Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі ўшанаваў памяць загінулых падчас Рэвалюцыі годнасьці. Адной зь першых ахвяраў тады стаў беларус. ФОТА


Уладзімір і Алена Зяленскія каля мэмарыялу загінулым падчас Рэвалюцыі годнасьці. 21 лістапада 2025 году
Уладзімір і Алена Зяленскія каля мэмарыялу загінулым падчас Рэвалюцыі годнасьці. 21 лістапада 2025 году

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі разам з жонкай Аленай прынесьлі зьнічы памяці да мэмарыялу ў гонар загінулых у часе Рэвалюцыі годнасьці 2013–2014 гадоў, якая пачалася ва Ўкраіне, калі тагачасны ўкраінскі прэзыдэнт Віктар Януковіч і ягоны ўрад адмовіліся ад эўрапейскай інтэграцыі.

У цырымоніі ўшанаваньня ахвяраў узялі ўдзел і кіраўніцтвы парлямэнту і ўраду, а таксама сваякі загінулых.

«З такім суседам, як Расея, абарона ўласнай годнасьці, свабоды і незалежнасьці — надзвычайна складаная задача, але бяз гэтага ўкраінскі народ не захаваць. І таму так важна, што ўкраінцы не здаюцца, абараняюць прынцыповыя рэчы і дзякуючы сваёй сіле зьмяняюць хаду гісторыі, каб Украіна жыла і разьвівалася», — падкрэсьлілі Ўладзімір і Алена Зяленскія ў сваім супольным допісе ў сацыяльных сетках.

У верхнім шэрагу фота Міхася Жызьнеўскага (трэцяе справа), які загінуў 22 студзеня 2014 году. Забойца дагэтуль ня знойдзены. У чэрвені 2017 году яму прысвоілі званьне Героя Ўкраіны, і тады ж прэзыдэнт Парашэнка перадаў Зорку Героя бацькам беларуса.
У верхнім шэрагу фота Міхася Жызьнеўскага (трэцяе справа), які загінуў 22 студзеня 2014 году. Забойца дагэтуль ня знойдзены. У чэрвені 2017 году яму прысвоілі званьне Героя Ўкраіны, і тады ж прэзыдэнт Парашэнка перадаў Зорку Героя бацькам беларуса.

Мэмарыял знаходзіцца на алеі Герояў Нябеснай сотні (колішняя вуліца Інстытуцкая. — РС) у цэнтры Кіева.

Менавіта на гэтай вуліцы ў 2013–2014 гадах ад зброі, якую выкарысталі сілавікі, загінулі шмат удзельнікаў пратэсту.

У цырымоніі ўшанаваньня памяці ўзялі прадстаўнікі Вярхоўнай Рады, Кабінэту міністраў і грамадзкіх арганізацый
У цырымоніі ўшанаваньня памяці ўзялі прадстаўнікі Вярхоўнай Рады, Кабінэту міністраў і грамадзкіх арганізацый

У масавых акцыях пратэсту дзевяць гадоў таму загінулі ня менш як 114 грамадзян. Ня толькі ў Кіеве, але і на Чаркашчыне, у Запарожжы, на Львоўшчыне.

У Кіеве пасьля сутыкненьняў між удзельнікамі акцыі і сілавікамі па мэдычную дапамогу зьвярнуліся 2 394 чалавекі — столькі выклікаў «хуткай дапамогі» было афіцыйна зарэгістравана. Але і гэтую лічбу нельга лічыць абсалютнай, бо яшчэ больш пацярпелых не зьвярталіся да лекараў, асьцерагаючыся перасьледу. 738 чалавек атрымалі сярэднія й цяжкія траўмы ад куляў, апёкаў і выбухаў: 15 удзельнікаў акцыяў засталіся без аднаго вока, 8 — без канцавін. Беларуса Міхася Жызьнеўскага не змаглі ўратаваць — куля ад паляўнічай зброі трапіла проста ў сэрца. Такія вынікі 94 дзён супрацьстаяньня.

Сёньня ва Ўкраіне ўспамінаюць гэтыя падзеі і ўшаноўваюць памяць палеглых. Масавыя пратэсты пачаліся 21 лістапада 2013 году з акцыі, на якую выйшлі ўкраінскія студэнты, пратэстуючы супраць спыненьня тагачаснаю ўладаю эўраінтэграцыі. Студэнцкая акцыя была нешматлюднаю — ніхто не чакаў, што яна выльецца ў вялікі пратэст па ўсёй Украіне, які завершыцца зьменаю ўлады, анэксіяй Крыму і вайною на Данбасе.

Падчас Рэвалюцыі годнасьці загінулі два беларусы — Міхась Жызьнеўскі і грамадзянін Украіны, этнічны беларус, колішні дэпутат парлямэнту Якаў Зайко (памёр 18 лютага 2014 году ад інфаркту, калі ўцякаў ад бэркутаўцаў на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве).


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG