Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кая Калас: «Калі мы не падтрымаем Радыё Свабода, мы зробім падарунак аўтакратам усяго сьвету»


Кая Калас, архіўнае фота
Кая Калас, архіўнае фота

У Страсбургу адкрылася пленарная сэсія Эўрапейскага Парлямэнту. На ёй гавораць і пра будучыню Радыё Свабода.

Перад удзельнікамі сэсіі эўракамісарка Марта Кос зачытала пасланьне кіраўніцы эўрапейскай дыпляматыі Каі Калас.

Колішняя прэм’ер-міністарка Эстоніі выказалася ў абарону і падтрымку Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, якое апынулася на мяжы закрыцьця.

Кая Калас адзначыла, што цягам сямідзесяці гадоў на Радыё Свабода рабілі менавіта тое, што было на парадку дня і пра што гаварылі ў Эўразьвязе, а менавіта пра свабодную Эўропу і каштоўнасьць свабоды.

«Яны нясуць надзею тым, хто знаходзіцца пад жорсткай хваткай кантраляваных дзяржавай мэдыя і цэнзуры. Яны рабілі гэта двума спосабамі: па-першае, прыносілі навіны ў краіны, дзе ўлады цэнзуруюць прэсу; па-другое, дзейнічалі шляхам перакрыжаванага інфармаваньня. Гэта значыць, што „Радыё“, як яго ласкава называлі, расказвала палякам, што робяць вугорцы, а эстонцам — да чаго рыхтуюцца казахі.

І семдзесят гадоў гэтымі двума мэтадамі журналісты Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода давалі слухачам магчымасьць рабіць усьвядомлены выбар. Ведаць, што яны маюць свабоду выбару і што іхная воля мае значэньне.

Калі я была маладой дзяўчынай, для баўгараў, чэхаў, вугорцаў, палякаў, румынаў і крыху пазьней для тых з нас, хто жыў у краінах, акупаваных Савецкім Саюзам, фінансаванае ЗША Радыё Свабодная Эўропа раскрывала нашы вушы іншаму жыцьцю. Амэрыканская фінансавая падтрымка была „крыжовым паходам за свабоду“ — так называлася гэтая кампанія ў ЗША.

Але цяпер сьвет, на жаль, перажывае заняпад свабоды. Як падкрэсьлівалася ў сёлетняй справаздачы Freedom House, нават наймацнейшыя дэмакратычныя дзяржавы ня змогуць гарантаваць свабоду і дабрабыт сваім народам, калі цяперашнія тэндэнцыі захаваюцца».

Калас задала пытаньні: «Як думаеце, ці сёньня людзі хочуць сабе свабоды менш, чым тыя з нас, хто сядзеў у камуністычнай клетцы? Ці знізілася каштоўнасць свабоды? Ці патрэбна сьвету менш прыхільнікаў свабоды? Вядома, не».

З улікам вялікай колькасьці некантраляванага зьмесьціва сацыяльных сетак вырасла пагроза інфармацыйнаму асяродзьдзю, і таму журналістыка сёньня як ніколі важная.

Калас падкрэсьліла, што дэмакратычным краінам трэба абараняць Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода:

«Калі мы гэтага ня зробім, гэта будзе падарунак аўтакратам усяго сьвету. Бо ў гэты век несвабоды сьвету патрэбныя свабодныя журналісты, такія як Алсу Курмашава з Радыё Свабода, зьняволеная Расеяй паводле ілжывых абвінавачаньняў. Эўрапейскаму Зьвязу трэба аказваць ня меншую, а большую тэрміновую падтрымку журналістам, якія знаходзяцца ў групе рызыкі».

Калас адзначыла, што за апошняе дзесяцігодзьдзе Эўразьвяз дапамог больш як 12 000 журналістаў, пачынаючы ад падтрыманьня іхных законных правоў і заканчваючы фінансаваньнем журналісцкіх расьсьледаваньняў і дапамогай НДА, якія сочаць за свабодай прэсы.

«Эўрапейскі фонд за дэмакратыю будзе працягваць падтрымліваць незалежныя мэдыя ў абмежаваных умовах або ў такіх краінах, як Малдова, дзе расейскае ўмяшаньне пастаяннае і суправаджаецца вялікім фінансаваньнем».

Палітык падкрэсьліла, што сьвету трэба, каб Эўразьвяз быў прытулкам для незалежных мэдыя, у тым ліку з Расеі і Беларусі, каб яны маглі працягваць працу дзеля прыцягненьня да адказнасьці сваёй палітычнай і бізнэс-эліты і выкрыцьця карупцыі.

«Але ў гэтым сьвеце, дзе свабода высьлізгвае з нашых пальцаў, відавочна, мы павінны прыняць новы падыход да свабоды мэдыя, у тым ліку ў Эўрапейскім Зьвязе».

Кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі прывяла тры прыклады такога падыходу:

  • «Па-першае, праз Эўрапейскі акт аб свабодзе мэдыя, які будзе дзейнічаць у поўным аб’ёме ад жніўня сёлета. Гэта ня проста заканадаўчы акт. Гэта наша вестка сьвету, што Эўропа выступае за свабодныя мэдыя; што ў Эўропе мы змагаемся за тое, каб за журналістамі не шпіёнілі, калі яны працуюць, каб раскрыць праўду; што ў Эўропе грамадзкія мэдыя — не апірышча дзяржаўнай прапаганды, а ратавальнае кола для дэмакратычнага выбару.
  • Па-другое, свабодным мэдыя патрэбныя крытычныя чытачы і незалежныя мысьляры. Трэба, каб мы былі актыўнымі ўдзельнікамі. Мы ведаем, што хлусьня пасьпявае ахапіць палову сьвету, пакуль праўда яшчэ „нацягвае штаны“. Мы ведаем, што свабода слова — ня тое ж самае, што словы без хлусьні. Мы павінны быць крытыкамі крыніцаў. Павінны ўмець распазнаваць, дзе мэдыя свабодныя, а дзе не.
  • Па-трэцяе, дзеля свабоды мэдыя мы павінны больш эфэктыўна змагацца з замежнымі інфармацыйнымі маніпуляцыямі і ўмяшаньнямі (FIMI). Гэта ня проста дэзынфармацыя. Гэта не праблема камунікацыі. Гэта не „мая праўда супраць вашай праўды“. Гэта тактыка гібрыднай вайны, і яна патрабуе адказу, адпаведнага небясьпецы, якую яна нясе. Мы павінны выкрываць яе, караць вінаватых і ствараць уласны арсэнал для адпору ёй. Гэта тое, над чым мы зараз працуем».

У канцы Кая Калас дадала:

«Свабодная прэса ня ёсьць нешта дадзенае апрыёры. Яе цяжка здабыць і так лёгка страціць. Леташняя справаздача „Рэпартэраў бязь межаў“ паказвае гэта вельмі выразна. Калі мы хочам свабоднай прэсы, мы павінны змагацца за яе і абараняць яе штодня».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG