Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памутнелае люстэрка. Ліст да менскага сябра пра сорам


Акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага на ягонае 62-годзьдзе, Вільня, 25 верасьня 2024
Акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага на ягонае 62-годзьдзе, Вільня, 25 верасьня 2024

Чым жывуць, пра што думаюць, чым пераймаюцца і на што спадзяюцца беларусы ў вымушанай эміграцыі. Пра гэта ў новым лісьце да свайго менскага сябра піша Сяргей Дубавец.

Добры дзень, Алесь!

У нас безь перамен, калі толькі не лічыць перамены ў прыродзе: зімы сёлета няма зусім.

Ты пішаш, што хадзіў на вясельле свайго пляменьніка і ўсё там было, як звычайна. Але ніхто, з кім табе выпала паразмаўляць, нават ня чуў пра Алеся Бяляцкага. І ты падумаў, што большасьць беларусаў пра Алеся нічога ня ведае. Для нас з табою ён сябра. А пра тое, што гэта беларускі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, то бок асоба гістарычная і ўсясьветная, якая сядзіць у турме, беларускі Нэльсан Мандэла, самі беларусы ні сном, ні духам.

Сапраўды. Быццам уся краіна апынулася ў рэжыме інкамунікада. Дзікі сорам! Мы, беларусы, у такой сытуацыі выглядаем нейкім недапечаным народам. Які будзе апраўдвацца: гэта ўсё рэжым вінаваты, гэта ўсё Масква зрабіла... А самі што? Як ня нацыя, не суб’ект.

Шчыра кажучы, і з гэтымі «выбарамі» я сёньня больш адчуваю ня крыўду ад несправядлівасьці, а менавіта сорам за тое, што робяць нашы землякі. Усё ніяк мы ня станем паўнавартасным і роўным зь іншымі народам. Ясна, што на разбурэньне нашай ідэнтычнасьці працуе цэлая машына русыфікацыі ад дыктатара і ад Крамля. Але ж сорамна выбіраць чалавека, які трыццаць гадоў абяцае, што наступны год будзе цяжэйшы за папярэдні. Быццам зьдзекуецца, агітуючы за адваротнае таму, што звычайна абяцаюць на выбарах.

Вунь Трамп кажа, што зробіць Амэрыку зноў вялікай, абяцае лепшую будучыню. Таму яго і выбралі рэальнымі галасамі, а не працэнтамі з паветра. А калі б ён сказаў, што амэрыканцам пры ім будзе яшчэ цяжэй і яшчэ горш?..

Самае галоўнае, думаю, што Трамп і сапраўды будзе рабіць Амэрыку вялікай, а ў нас — ані слова не прагучала пра віды на самастойную будучыню Беларусі. Праграма кандыдата — як памутнелае люстэрка: нашае заўтра ў тумане, дзе ўсім будзе яшчэ цяжэй і яшчэ горш. Хто ў здаровым розуме за такое прагаласуе? Як у народзе кажуць, «хоць за чорта лысага». Дык выходзіць, якраз яго мы і «выбіраем». І мне, беларусу, сорамна за такое «сваё».

Яно і праўда, без пачуцьця сораму цяжка ўжывацца зь іншымі. Прычым цяжка іншым, а самому бессаромніку жывецца якраз лёгка.

Ёсьць яшчэ невялікі спадзеў, што гэткі наш сорам, — неабходны складнік «дапечанай» нацыі і мы насамрэч дасьпяваем і такім чынам — з набытым сорамам за Бяляцкага ў турме, за гэтую дыктатуру, за ўсе гэтыя 30 гадоў вечна цяжкага заўтра — становімся памалу паўнавартаснай нацыяй, суб’ектам беларускага жыцьця як у краіне, так і ў сьвеце. Не ківаем на кагосьці чужога, а прызнаем, што ўсё гэта — наша, бо адбываецца з намі, як бы непрыемна ні было так думаць.

Літоўцы часам нагадваюць самі сабе пра ўдзел сваіх людзей у Галакосьце. Ім гэта вельмі непрыемна чуць, яны проста ненавідзяць сябе за гэта. Але ж яны ня сьпісваюць усё на кагосьці іншага. Так узьнікае адказнасьць — першая рыса суб’ектнасьці нацыі. Варта праехаць зь літоўскага боку ўздоўж беларускай мяжы, а гэта больш за 600 км, каб паўсюль бачыць дарожныя паказальнікі «Месца расстрэлу габрэяў». І адзначыць сабе, як жа такіх паказальнікаў шмат. У нас звычайна ў такіх месцах пішуць пра «савецкіх людзей» — у безнацыянальнай форме. Мы ўсё яшчэ дасьпяваем да таго, каб проста казаць праўду.

Дарэчы, праз ушанаваньне памяці пра Галакост і падкрэсьлена карэктнае стаўленьне да габрэйскіх традыцыяў і культуры ў Літве праходзіць лінія пакаяньня літоўцаў. Глыбокі сорам за зробленае асобнымі, вядома ж, суайчыньнікамі. У нас — ніякага і ні за што пакаяньня — і гэта падстава для нацыянальнага сораму за ўсё антынацыянальнае, што рабілася ўладамі за гэтыя 30 гадоў. Вось што мусіць прачнуцца ў беларускіх душах і ад чаго будзе залежаць дасьпеласьць нашае нацыі.

Я цяпер, жывучы ў Вільні, часта параўноўваю літоўцаў зь беларусамі і бачу, што першыя адрозьніваюцца самадастатковасьцю і гэтай самай суб’ектнасьцю, іх не прыгаломшыш зьяўленьнем шпіца на абедным стале ў іхнага прэзыдэнта ці яшчэ нейкай правакацыйнай выхадкай. Проста іхны прэзыдэнт у такім выпадку адразу страціць сваю пасаду. Прычым вырашаць гэта будуць ня недзе ў Маскве, чужыя людзі, а самі літоўцы — вось гэтыя людзі, якія разам з табою стаяць у чарзе да касы ў краме.

Думаю, сорам уласьцівы большасьці беларусаў — нармальных людзей. Але яны стараюцца не дэманстраваць яго, бо перакананыя рэжымам, што «ад нас нічога не залежыць».

Калісьці ты моцна мяне зьдзівіў. Памятаеш, мы паехалі ў вандроўку па Палесьсі. Ты яшчэ ўзяў з сабою свайго маленькага сына. На пароме ў Петрыкаве — мы перапраўляліся цераз Прыпяць — ты нахіліўся да сынка ззаду і зрабіў губамі гук, які робяць трамбаністы. Пасьля адразу выпрастаўся і рэзка спытаў: «Ты што зрабіў?!». Павісла няёмкасьць, хлопчык пачырванеў. А я ўзяўся дакараць цябе: "Навошта ставіць дзіця ў такое прыкрае становішча?«— «Няхай вучыцца саромецца», — быў твой адказ.

Пазьней я шмат разоў успамінаў той эпізод, калі пераконваўся, наколькі важнае гэта ўменьне — саромецца. Думаю, такую прыродную пэдагогіку ты сам спазнаў у сваім вясковым дзяцінстве.

Між іншым, як памятаеш, быў з намі ў той вандроўцы і Алесь Бяляцкі. У адрозьненьне ад Нэльсана Мандэлы, які выйшаў з турмы пасьля таго, як атрымаў Нобэля, Алесь застаецца за кратамі. Але, выйшаўшы з турмы, Мандэла быў выбраны прэзыдэнтам сваёй краіны. І такая паралель Бяляцкага з Мандэлам мне падабаецца больш. Менавіта праваабаронца мусіў бы ўзначаліць беларускую нацыю пасьля гэтага доўгага бяспраўя і павесьці краіну ў лепшую, непамутнелую будучыню.

Пішы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG