Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія забароніць частцы дзяржаўных службоўцаў наведваць Беларусь і Расею


Вайсковец Латвіі з нацыянальным сьцягам
Вайсковец Латвіі з нацыянальным сьцягам

Саэйма Латвіі ўводзіць новыя правілы перасячэньня дзяржаўнай мяжы, гэта тычыцца і латыска-беларускіх пераходаў.

Патрабаваньні для замежнікаў

Парлямэнт Латвіі падтрымаў папраўкі да закону «Аб дзяржаўнай мяжы». У краіне ўвядуць абмежаваньні для іншаземцаў, якія прыязджаюць у краіну, а таксама для грамадзянаў Латвіі, якія выяжджаюць у Расею і Беларусь.

Разгляд паправак ініцыявала парлямэнцкая камісія ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі.

Папраўкі прадугледжваюць патрабаваньне для замежнікаў, у якіх няма выдадзенай у Латвіі візы або дазволу на жыхарства, падаваць перад уездам у краіну канкрэтныя зьвесткі пра сябе, піша Delfi са спасылкаю на агенцтва LETA.

Грамадзяне трэціх краінаў, якія ня маюць выдадзенай у Латвіі візы або віду на жыхарства, будуць абавязаныя за 48 гадзінаў да ўезду ў Латвію паведаміць уладам мэту паездкі, меркаваны тэрмін перабываньня, месца пражываньня, маршрут перасоўваньня і кантактную інфармацыю. Таксама спатрэбіцца інфармацыя пра сфэру занятасьці і пра тое, ці не прэтэндаваў іншаземец на выбарную пасаду, ці ня мае цяпер ці ў мінулым статусу дзяржаўнага або муніцыпальнага службоўцы.

Трэба будзе падаць інфармацыю пра службу ва ўзброеных сілах, спэцслужбах, памежнай ахове, мытні, установах унутраных справаў, юрыдычных або замежных (уключна дыпляматычных) ведамствах.

Названыя патрабаваньні плянуюць увесьці зь верасьня. За адмову ці паданьне ілжывай інфармацыі можна атрымаць штраф да 2 тысяч эўра.

Абмежаваньні для грамадзян Латвіі

Акрамя таго, Саэйма падтрымала ў першым чытаньні законапраект «Аб абмежаваньні захадаў, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы». Закон прадугледжвае забарону на паездкі ў Расею і Беларусь для работнікаў дзяржаўнай сфэры Латвіі.

Аўтары законапраекту лічаць, што Расея і Беларусь узмацняюць захады выведкі супраць Латвіі і што для гэтай мэты для ўладаў гэтых дзяржаў карысны кожны грамадзянін Латвіі, які перасек мяжу. Нягледзячы на дакладныя рэкамэндацыі МЗС ня езьдзіць у Расею або Беларусь, колькасьць тых, хто наведвае гэтыя краіны, расьце.

Забарона на паездкі ў Расею і Беларусь, а таксама транзыт празь іх будзе тычыцца наступных грамадзянаў Латвіі:

  • у якіх ёсьць адмысловы дазвол на допуск да дзяржаўных сакрэтаў;
  • адказных за бясьпеку аб’ектаў крытычнай інфраструктуры;
  • працаўнікоў міністэрстваў абароны, унутраных справаў і юстыцыі;
  • работнікаў установаў, падпарадкаваных згаданым міністэрствам або міністрам, вайсковым аб’ектам, Бюро папярэджаньня і барацьбы з карупцыяй, падатковай і мытнай паліцыі;
  • службовых асобаў мытных органаў і Службы дзяржаўных даходаў;
  • працаўнікоў дыпляматычнай або консульскай службы;
  • працаўнікоў судовых або пракурорскіх установаў.

У выпадку парушэньня забароны працаўніка могуць звольніць са службы.

Каб законапраект набыў моц, яго мусяць падтрымаць у другім і трэцім чытаньнях.

Надведваньне памежнай зоны

Таксама плянуецца, што ў будучыні пропуск у прымежную зону грамадзянам трэціх краін будуць выдаваць толькі пры згодзе Службы дзяржаўнай бясьпекі Латвіі. Акрамя таго, прадугледжана, што ўжо выдадзеныя і дзейныя часовыя пропускі застануцца ў моцы ня больш як два месяцы з моманту ўступленьня паправак у сілу.

Аўтары зьмяненьняў адзначылі, што цяпер, у пэрыяд будаўніцтва памежнай інфраструктуры, рызыкі для нацыянальнай бясьпекі павышаныя, таму асаблівы парадак праверкі пропускаў трэба ўстанавіць да канца 2027 году. Закон «Аб дзяржаўнай мяжы» прадугледжвае, што асобам ад 15 гадоў для знаходжаньня ў прымежнай зоне неабходны адмысловы пастаянны або часовы пропуск, выдадзены памежнай службай.

Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, дзеля якога Лукашэнка прадаставіў расейцам тэрыторыю Беларусі, у рэгіёне вырасьлі рызыкі выведнай дзейнасьці і гібрыдных пагрозаў, адзначаюць заканадаўцы. Каб прадухіліць уезд асобаў, зьвязаных са спэцслужбамі гэтых краін, зь лютага 2022 году ў Латвіі ўзмацнілі міграцыйны кантроль.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG