Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніхто не зрабіў большае шкоды для Беларусі, чым ён»? Ліст да менскага сябра пра Станіслава Шушкевіча


Станіслаў Шушкевіч, 2019 год
Станіслаў Шушкевіч, 2019 год

Чым жывуць, пра што думаюць, чым пераймаюцца і на што спадзяюцца беларусы ў вымушанай эміграцыі. Пра гэта ў новым лісьце да свайго менскага сябра піша Сяргей Дубавец.

Вітаю, дружа!

Зіма ўсё ж такі завітала да нас: стаіць мароз, Вільню засыпала сьнегам. Прырода быццам адчувае нашыя спадзевы і дорыць сюрпрызы: ты ўжо ня верыш у перамены, маўляў, зімы ня будзе, скончыўся натуральны парадак рэчаў... А тут раз — і зіма. Хай сабе мільён гадоў таму ўсё было па-іншаму і можа быць па-іншаму празь мільён гадоў, але не цяпер.

Ты пішаш, як ціха стала ў Менску за гэтыя пяць гадоў, якая трывожная ўсталявалася пустата. Быццам усе замёрлі ў чаканьні перамен. Цябе засмучае, як гучна пры гэтым сварацца беларусы ў эміграцыі, і асабліва гэты апошні «наезд» на Шушкевіча: нібыта гэта ён для Беларусі — найбольшае зло.

На жаль, сапраўды, гучыць як не з эміграцыі, а як цытата з «Советской Белоруссии» («балабол», «істота»...). Крытыка можа быць рознай, у тым ліку зьнішчальнай, але калі пачынаюцца абразы, значыць, аргумэнтаў няма. Гэта асаблівы «стыль», далёка ня кожны на такое здольны. Аднойчы «СБ» прысьвяціла мне артыкул пад назвай «Обыкновенный подонок» — як цьвік забіла, бо якая тут можа быць дыскусія, «ваше мнение никого не интересует». Увогуле, я ўяўляў сабе, што абраза больш пасуе расейскай прапагандзе, якая прыжылася і ў нашым менскім Падмаскоўі. Беларускі рух, наадварот, ачышчальны, сьветлы і жыцьцядайны. Праўдзівы і высакародны. Інакш навошта ён патрэбны, хто да яго пацягнецца?

Што да самой «нагоды» вось так абражаць першага кіраўніка незалежнай Беларусі, дык гэта даўняя гісторыя.

У 1992 годзе БНФ сабраў 440 тысяч подпісаў за рэфэрэндум пра роспуск пракамуністычнага Вярхоўнага Савету і новыя выбары. ВС паводле закону мусіў прызначыць дату рэфэрэндуму. Але старшыня ВС Шушкевіч гэтага не зрабіў і такім чынам на рэфэрэндуме быў пастаўлены крыж. У рэальнасьці не існавала нават прывіднага шанцу, што будзе інакш, што ВС сам дазволіць сябе распусьціць. Для гэтага яму трэба было ператварыцца ў... БНФ і ўзначаліць дэмакратычныя перамены.

Але была ў тым парлямэнце зусім невялікая, хоць і надзвычай эфэктыўная апазыцыя БНФ. Гэта яна, па ідэі, мусіла весьці да перамен. Пагатоў мела такі досьвед, дый абставіны былі спрыяльныя, ня тое што сёньня.

Мне даводзілася пісаць пра фатальную памылку гэтай групы, якая пасьля адмовы ад рэфэрэндуму назвала гэты ВС нелегітымным, але засталася ў ім: у той самы дзень стаяла ў чарзе па абед у парлямэнцкай сталоўцы. То бок ня выйшла зь яго рашуча, не пачала аб’ядноўваць вакол сябе народ і нічога не зрабіла, каб адваяваць закон. Фактычна прамяняла сваю лідэрскую ролю ў народзе на ролю элітарнай групы ў нелегітымным парлямэнце. Такім чынам была страчаная ініцыятыва. Фатальна, бо гэта быў пачатак канца: і для Шушкевіча, і для апазыцыі БНФ, а ўрэшце і для самога БНФ.

Тады па сьлядах падзеяў я пісаў у «Свабодзе» (прабач за самацытаваньне, але гэта ўжо частка гісторыі):

«Самі дэпутаты незалежнасьці пра гэтую гісторыю кажуць як пра эпізод, дзе фатальную ролю сыграў Станіслаў Шушкевіч. Але што ён мог? Чалавек без рэальнае ўлады, пад якім ува ўсе бакі гайдалася крэсла старшыні ВС, мог пераканаць камуністычны парлямэнт прагаласаваць за рэфэрэндум аб сваім роспуску? Нерэальна».

Так ці інакш, як кажа паэт, усё прайшло-мінула, як і не было. Адно што засмучае — абразы і адмаўленьне мала што Шушкевіча, але і важнага этапу нашай гісторыі, зьвязанага зь ягоным імем: і Віскулёў, і незалежнасьці, і адзінай дзяржаўнай беларускай мовы, і нацыянальнай сымболікі, і міжнароднага прызнаньня, і пачаткаў дэмакратыі...

Сёньняшняя сварка выглядае як барацьба за памяць. А ў выніку памяць будзе проста зьнішчацца — у тым самым рэчышчы, у якім з помсьлівай нянавісьцю ставіцца да Шушкевіча і ўсяго, што зь ім зьвязана, Лукашэнка. Як бы ён хацеў выкрасьліць зь беларускай гісторыі тыя тры-чатыры гады пачатку 1990-х! Забіць цьвік. А тут яшчэ знаходзіцца яму падтрымка зь нібыта супрацьлеглага боку барыкад.

Міжволі падумаеш, што падобнае прыцягваецца падобным. Не ўяўляю сабе, каб такія абразы да апанэнта дазволіў сабе сам Станіслаў Шушкевіч — зусім іншага тыпу чалавек, які так і не знайшоў сабе годнай кампаніі ў палітыцы, пры тым быў абсалютна адкрытым і даступным для людзей. Дзіва што меў вялікую пашану, асабліва сярод інтэлігенцыі, — настолькі шчырую, што і сёньня шмат хто ўспрымае ахайваньне яго як крыўду для сябе асабіста.

Мне нават думаецца, што ягоны інтэлігентны электарат нікуды ня дзеўся ў Беларусі і сёньня. Людзі затаіліся, але менавіта яны — захавальнікі эмпатыі, найлепшага, што ёсьць у беларусах, і натуральнага парадку рэчаў. Урэшце, і ўся надзея — на іх.

Беларуская эміграцыя, на шчасьце, зусім ня толькі тая, што сварыцца. Мяне ўразіў нядаўні паэтычны фэстываль імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» ў Вільні. Мноства народу, кніг, творцаў. З кожным годам усяго гэтага становіцца болей, быццам фэстываль расьце. Тут ніхто нікому ня вораг, ніхто не глядзіць крывым вокам, ніхто ня думае пра выгаду. І пануе тут галоўнае — можа, не адразу прыкметнае — тое, што беларусаў у эміграцыі і беларусаў, якія прыехалі на фэстываль зь Беларусі, нічога не падзяляе.

А яшчэ ўчора ў Вільні зноў здарылася антыбеларуская правакацыя, ужо каторая за мінулы час і ў тым самым стылі. На сьцяне Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту хтосьці пакінуў «наскальны» надпіс «Вільня наша» і прымаляваў бела-чырвона-белы сьцяг. Ну што тут скажаш...

Словы, якія ў беларускай культурнай традыцыі гучалі як прызнаньне ў любові да старое сталіцы, у сёньняшніх абставінах гучаць як сэксісцкае «любимую не отдают». Пры гэтым накрамзолены надпіс, як і ўсе папярэднія, адным почыркам. То бок, робіць гэта адна асоба і той самай фарбай. І адзіная сэнсоўная мэта гэтага дзейства — зрабіць становішча беларусаў, якія ўцяклі ад Лукашэнкі ў Вільню, яшчэ больш уразьлівым.

Я думаю, любіць — зусім ня значыць авалодаць. Гэта два сьветапогляды, якія адрозьніваюць чалавека цывілізаванага ад дзікуна. І калі нават гіпатэтычна ўявіць сабе, што нейкія беларусы хочуць «захапіць Вільню», дык рабіць яны гэта будуць толькі пад чырвона-зялёным сьцягам, які ў Беларусі цяпер вісіць на турмах і аўтазаках. Для Вільні і ўсіх, хто тут жыве, гэта быў бы сапраўдны кашмар. Пад бела-чырвона-белым сьцягам дэмакратычная Беларусь уяўляецца ў Эўропе, у шэнгенскай зоне, дзе паміж ёй і Вільняй няма мяжы. Для цывілізаванага чалавека і яго любові гэтага больш чым дастаткова.

Добра, што ніхто на гэта не паддаецца ні сярод літоўцаў, ні сярод беларусаў. І, апроч скрухі ў вулічных мінакоў, ніякіх іншых пачуцьцяў тое «графіці» не выклікае. Дрэнна, што паліцыя асабліва не шукае таго ці то дробнага хулігана, які псуе выгляд гораду, ці то вар’ята, які пры тым дзейнічае ў інтарэсах Расеі і яе менскага філіялу. Ніякіх іншых інтарэсаў тут няма і быць ня можа.

Бывай здаровы! Чакаю твайго адказу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG