Пракуратура Літвы пачала расьсьледаваньне па факце сьмерці амэрыканскіх вайскоўцаў, паведаміла Delfi з спасылкай на агенцтва BNS.
«Пачатае расьсьледаваньне для высьвятленьня прычын сьмерці», — сказала журналістам генэральны пракурор Літвы Ніда Грунскене.
На палігоне ў Падбродзьдзі (Pabradė) пасьпяхова выцягнулі бронемашыну, якая патанула ў балоце.
Апэрацыя пачалася каля 2:45 ночы і а 4:30 раніцы завяршылася. У ёй прынялі ўдзел дзьве аналягічныя ратавальныя машыны і два дадатковыя бульдозэры.
«Цяпер на месцы здарэньня працуюць амэрыканскія сьледчыя і літоўская вайсковая паліцыя. Мы ня можам даць больш інфармацыі аб актуальнай сытуацыі. Інфармацыі пра жаўнераў няма, але маем строгую дамоўленасьць, што амэрыканскі бок паведаміць пра гэта першым», — сказала LRT міністарка нацыянальнай абароны Літвы Давіле Шакалене.
- Чацьвёра амэрыканскіх вайскоўцаў і браняваны аўтамабіль зьніклі ў аўторак пасьля вучэньняў на палігоне Падбродзьдзе (Pabradė) у Літве.
- У заяве Ўзброеных сілаў Літвы гаварылася, што пра зьнікненьне стала вядома каля 16:45 мясцовага часу 25 сакавіка. Паведамлялі, што ў той жа дзень пачалі пошук з удзелам літоўскіх і замежных вайскоўцаў, ратавальных і пажарных службаў і што вызначана магчымае месца здарэньня.
- Камандаваньне Арміі ЗША ў Эўропе і Афрыцы пацьвердзіла зьнікненьне чатырох амэрыканскіх вайскоўцаў.
- Жаўнеры 1-й брыгады 3-й пяхотнай дывізіі былі на тактычных вучэньнях у часе зьнікненьня.
- Паводле паліцыі, 25 сакавіка ў 19:20 віленскія ўлады атрымалі паведамленьне, што салдаты зьніклі бязь вестак пасьля вучэньняў на палігоне Падбродзьдзе (Pabradė) ў Сьвянцянскім раёне на ўсходзе Літвы.
Форум