці заўтра? Мы ня ведаем».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG